АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Мінздраў: карупцыя Курапаты Пенсійная рэформа ЧС-2018 Матулі 328:галадоўка Эканамічны крызіс Забойства Паўла Шарамета

«Каб дапамагчы іншым, трэба выжыць самому». Як сябе весці падчас тэракту

«Каб дапамагчы іншым, трэба выжыць самому». Як сябе весці падчас тэракту
04.06.2017
Парады на выпадак, калі мэтай тэрарыстаў апынецеся вы.


Паліцэйскі эксперт працуе на Лонданскім мосце ў нядзелю раніцай. У выніку суботняга тэракту ў гэтым месцы загінула сем і было паранена пяцьдзясят чалавек. Фота – Dylan Martinez / Reuters

 

Пазбягайце натоўпаў

 Тэракты часцей за ўсё ладзяцца ў публічных месцах з вялікай колькасцю людзей.

 «Тэрарысты плануюць аперацыі ў месцах, дзе могуць свабодна дзеяць і дзе іх не так лёгка ідэнтыфікаваць», — кажа Анджэй Мрочэк, эксперт у тэрарызме з варшаўскага Калегіум Цывітас.

 Асабліва прывабныя мэты для тэрарыстаў — метро і іншыя сродкі камунікацыі.

 У грамадскім транспарце лепш за ўсё выбіраць месцы ў сярэдзіне салона далей ад вокнаў (але памятаць, што вокны — гэта таксама і запасныя выхады).

 Дарэчы, пасажыры, якія стаяць, знаходзяцца ў большай бяспецы, чым тыя, хто сядзіць.

 У людных месцах неабходна ўважліва ставіцца да любых забытых рэчаў, скрыняў і любых прадметаў, якія выглядаюць дзіўна.

 Як распазнаць тэрарыста

 Распазнаць тэрарыстаў даволі складана: да пачатку сваёй акцыі яны імкнуцца зліцца з натоўпам. Занепакоіць павінныя супярэчнасці ў адзенні або паводзінах: напрыклад, калі нехта ў доўгім паліто ў цёплы дзень. Пад ім можа быць схаваная зброя або бомба.

 «Усё часцей тэрарысты — гэта прафесіяналы, — кажа «Белсату» Барыс Чыгін, адмысловец у супрацьдзеянні тэрору. — Гэта людзі, якія маюць за плячыма адмысловыя трэнаванні, а нават баявы досвед. Яны думаюць катэгорыямі тактыкі, дзеяць гэтак, каб было як мага болей ахвяраў, а таксама – куды будуць уцякаць людзі ў момант панікі, дзе эвакуацыйныя шляхі, дзе будуць хавацца ахвяры».

 Уцякай, хавайся, змагайся

 У крытычнай сітуацыі найлепшай парадай будзе: уцякаць, хавацца, змагацца.

 Уцякаць трэба адразу як толькі з’яўляецца пагроза. Калі нельга ўцячы, трэба схавацца, каб вас не заўважылі. Калі вы ў памяшканні, яго трэба паспрабаваць забарыкадаваць. У тэлефоне трэба выключыць гук і вібрацыю, а потым паспрабаваць звязацца са службамі ды паведаміць, дзе вы.

 Калі выйсця няма, варта даць тэрарысту адпор. Чыгін не пагаджаецца, што простыя людзі цалкам бяззбройныя, і сцвярджае, што абяззброіць моцнага мужчына можа нават дзяўчына.

 «Галоўныя нашыя козыры — гэта хуткасць і дыстанцыя да праціўніка, прастор, які мы мусім выкарыстаць, і час рэакцыі. Гэта можа ўратаваць жыццё нам ды іншым асобам», — кажа Чыгін.

 Як зброю можна выкарыстаць усё, што ёсць пад рукою: крэсла, сметніцу, ключы, торбу, валізку, заплечнік. Дапамагчы ў небяспечнай сітуацыі можа ўсё, што можна кінуць. Усё, чым можна біць.

 Калі тэракт ужо здзейснены, правіла тое ж — эвакуявацца. Апрацаваць раны найлепш у бяспечным месцы.

 Каб дапамагчы іншым, трэба выжыць самому

 Калі вы ў парадку, дапамажыце тым, хто побач.

 Калі паранены…

 …у свядомасці, дыхае сам — спыніць крывацёк, дапамагчы прыняць зручную позу;

…без прытомнасці, дыхае — пакласці на бок, спыніць крывацёк;

…без прытомнасці, не дыхае — пачаць сардэчна-лёгачную рэанімацыю.

 Ўсім адразу не дапаможаш — ахвяраў трэба «адсартаваць», раіць Lifehacker: спачатку ратаваць тых, хто жывы, дыхае сам, але моцна паранены, страціў шмат крыві, знаходзіцца без прытомнасці.

 Другія ў чарзе — параненыя ў стане свядомасці. Апошнімі павінныя атрымліваць дапамогу тыя, хто знаходзіцца ў свядомасці і здольны перасоўвацца.

 Гучыць жорстка, але непрытомным, якія не здольныя дыхаць, павінныя дапамагаць медыкі. У надзвычайных сітуацыях на іх ёсць час толькі ў самы апошні момант: занадта каштоўнае жыццё тых, каго яшчэ дакладна можна выратаваць.

 

Паводле Белсат



Дата стварэння навіны 04.06.2017

Возврат к списку

cashback