АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Раскол праваслаўя Змена ўраду Атака на СМІ Мінздраў: карупцыя Курапаты Справа Федынiча Забойства Паўла Шарамета

«Курганы шмат чаго нам гавораць»: у Мінску прагучыць рок-опэра на «прароцкую» паэму Янкі Купалы і музыку Лучанка і «Песняроў»

 «Курганы шмат чаго нам гавораць»: у Мінску прагучыць рок-опэра на «прароцкую» паэму Янкі Купалы і музыку Лучанка і «Песняроў»
04.06.2017
7 чэрвеня ў Дзяржаўнай філярмоніі адбудзецца канцэрт «Як на свет нарадзіўся Янка».

 Праект прысвечаны наступаючаму 135-годдзю класіка беларускай літаратуры Янкі Купалы і адметны тым, што на канцэрце прагучыць рок-опера «Курган» на словы Янкі Купалы і музыку Ігара Лучанка і Ўладзіміра Мулявіна.

Аўтар праекту канцэрту паэт Андрэй Скарынкін распавёў Свабодзе, у чым унікальнасць гэтага праекту:

«Гэтая паэма — адзін з шадэўраў Янкі Купалы. Яна пра адносіны простага чалавека і ўлады, але гэта ня проста літаратурны шэдэўр, а сваеасаблівае прароцтва, якое сёньня як ніколі гучыць актуальна, бо зноў абвастрыліся адносіны ўлады з простым чалавекам, зноў багацьце і ўлада сталі мерай маралі і мы зноў шукаем адказ на пытаньне, ці гэта добра?

На маю думку, рок-опэра „Курган“ — гэта сваеасаблівая спроба праз выдатную музыку Ігара Лучанка і паэзію Янік Купалы знайсьці адказ на гэтае цяжкае пытаньне».



Янка Купала. Фота 1919 году

Паэму «Курган» Янка Купала напісаў у Санкт-Пецярбургу ў 1910 годзе — у часы паміж дзвюма расійскімі рэвалюцыямі, калі расчараванне вынікамі адной рэвалюцыі паступова выцяснялася спадзяваннямі на другую і адначасова бояззю, што гэта рэвалюцыя можа стаць катастрофай. Чым гэтыя настроі блізкія людзям, якія жывуць у 2017 годзе?

 

«Сюжэт "Кургана" такі: гусляр на вяселлі ў князя адмовіўся спяваць творы на замову, хаця князь абяцаў яму шмат золата, а сьпеў тое, што спадабалася простым людзям, але разгневала князя і той загадаў жыўцом закапаць гусьляра ў курган. З тых часоў раз на год гусьляр выходзіць і сьпявае, і ягоную песьню чуюць усе: „Кажуць, калі б хто зразумеў голас той, не зазнаў бы ніколі ўжо гора. Можна тут веру даць. Толькі слухаць душой, курганы шмат чаго нам гавораць“», — Скарынкін працягвае сваю думку вершам з паэмы Янкі Купалы.

 Як з’явілася рок-опэра «Курган» і якое дачыненьня да яе мае лідэр легендарных «Песняроў» Ўладзімір Мулявін? Скарынкін распавёў:

 «У 1963 годзе малады кампазытар, яшчэ студэнт кансэрваторыі Ігар Лучанок напісаў кантату для хору і аркестру на паэму Янкі Купалы „Курган“. Потым у 1972 годзе Ўладзімір Мулявін з „Песнярамі“ перапрацавалі кантату Ігара Лучанка ў музычную паэму-легенду „Гусьляр“. Яна загучала па-новаму, фактычна ў яе ўжо два аўтары музыкі — Лучанок і Мулявін.

 

 А ў 2010 годзе, да стогадовага юбілею паэмы „Курган“ на просьбу Ігара Лучанка папрацаваць над гэтым творам давялося мне. Шмат што было перароблена, дапоўнена, зьменена і ў музыцы і ў вершах, бо раней не ўсё з паэмы Купалы гучала. Нам удалося зрабіць гэтак, што кожны радок загучаў. Нават быў знойдзены ўступ да паэмы, які Янка Купала напісаў яшчэ ў 1909 годзе. Зараз гэты ўступ гучыць у выглядзе інтрадукцыі да рок-опэры, музыку да інтрадукцыі напісаў музыка, самародак у сваёй справе Святаслаў Пазьняк.

 

Першы раз рок-опэра прагучала ў Хойніках на сьвяце беларускай паэзіі, праз год рок опэру выконвалі на сцэне Музычнага тэатра, у 2012 годзе яна гучала ў Маладзечна на фэстывалі беларускай песьні і паэзіі. Яшчэ былі выкананьні ў 2013 і 2016 гадах і вось цяпер новая магчымасьць паказаць рок-опэру „Курган“ беларускім гледачам — у Дзяржаўнай філярмоніі. Атрымліваецца амаль дакладна як у паэме Янкі Купалы — штогод гусьляр з’яўляецца і нагадвае людзям пра сваё прароцтва і пра іх чалавечы абавязак».

 

У другім аддзяленні канцэрту «Як на свет нарадзіўся Янка» 7 чэрвеня прагучаць беларускія песні, у тым ліку твор «Янка Купала», напісаны кампазітарам Уладзімірам Буднікам на словы Ўладзіміра Някляева

па інф. радыё Свабода

Дата стварэння навіны 04.06.2017

Возврат к списку