АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Змена ўраду Атака на СМІ Мінздраў: карупцыя Курапаты Пенсійная рэформа Эканамічны крызіс Забойства Паўла Шарамета

Моўная катастрофа: за 10 гадоў колькасць беларускамоўных школьнікаў скарацілася ўдвая

Моўная катастрофа: за 10 гадоў колькасць беларускамоўных школьнікаў скарацілася ўдвая
31.05.2017
У гэтым навучальным годзе 128 600 беларускім дзецям прадметы выкладаліся па-беларуску.

13,3% ад агульнай колькасці школьнікаў — найніжэйшая лічба за ўсе гады.

Гэта свежыя дадзеныя Белстата, апублікаваныя ў адпаведным статыстычным даведніку.

Паглядзіце, як год за годам русіфікацыя паўзе па сістэме адукацыі, піша Наша ніва. За апошнія 10 гадоў колькасць беларускамоўных вучняў зменшылася са 246 да 129 тысяч чалавек.

Колькасць школьнікаў па мове навучання ў 2016/2017.

Руская мова — 838 400 вучняў (86,6%)

Беларуская мова — 128 600 вучняў (13,3%)

Польская і літоўская мова — 900 вучняў (0,1%)

Колькасць школьнікаў па мове навучання ў 2011/2012.

Руская мова — 752 300 вучняў (82,1%)

Беларуская мова — 163 400 вучняў (17,8%)

Польская і літоўская мова — 800 вучняў (0,1%)

Колькасць школьнікаў па мове навучання ў 2006/2007.

Руская мова — 898 600 вучняў (78,5%)

Беларуская мова — 245 900 вучняў (21,5%)

Польская і літоўская мова — 700 вучняў (менш за 0,05%).

Калі глядзець на сітуацыю па рэгіёнах, то ў Мінску яна выглядае катастрафічнай — па-беларуску навучаецца 1,8% дзяцей.

Станоўчая тэндэнцыя зафіксаваная толькі на Віцебшчыне (за год колькасць беларускамоўных вучняў вырасла з 11,3% да 11,6%) і Гомельшчыне (з 12,1% да 12,4%). Гэта першыя выпадкі такога кшталту пачынаючы ад 2010 года.

 Пры канцы савецкага часу, у 1988 годзе доля беларускамоўных школьнікаў складала 22%. Гэта быў вынік савецкай русіфікацыі, якая вялася пачынаючы з 1960-х, калі на рускую мову сталі масава пераводзіць гарадскія школы. Нацыянальнае адраджэнне пачатку 1990-х дало рэзкі рост долі беларускамоўных школьнікаў, але Аляксандр Лукашэнка зноў пачаў пераводзіць адукацыю на рускую мову. Пры ім былі згорнутыя ўсе беларускамоўныя плыні ВНУ, не засталося ніводнага беларускамоўнага міністра ці генерала. 


У выніку за перыяд з 1995 да 2006 года доля беларускамоўных школьнікаў вярнулася на ўзровень канца 1980-х, а за наступныя 10 гадоў скарацілася яшчэ ўдвая.


Дата стварэння навіны 31.05.2017

Возврат к списку