АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Раскол праваслаўя Праграма ураду Атака на СМІ Мінздраў: карупцыя Курапаты Справа Федынiча Забойства Паўла Шарамета

Многія выпускнікі пасля навучання хочуць з'ехаць з Беларусі

Многія выпускнікі пасля навучання хочуць з'ехаць з Беларусі
31.05.2017
Журналісты Еўрарадыё апыталі выпускнікоў 2017 года:"Магчыма, атрымаецца з'ехаць за мяжу або тут уладкуюць па размеркаванні"

 Ксенія, 11в, ліцэй БНТУ

Яшчэ наогул не вырашылі, куды паступаць, але на нешта інжынернае. Я ў гэтым пытанні слухаю бацькоў, а яны вырашаюць: ці будаўніком, ці праграмістам, цяпер жа з гэтым будучыня звязаная.

Без працы мяне не пакінуць, я выбіраю спецыяльнасць, у якой ёсць бацькі або сваякі, таму што цяпер наўрад ці ўладкуешся туды, дзе няма сувязяў.

 

Эльмір, 11б, школа 218

Збіраюся паступаць на гістфак БДУ. Люблю гісторыю. Галоўнае — адукацыя. Мне дзядзька сказаў: проста корачку атрымай, і я цябе ўладкую ў бізнес.

Пасля вучобы хачу валодаць гандлёвым цэнтрам, такім, як у мяне за спінай.

 

Насця, 11в, школа 159

 Калі здам малюнак, то пайду ў Інстытут сучасных ведаў на дызайнера, калі не — то на псіхолага, магчыма, у БДПУ. Я таварыская, і мне падабаецца дапамагаць людзям, так што я іду па загадзе сэрца.

 Я бачу сябе дызайнерам у якой-небудзь кампаніі. Калі пашанцуе, то паеду кудысьці. Для мяне не надта грае ролю зарплата, я проста хачу працаваць па прафесіі. У той жа час мне страшна, ці змагу я знайсці працу пасля вучобы. 

 


Уладзіслаў, 11а, школа 201

 Гэта няпростае пытанне, я да апошняга буду думаць, у мяне мноства варыянтаў. Хай першую адукацыю я атрымаю ў галіне эканомікі. Мэтанакіраванасць, стойкасць і цярпенне дапамогуць мне дасягнуць поспеху.

 

Я сябе бачу кіраўніком холдынгу. Хоць на дадзены момант у Беларусі гэта рэалізаваць немагчыма. Я думаю адсюль некуды з'ехаць — у блізкае замежжа, у бок Еўропы, таму што ў Расіі і так поўна народу.

  Юля, 11г (хімія-біялогія), гімназія 12


 Планую паступаць у медыцынскі, мне гэта цікава. Гэта мая мара, напэўна. Падабаецца лячыць людзей, і я гатовая прайсці праз усе складанасці навучання. Бацькі супраць, яны не разумеюць, навошта мне ўсё гэта і потым яшчэ адпрацоўка. Але мяне гэта не спыняе.

 

Пасля вучобы я хутчэй за ўсё буду адпрацоўваць размеркаванне, а потым хачу з'ехаць куды заўгодна. У якое-небудзь ціхае месца, дзе мяне ніхто не знойдзе. Я думаю, што назбіраю нешта, бацькі дапамогуць, і я ўсё ж такі з'еду адсюль.

  

Глеб, 11а, школа 218

 Пайду ў БДУ на юрфак ці гістарычны. Я больш гуманітарый. Каб быць юрыстам, трэба быць добрым спецыялістам, і тады возьмуць на любую працу. Добрую працу аплачваць будуць заўсёды. А так я б вучыў дзяцей, але плацяць мала.

 Крызіс у нас у галовах, як сказаў наш прэзідэнт. Тыя, хто ездзіў на мерыне да крызісу, і ездзяць на мерыне пасля, ну, можа, адзін раз на паляванне не схадзілі. Так што я не баюся не знайсці працу пасля вучобы.

  Юля, 11в, школа 159

 Увогуле я збіралася ў БДПУ на маркетолага, але за два тыдні перадумала і вырашыла паступаць у БДУ на журфак. Я не асабліва ведаю пра ўмовы працы ў гэтай сферы, проста мне цікава туды пайсці. Можа, я і не буду па гэтай спецыяльнасці працаваць. Але мне цікава там вучыцца.

 Па шчырасці, я наогул не ведаю, чым буду займацца, але не перажываю з гэтай нагоды. Я думаю, што змагу знайсці сабе працу, таму што ўжо зараз іду летам працаваць афіцыянткай. Цяпер афармляю санкніжку. Адукацыя для мяне не такая важная.

 

 Караліна, 11в, ліцэй БНТУ

 У даяркі пайду. Жартую. У БНТУ, напэўна, пайду, на будфак. Мне проста матэматыка падабаецца, больш нічога. Яшчэ за камп'ютарам сядзець.

