АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Раскол праваслаўя Змена ўраду Атака на СМІ Мінздраў: карупцыя Курапаты Справа Федынiча Забойства Паўла Шарамета

Што сёння глытаюць дзеці?

Што сёння глытаюць дзеці?
01.06.2017
У калекцыі дзіцячага хірурга, загадчыка аддзела дзіцячай хірургіі РНПЦ Аляксандра Свірскага — ад пацерак да магнітных цацак.

 Ён штодня дастае розныя прадметы з дзіцячых страўнікаў. І кажа: «Хірург — не Бог. Ён не можа справіцца з наступствамі пасля аперацыі». 

 Дзіця пазнае гэты свет праз рот

«Мы рэгулярна выступаем на радыё, тэлебачанні, чытаем лекцыі, але дзяцей у нас у аддзяленні менш не становіцца, — з сумам кажа Свірскі. — Уся праблема ў тым, што народ заўжды цікавіцца: «А што будзе, калі…?». І пачынае есці нейкія прадметы. Дзеці — як губкі, якія намагаюцца ўвабраць у сябе паболей інфармацыі. А дзіцё пазнае гэты свет праз рот. Усё, што блішчыць, трэба паспрабаваць. Бо смак — адзін з самых старажытных філагенетычных адчуванняў».

Менавіта таму, што гэтыя адчуванні закладзеныя ў падсвядомасці, дзіцяці, калі падыходзіць да паліклінікі, пачынае плакаць. Чаму дзіцё баіцца паліклінікі? Бо ў падсвядомасці закладзены пахі, смакі і гукі, якія калісьці яму адбіліся.

«Наш народ незабіваемы, — іранізуе Свірскі, — ён робіць тое, што рабіць нельга. Такое адчуванне, што некаторыя задаюць сабе пытанні: а што будзе, калі праглынуць батарэйку, выпіць шчолач ці пакаштаваць сродак бытавой хіміі «Крот»?».

 

 

Што сёння глытаюць дзеці?

З прадметаў, якія дастаюцца з дзіцячых страўнікаў, у аддзяленні ўжо зроблены цэлы музей. Сёння ў хірургічны цэнтр паступаюць дзеці, якія праглынулі манеты, шчыпчыкі для пазногцяў, каралі, ключы… Але сярод мноства рэчаў, якія дзеці глытаюць, ёсць і небяспечныя: тыя, праз якія дзіця можа застацца інвалідам.

Вельмі небяспечнымі для малых з’яўляюцца плоскія батарэйкі. Элементу сілкавання патрэбна літаральна гадзіна, каб апекчы страўнік ці стрававод. Тут дзіцяці можа не выратаваць нават безліч аперацый. А калі батарэйка апякла трахею, то дзіцё зможа дыхаць толькі праз спецыяльную трубку.

Небяспечнымі для малых з’яўляюцца і магнітныя цацкі: «Была сапраўдная бяда, калі сталі выпускаць такія цацкі, бо дзеці сталі іх глытаць. Дзесяць-пятнаццаць аперацый — і мы выйшлі на іх вытворцу. Мы сталі абурацца, і тыя цацкі, дзякуй Богу, перасталі вырабляць».

Не знайсці зараз у крамах і воцатныя эсэнцыі. Выпадкі, калі дзеці глыталі і апякаліся былі частыя, таму лекары дамагліся забароны іх продажу.

 

Атручваюцца дзеці і сродкамі бытавой хіміі, асабліва грануляванымі. Свірскі рэкамендуе схаваць гэтыя сродкі падалей ад дзіцячых вачэй.

 

Амаль штодня да хірурга прывозяць дзяцей, якія праглынулі дэталі канструктара ЛЕГА, якія могуць быць таксама небяспечнымі. Справа ў тым, што калі цацкі вырабляюць кітайцы, то яны пры вырабе не ўносяць спецыяльны рэнтген-кантрасны матэрыял: «Сапраўдны ЛЕГА мы бачым на здымках, то бок бачым праглынуты прадмет, які трэба даставаць. Калі дзіцё праглынула падробку, то мы проста не зможам сказаць, дзе менавіта знаходзіцца дэталька».

