АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Ваеннае становішча ва Украіне Выбары-2019 Праграма ураду Атака на СМІ Мінздраў: карупцыя Забойства Паўла Шарамета

Беларускія навукоўцы распрацоўваюць метад дыягностыкі захворванняў па кроплі крыві

Беларускія навукоўцы распрацоўваюць метад дыягностыкі захворванняў па кроплі крыві
31.05.2017
Навукоўцы распрацавалі матэрыял, які дазваляе выяўляць рэчывы ў вельмі нізкіх канцэнтрацыях. Іх распрацоўка можа быць карысная ў самых розных сферах — ад пошуку злачынцаў да пастаноўкі дыягназаў.

На працягу некалькіх апошніх гадоў беларускія навукоўцы вырабляюць па ўласнай тэхналогіі асаблівыя падкладкі — расходны матэрыял для хімічнага аналізу. Гэтым займаюцца спецыялісты з БДУІР сумесна з калегамі з Інстытута фізікі імя Сцяпанава НАН Беларусі.

На такую падкладку змяшчаюць кроплю раствору і з дапамогай спектрометра дэтэктуюць і вывучаюць малекулы, якія ўваходзяць у яго склад. Асаблівасці матэрыялу дазваляюць рабіць гэта з неймаверна высокай дакладнасцю.

 «Вы можаце дэтэктаваць многія рэчывы ў вельмі нізкіх канцэнтрацыях, — тлумачыць кандыдат тэхнічных навук Ганна Бандарэнка, адзін з аўтараў распрацоўкі. — Гэта дазваляе праводзіць аналіз з дакладнасцю, якой немагчыма дасягнуць з выкарыстаннем іншых метадаў».

 У аснове падкладкі — крэмніевая пласціна са пластом нанаструктураванага матэрыялу пад назвай порысты крэмній. Зверху асаджваюцца наначасціцы срэбра або золата.


 «Сам аналіз праводзіцца досыць хутка. У прынцыпе ён праводзіцца на працягу 30 секунд — хвіліны. Падрыхтоўка ўзору і нанясенне на падкладку — увесь комплекс займае тры гадзіны максімум».

  Выкарыстоўваць такі метад можна ў розных галінах — напрыклад, у крыміналістыцы або медыцыне. У тэорыі такія падкладкі можна выкарыстоўваць для дыягностыкі анкалагічных захворванняў. Цяпер БДУІР і Інстытут фізіялогіі НАНБ пры дапамозе распрацаваных падкладак праводзяць даследаванні, звязаныя з дыягностыкай коларэктальнага раку.

 «У Беларусі пакуль падобныя падкладкі не выкарыстоўваюцца ў клінічнай практыцы. Гэта звязана з неабходнасцю адпрацоўкі методыкі іх прымянення, — распавядае Ганна. — Але за мяжой такім спосабам ужо даследуюць сыроватку крыві. Сыроватка здаровага чалавека мае іншы спектр у параўнанні з сыроваткай чалавека, у якога ёсць захворванне».

 Зыходзячы з досведу замежных калег, укараненне гэтага метаду мае вялікія перспектывы. Але вельмі важна правесці цэлы комплекс даследаванняў для рэалізацыі яго практычнага прымянення, у якіх трэба суладнае ўзаемадзеянне многіх арганізацый.

Па словах навукоўцаў, у іншых краінах такі метад шырока распаўсюджаны. Аднак падкладкі беларускай вытворчасці каштуюць танней. Нюансы вытворчасці даследчыкі трымаюць у сакрэце, каб захаваць цікавасць да свайго прадукту. Цяпер цікавасць да распрацоўкі праяўляюць арганізацыі з Расіі, краін Еўрасаюза і ЗША.

«За мяжой кошт гэтых падкладак складае ад 15 да 75 еўра. У нас кошт адной падкладкі для замежных заказчыкаў вар'іруецца ад 5 да 30 еўра. 5—7 еўра каштуе падкладка на аснове срэбра і каля 30 еўра каштуе падкладка на аснове золата».

У снежні мінулага года артыкул аб распрацоўцы беларускіх даследнікаў апублікавалі ў прэстыжным навуковым часопісе Nanoscale Research Letters. У гэтым чэрвені навукоўцы прадэманструюць сваю распрацоўку на выставе eMerge Americas ў Маямі ў ЗША, а ў ліпені вынікі даследавання прэзентуюць у Партугаліі — на паездку туды яны выйгралі грант.

па инф. nn.by


Дата стварэння навіны 31.05.2017
Падзяліцеся навіной з сябрамі

Возврат к списку