АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Выбары-2019 Змена ўраду Атака на СМІ Мінздраў: карупцыя Курапаты Пенсійная рэформа Забойства Паўла Шарамета

У Мінску паказалі беларускамоўны мюзікл «Чыгунка», у якім іграюць дзеці з аўтызмам

У Мінску паказалі беларускамоўны мюзікл «Чыгунка», у якім іграюць дзеці з аўтызмам
04.06.2017
Адметнасць пастаноўкі заключаецца ў тым, што на адной сцэне іграюць як звычайныя, так і асаблівыя дзеці.

У Мінску пад адкрытым небам паказалі беларускамоўны мюзікл «Чыгунка», у якім разам са звычайнымі акцёрамі іграюць дзеці з аўтызмам.

Інтэрактыўны спектакль сабраў на Дзіцячай чыгунцы 35 акцёраў і больш за 300 гледачоў, а асаблівы каларыт пастаноўцы надало прыбыццё сапраўднага цягніка, распавялі ў Сямейным інклюзіў-тэатры «i» і кампаніі velcom, якія выступілі арганізатарамі тэатральнага свята.

 Пастаноўка была прымеркавана да Міжнароднага дня абароны дзяцей і паказана бясплатна для ўсіх жадаючых. Перад публікай выступілі 35 акцёраў, у тым ліку дзеці з аўтызмам, і 50 юных чыгуначнікаў. У якасці асноўнай дэкарацыі - перон Дзіцячай чыгункі, які атрымалася гарманічна звязаць з сюжэтам п'есы, паведамляе Наша Ніва.

 Перад спектаклем выступіў маладзёжны тэатр «Кола», які здолеў уцягнуць гледачоў у тэатральнае дзейства і здзівіць шоў з дрэсіраваным сабакам. Пасля «разагрэву» на станцыю прыбыла «Чыгунка»: юныя акцёры Сямейнага інклюзіў-тэатра ўвасабілі на сцэне сюжэт п'есы, напісанай хлопчыкам з аўтызмам. Пасля спектакля гледачам і юным акцёрам раздалі паветраныя шары і прапанавалі здзейсніць паездку па дзіцячай чыгунцы.

 Мюзікл «Чыгунка» не мае аналагаў у свеце. П'еса напісана на беларускай мове па казцы дзіцяці з аўтызмам Кастуся Жыбуля. Яна распавядае пра сяброўства, дабро і права на памылку. У «Чыгунцы» шмат іншасказанняў, адсылак да вядомых твораў, у тым ліку Янкі Маўра, Карнея Чукоўскага, Люіса Кэрала і Уільяма Шэкспіра. У ёй падкрэсліваецца унікальнасць кожнага чалавека, уменне паважаць і прымаць асаблівасці іншых людзей.

 «Спектакль пад адкрытым небам стаў для гледачоў цікавым вопытам. Юныя акцёры пастаянна ставяць сабе больш складаныя задачы і гатовыя іграць як на прафесійнай сцэне, так і пад адкрытым небам, - адзначыў начальнік аддзела карпаратыўных камунікацый velcom Вячаслаў Смірноў. - Усяго за паўтара года Сямейны інклюзіў-тэатр «i» стварыў калектыў, які змяняе людзей і дае надзею на тое, што грамадства будзе гатова прыняць «асаблівых» хлопчыкаў і дзяўчынак і дасць ім шанец праявіць свае таленты».

 

Такога ж меркавання прытрымліваюцца і ў Сямейным інклюзіў-тэатры. «Пастаноўка стала вялікай падзеяй не толькі для дзяцей, якія ў ёй задзейнічаны. Гледачы, якія прынялі ўдзел у тэатральным свяце, былі прыемна здзіўлены тым, што ўбачылі. Хоць, калі шчыра, мы моцна перажывалі, што ўсё можа пайсці не так. Але нашы маленькія акцеры былі сабранымі і праявілі свае здольнасці першакласна, - прызналася мастацкі кіраўнік Ірына Пушкарова. - Такія мерапрыемствы дазваляюць змяніць стаўленне грамадства да дзяцей з аўтызмам».

 

Спектакль «Чыгунка» - вынік супрацоўніцтва Cямейнага інклюзіў-тэатра і кампаніі velcom, а падрыхтоўкай юных акцёраў бязвыплатна займалася творчая студыя Ірыны Пушкаровай. Прэм'ера спектакля з поспехам прайшла 2 красавіка ў Мінску. Адметнасць пастаноўкі заключаецца ў тым, што на адной сцэне іграюць як звычайныя, так і асаблівыя дзеці. На дадзены момант гэта самы маштабны інклюзіўны спектакль, які калі-небудзь ставілі з удзелам дзяцей з аўтызмам ў СНД і Усходняй Еўропе.



Дата стварэння навіны 04.06.2017

Возврат к списку