 

Дэталі ЛЕГА дзеці глытаюць амаль штодня

Пасля ўвядзення ў абарачэнне манет у Дзіцячы хірургічны цэнтр сталі паступаць дзеці, якія іх праглынулі. Калі раней у дактароў была калекцыя «замежнай валюты», то зараз яна, у асноўным, складаецца з айчыннай нумізматыкі, якая выцягваецца са страўнікаў дзяцей.

 

Што рабіць бацькам?

Каб зменшыць рызыку няшчасных выпадкаў, звязаных з дзецьмі, Свірскі раіць памятаць пра тры «ніколі»: ніколі не пакідаць дзіця без увагі, ніколі не ленавацца заглядаць да малога, калі той гуляецца ў іншым пакоі, ніколі не пакідаць малое сам на сам з хатнімі жывёламі.

 

«Бацькам, калі яны знаходзяцца з дзецьмі, варта ствараць для малых своеасаблівае поле бяспекі. Гэта проста: трэба апусціцца на калені, да ўзроўню вачэй дзіцяці, і паглядзець, як выглядае пакой вачыма малога. Варта прыбраць з полю зроку ўсе мыючыя сродкі, батарэйкі, манеты і бабуліны лекі! Якраз лекі звычайна знаходзяцца ў прыгожай абгортцы, якая нібы сарок прываблівае малых. Яны гэтыя таблеткі і глытаюць. І пасля, калі своечасова не прамыць страўнік, дзіцё можна не ўратаваць», — падсумоўвае Свірскі.

 

Манеты ад дзяцей трэба прыбраць! (Ілюстрацыйнае фота)

Да дзіцяці варта ставіцца пільна, калі ён з нечым гуляецца. Калі бацькі пабачылі, што малое пачало кашляць, то трэба прымаць захады: хутчэй за ўсё, дробная гулька трапіла ў дыхальныя шляхі. Небяспека ў тым, што прадмет можа укараніцца ў трахеі. Калі гэта так, то дзіцё пачне задыхацца. Бацькам трэба тэрмінова выклікаць хуткую, а пасля апусціць дзіцё ўніз, пакласці на жывот і стукаць далонню паміж лапаткамі і па бакавых паверхнях грудной клеткі, каб ён адкашляўся: «Але калі нешта патрапіла ў трахеі, то вы можаце страціць дзіцё за некалькі хвілін».

Бацькі не заўсёды могуць пабачыць, што дзіцё нешта праглынула. Часам, калі малое нешта праглынула, то яно будзе баяцца сказаць пра гэта дарослым. Але калі ў яго цячэ сліна, то гэта прыкмета — усё ж такі з’ела нейкі прадмет.

Закашляцца дзіця можа не толькі праглынуўшы цацку, але і ад семечак ці арэхаў. Па гэтай прычыне Свірскі настойліва рэкамендуе арэхі таўкці і тэрмічна апрацоўваць. І толькі пасля — даваць малому.

 

 

«Дзіцю трэба даваць ежу па ўзросце. Жуйкі ўвогуле не варта даваць да дзесяці гадоў. Калі жывяце ў Беларусі, то першыя гады малому трэба харчавацца беларускай садавінай. Ачышчайце вішні ад костак. І наогул, бацькам варта прывучаць дзяцей да культуры харчавання. Ёсць працэс прыняцця ежы, таму за сталом не варта скакаць і гарэзнічаць. Не хоча есці — не прымушайце. Праз дзве гадзіны прыйдзе і з’ясі тое, што яму далі».

Аляксандр Свірскі заклікае бацькоў быць пільнымі. За некалькі секунд, пакуль бацькі перастаюць сачыць за дзецьмі, малыя могуць пераўтварыцца ў інвалідаў.

па інф. novychas.by


Дата стварэння навіны 01.06.2017

Возврат к списку