АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Атака на СМІ Мінздраў: карупцыя Курапаты Пенсійная рэформа Матулі 328:галадоўка Эканамічны крызіс Забойства Паўла Шарамета

"Беларуская зіма" ў Белым доме. Як карціна з Лагойска трапіла ў калекцыю Джорджа Буша

"Беларуская зіма" ў Белым доме. Як карціна з Лагойска трапіла ў калекцыю Джорджа Буша
04.06.2017
Сяргей Давідовіч — аўтар зімовага пейзажа "Санны шлях" падарыў карціну экс-прэзідэнту ЗША Джорджу Бушу-старэйшаму.

Цікавыя гісторыі са свайго жыцця расказаў МЛЫН.BY Сяргей Давідовіч.  

Сяргей Давідовіч — чалавек дастаткова вядомы. Таленавіты мастак і пісьменнік, ганаровы жыхар Лагойска, дзе мастацкая галерэя названа ў яго гонар. У мінулым Сяргей Фёдаравіч, дарэчы, — падпалкоўнік міліцыі. З юнацтва пісаў вершы і прозу, а ў 50 год узяў у рукі пэндзаль. На днях наш герой прэзентаваў шасцітомны зборнік уласных твораў і разам з тым расказаў МЛЫН.BY пра незвычайныя шляхі сваіх палотнаў.

— У 1991 годзе я трапіў на прыём у Белы дом у складзе афіцыйнай дэлегацыі Вярхоўнага Савета БССР і падарыў тагачаснаму амерыканскаму прэзідэнту Джорджу Бушу-старэйшаму сваю карціну “Санны шлях”. Гэты беларускі зімовы пейзаж вельмі яго крануў. Мы вярнуліся на радзіму, і праз некаторы час я атрымаў ліст з Вашынгтона. Гэта была падзяка ад амерыканскага лідара, я захоўваю яе дагэтуль.


Мастак і пісьменнік  адзначае, что самая вялікая ўзнагарода для аўтара — калі яго творчасць робіць станоўчы ўплыў на чалавека, адпавядае інтарэсам беларусаў. Сяргей Фёдаравіч паказвае карціны, прысвечаныя чарнобыльскай трагедыі.

 — Прыемна ўсведамляць, што дзякуючы некаторым карцінам з гэтага цыкла на бясплатнае аздараўленне ў Аўстрыю ў свой час змаглі з’ездзіць каля сотні беларускіх дзетак.

У першыя гады пасля выбуху на Чарнобыльскай АЭС у Еўропе пацярпелым вельмі спачувалі. Карціны Сяргея Давідовіча, якія расказвалі пра  трагедыю і яе наступствы, аб’ездзілі і ўскалыхнулі амаль увесь свет.


— Пару сваіх работ я тады перадаў беларускаму фонду і пакінуў распіску, што адмаўляюся ад ганарару і прашу прадаць гэтыя карціны, а выручаныя сродкі накіраваць на аздараўленне дзетак, што і было зроблена, — расказаў мастак. — Праўда, зараз у Еўропе хапае іншых праблем, замежныя дабрачынныя арганізацыі скарачаюць фінансавую дапамогу беларусам. Але ў мінулым годзе наша пасольства ў Германіі ізноў паказала немцам мае карціны, прысвечаныя чарнобыльскай трагедыі. Пасля мне тэлефанаваў пасол і паведаміў, што немцы хапаліся за галаву — так іх узрушылі мае работы, дзе адлюстраваны   наступствы таго выбуху. Але галоўнае — пасля гэтага нямецкія фонды аднавілі фінансаванне па чарнобыльскай лініі.

 Далей Сяргей Фёдаравіч паказвае карціны, так бы мовіць, спартыўнага зместу: баба з дзедам навыперадкі спускаюцца на лыжах з горкі ў “Сілічах”, потым гэтыя ж персанажы гоняць адно аднаго клюшкамі, замест таго каб гуляць у хакей. А вось маленькая ўнучка пасадзіла старога дзеда на веласіпед і трэніруе яго.

 

— Я вельмі люблю дзяцей і старых, астатніх людзей проста люблю, — смяецца мастак. — “Пасадзіў” бы я на веласіпед маладога  хлопца — была б звычайная карціна.

Дарэчы, рэпрадукцыі гэтых работ мастака з’явіліся на паштоўках — яны выдадзены шматтысячнымі тыражамі і “ездзілі” ажно на тры Алімпіяды: у Ванкувер, Пекін і Лондан.

 — Дэлегацыі беларускіх спартсменаў вазілі тыя паштоўкі ў якасці падарункаў. Толькі ў кітайскую сталіцу бралі 400 камплектаў, і гэтага аказалася мала. Нашы чэмпіёны мне потым расказвалі, што іх замежныя калегі імгненна ўсё паразбіралі, — прыгадвае Сяргей Давідовіч.

Тэма вясковага жыцця працягваецца і ў іншых карцінах майстра.

— Тут баба не дачакалася свайго дзеда, пайшла шукаць і знайшла пасярод поля — ён там заснуў. А вось бабка сядзіць за сталом з лыжкай і камандуе дзеду, каб той хутчэй з печы ежу даставаў. Я так і назваў карціну: “Матрыярхат”.

  — Адкуль такія гумарыстычныя сюжэты? — пытаемся ў аўтара.


— Я добра ведаю сялянскі быт. Хоць сам даўно жыву ў горадзе, аднак застаўся абсалютна вясковым чалавекам, — адказвае Сяргей Давідовіч. ­— Людзі, побач з якімі я рос, былі малапісьменнымі, не вельмі багатымі, але мелі настолькі шчодрую душу, што варта толькі павучыцца. Мне падабаецца адлюстроўваць іх уклад жыцця, іх мудрасць.

— Сяргей Фёдаравіч, вашы карціны з аншлагам аб’ездзілі амаль увесь свет. Калі чакаць маштабную выставу ў Мінску?

— Я магу зрабіць такую выставу, тым больш ёсць нагода: адзначаю сёлета 75-гадовы юбілей. Але, скажу шчыра, крыху стаміўся. За ўсё жыццё арганізаваў каля 50 экспазіцый і ведаю, якая гэта тэхнічна складаная справа. Ёсць прапанова выставіць свае работы ў Нацыянальным гістарычным музеі на вуліцы Карла Маркса, і я над ёй разважаю. А ўвогуле — прыязджайце лепш у мастацкую галерэю ў Лагойск! Там усё і ўбачыце.



Дата стварэння навіны 04.06.2017

Возврат к списку