АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Выбары-2019 Змена ўраду Атака на СМІ Мінздраў: карупцыя Курапаты Пенсійная рэформа Забойства Паўла Шарамета

У суботу ў Верхнім горадзе будзе глабальны Дзень Швецыі

У суботу ў Верхнім горадзе будзе глабальны Дзень Швецыі
02.06.2017
У суботу, 3 чэрвеня, мінчукі могуць з галавой акунуцца ў шведскую атмасферу. Гэты дзень стане кульмінацыяй і завяршэннем Тыдня Швецыі ў Мінску.

Хто не паспеў цягам тыдня пакаштаваць граўлакс, суп з шыпшыны ці смёргасторт — традыцыйныя шведскія стравы — той зможа адведаць сёе-тое на вялікім фудкорце, што будзе працаваць на плошчы Свабоды.

На галоўную сцэну выйдуць хор Concordia і сімфанічнае трыа «Вытокі». У выкананні кавер-бэнда Пятра Клюева загучаць хіты ABBA, Ace of Base, Roxette, The Cardigans. Танцавальны гурт «Legion Street Dancers» будзе рухацца з публікай у рытме брэйку і хіп-хопу.

Увечары для жыхароў і гасцей сталіцы будзе граць зорны шведскі гурт Secret Service. Распачнуць вечаровы канцэрт а 20-й гадзіне фiналiсты сёлетняга «Еўрабачання» — гурт Naviband.

У дворыку з фантанам, на Музычным завулку 1/2, можна будзе паслухаць прэзентацыю паэтычнага зборніка шведскага Нобелеўскага лаўрэата Тумаса Транстромера на беларускай мове. У імпрэзе бяруць удзел удава паэта Моніка Транстромер i шведскі даследчык Ніклас Шолер. Тут жа можна будзе ўбачыць выставы «Швецыя вачыма беларусаў», «Швецыя ў Беларусі» i выставу Шведскага Інстытута «Жыццёвая мазаіка». Акрамя таго, госці змогуць паглядзець пастаноўку па п’есе Стрындберга «Фрокен Жулі». Кожны, хто завітае ў дворык з фантанам, зможа паўдзельнічаць у літаратурнай віктарыне і атрымаць падарунак.

У дворыку ля гатэля «Манастырскі» ў Музычным завулку будуць прэзентаваць навучальныя праграмы Шведскага Інстытута і Стакгольмскай школы эканомікі. Ахвотныя змогуць трапіць на майстар-клас па традыцыях святкавання Сярэдзіны лета ў Швецыі, далучыцца да ўроку шведскай мовы і паспытаць шчасця ў латарэі «Спазнай Швецыю», пиша nn.by

На арт-тэрасу Канцэртнай залы «Верхні горад» можна смела адпраўляцца з дзецьмі, для іх тут будзе спецыяльная праграма: дзіцячыя спектаклі, чытанні, майстар-класы па матывах шведскіх казак пра Піпі Доўгую Панчоху, Маму Му і Крумкача, Пэтсана і Фіндуса, Віту Белую Крэску і Снежнага чалавека. Тут жа будзе працаваць фотазона. З іншага боку плошчы, каля гарадскiх вагаў, будзе працаваць дзiцячая гульнявая зона.

На пляцоўцы ля рэстарана «Рэнесанс» можна будзе паўдзельнічаць у майстар-класе па фларболе, далучыцца да фітнэс-трэніроўкі, узяць удзел у турніры па настольным хакеі і тэнісе або заняцца скандынаўскай хадой.

У свяце таксама возьме ўдзел Клуб рэканструктараў, які будзе знаёміць беларусаў з рыштункам, гульнямі і традыцыямі вікінгаў.

 Дзень Швецыі на плошчы ладзіць Пасольства Швецыі ў Беларусі разам з Мінскім гарвыканкамам.



Дата стварэння навіны 02.06.2017

Возврат к списку