 Я лічу, што цяпер неабавязкова чалавек павінен быць вельмі разумным, каб чагосьці дасягнуць. Таму што шмат людзей без адукацыі, якія дасягнулі вельмі многага. Трэба старацца і рэальна хацець чагосьці. Я думаю пачаць працаваць яшчэ падчас вучобы.

 Дзмітрый, 11а, школа 218

 Я блізкі да спорту, таму хачу паступіць у БДУФК: альбо на трэнерскую дзейнасць, альбо на нешта звязанае з лячэннем або аднаўленнем. Галоўнае цяпер — паступіць. А так я футбаліст і хацеў бы пайсці ў медуніверсітэт на траўматолага, але я ведаю, што не набяру столькі балаў.

 

Зразумела што цяпер крызіс і трэнерская дзейнасць не запатрабаваная. Але, магчыма, атрымаецца з'ехаць за мяжу або тут уладкуюць па размеркаванні, калі пашанцуе.

  Аляксей, 11 клас Зазерскай школы Пухавіцкага раёна


 Хочацца ў БНТУ на машынабудаўнічы. Калі не атрымаецца, то ў машынабудаўнічы каледж і ўжо пасля яго — зноў у БНТУ. Бацькі лічаць, што вышэйшая адукацыя неабходная.

 

Адразу, думаю, будзе звычайная праца — лазіць, чыніць. Я, у прынцыпе, не супраць, мне падабаецца ў машынах калупацца.

  

Ксенія, 11а, школа 201

 Планую паступаць на юрыдычны факультэт БДУ, душа ляжыць да тэатра, але бацькі хочуць, каб была першая базавая адукацыя. У наступным годзе планую перавесціся на завочнае і ехаць паступаць у тэатральнае ў Маскву ці Піцер.

 

Я хачу працаваць на працы, якая мне будзе прыносіць задавальненне перш за ўсё. Планую адкрыць дзіцячую вакальна-харэаграфічную студыю. Мне падабаецца працаваць з дзецьмі, і я бачу сябе ў гэтым.

  

Глеб, ФМ5, ліцэй БДУ

 Збіраюся паступаць у СПбДУ на фізфак, таму што Піцер — вялікі горад і адукацыя добрая. Думаю займацца выкладчыцкай дзейнасцю, напэўна, у мяне былі добрыя выкладчыкі, якіх я паважаў, і я таксама хачу быць такім чалавекам. Але гэта першая адукацыя, асноўную хачу другую. Калі па праўдзе, то хачу звязаць сваё жыццё з гісторыяй, але я лянівы і не змог за год добра падрыхтавацца да ЦТ. Я не буду залежаць ад бацькоў, а планую атрымаць павышаную стыпендыю або грант на навучанне. Мы жывем у такім грамадстве, што ўвесь час трэба вучыцца.

 

Праз 5 гадоў я планую атрымаць кандыдацкую ступень па фізіцы, я даведваўся, у некаторых гэта атрымлівалася. З ёй я змагу выкладаць фізіку ў якім-небудзь расійскім універсітэце. Я лічу, што грошы не галоўнае, я хачу займацца тым, што мне падабаецца. Я цярпець не магу праграмаванне.

  

Аляксей, 11 клас Зазерскай школы Пухавіцкага раёна

 Хачу паспрабаваць у БНТУ на інжынерны паступіць. Падабаецца механічная галіна, бацькі падтрымліваюць мой выбар. Толкам не ўяўляю, што гэта за спецыяльнасць, магчыма, гэта чалавек, які камандуе людзьмі ніжэй.

 

Пасля вучобы разлічваю працаваць на заводзе рухавікоў унутранага згарання. Я думаю, што працу нескладана будзе знайсці.

  Каця, 11а, Бараўлянская сярэдняя школа


 Хачу стаць ветэрынарам, не магу глядзець, калі здзекуюцца з жывёлаў, хачу ім дапамагаць. Бацькі адгаворвалі паступаць у Віцебск, але гэта ж мара.

 Пасля вучобы буду працаваць у ветэрынарнай клініцы або адкрыю сваю справу, калі бацькі дапамогуць. Я не баюся размеркавання ў калгас, буду працаваць з дробнымі жывёламі, а яшчэ можна ўзяць мэтавае накіраванне з Бараўлянаў, і буду адпрацоўваць размеркаванне ў Бараўлянах.

  Уладзімір, 11а, Бараўлянская сярэдняя школа

 Хачу паступаць на эканаміста, менеджара, нешта такое, напэўна, у БНТУ на ФММП. Я гандляр, і мне гэта цалкам падыходзіць. Я з бацькам машыны прадаваў, аўтастаянка свая ёсць. 

Калі будзе ўсё добра, падцягну мову і з'еду ў іншую краіну.


Дата стварэння навіны 31.05.2017

Возврат к списку