АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Мінздраў: карупцыя Курапаты Пенсійная рэформа ЧС-2018 Матулі 328:галадоўка Эканамічны крызіс Забойства Паўла Шарамета

Трамп сам аддае глабальнае першынство Кітаю

Трамп сам аддае глабальнае першынство Кітаю
02.06.2017
Заміж таго, каб выконваць свае абяцанні і рабіць Амерыку вялікай, Дональд Трамп сам аддае сусветнае першынство іншым краінам — найперш Кітаю.

Фота: Reuters

Такое меркаванне ў гутарцы з Еўрарадыё выказала кансультант па кліматычнай палітыцы таварыства "Зялёная сетка" Настасся Бекіш, каментуючы выхад ЗША з Парыжскага пагаднення.

Нагадаем, што Парыжскае пагадненне 2015 года рэгулюе меры па зніжэнні вуглякіслага газу ў атмасферы. Напярэдадні прэзідэнт ЗША Дональд Трамп заявіў пра выхад Амерыкі з гэтага пагаднення.

Па словах Настассі Бекіш, выхад ЗША з гэтага пагаднення паўплывае на самі Злучаныя Штаты. Штаты ўжо цяпер перажываюць разбуральныя ўраганы на Атлантычным узбярэжжы і засухі на заходнім узбярэжжы ЗША. Негатыўныя наступствы зменаў клімату будуць узмацняцца.

Ад наступстваў змены клімату пацярпяць і краіны, якім ужо цяпер патрабуецца дапамога — гэта бедныя астраўныя краіны і дзяржавы Афрыкі. Бо ЗША заявілі, што не будуць укладаць грошы ў Зялёны кліматычны фонд, з якога ідзе дапамога такім краінам.

Выхад з Парыжскага пагаднення паўплываюць і на эканоміку ЗША. Дзеянні Трампа даюць сігнал інвестарам і банкірам, што не варта развіваць узнальяльную энергетыку. Парыжскае пагадненне патрабуе пастаянных дзяржаўных інвестыцыяў ва ўзнаўляльныя крыніцы энергіі (УКЭ). Сёння ў гэтым сектары дадаецца каля мільёна працоўных месцаў у год. Толькі ў сонечнай энергетыцы ў Штатах сёння працуюць больш людзей, чым у вугальнай, кажа Бекіш. Астатнія ж краіны плануюць развіваць УКЭ далей, асабліва гэта датычыць Кітая, які пачынае займаць першае месца ў гэтай сферы.

Бекіш: "Атрымліваецца, што ЗША добраахвотна адмаўляюцца ад сваёй магчымай ролі лідара ў гэтай галіне і пакідаюць гэтую сферу Кітаю. І Кітай з радасцю возьме на сябе ролю глабальнага лідара".

Паўплываюць змены клімату і на Беларусь, хаця мы і знаходзімся ў больш спрыяльных кліматычных умовах. Ужо цяпер у нашай краіне на поўнач ссоўваюцца кліматычныя зоны: на поўдні Беларусі клімат амаль такі ж, як у Кіеве. Адпаведна змяняюцца, напрыклад, сельскагаспадачыя культуры, якія трэба вырошчваць у нашых шыротах.

Будзе павялічвацца колькасць экстрэмальных прыродных з'яваў: ураганы, засухі, замаразкі, якія адбываюцца ў нетрадыцыйны для іх час.

Ужо цяпер улетку Беларусь перажывае хвалі спёкі, што небяспечна для людзей з сардэчна-сасудзістымі захворваннямі. Зімы ў нас сталі амаль бясснежнымі, з-за чаго становяцца больш плыткімі рэкі, сохнуць дрэвы. Гэта, у сваю чаргу пагражае ляснымі пажарамі, асабліва небяспечнымі на поўдні краіны. У выніку такіх пажараў, кажа Бекіш, радыёнукліды, якія пасля катастрофы на Чарнобыльскай АЭС ужо аселі ў глебе і раслінах, зноў пераносяцца далей. А гэта пастаяннна пагражае тэрыторыі Беларусі паўторным радыяцыйным забруджваннем.




Дата стварэння навіны 02.06.2017

Возврат к списку

cashback