АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Змена ўраду Атака на СМІ Мінздраў: карупцыя Курапаты Пенсійная рэформа Справа Федынiча Забойства Паўла Шарамета

Андрэй СТАСЬ: “А што замежнікі? Яны прыехалі, атрымалі беларускія пашпарты, грошы, пайгралі і – гуд бай!!

Андрэй СТАСЬ: “А што замежнікі? Яны прыехалі, атрымалі беларускія пашпарты, грошы, пайгралі і – гуд бай!!
30.05.2017
Па вяртанні ў Мінск капітан зборнай Беларусі па хакеі распавёў пра прыгоды беларусаў у Францыі.

Андрэй не вельмі задаволены выступленнем каманды на чэмпіянаце свету, але кажа, што і “пасыпаць попелам галаву не варта”, паведамляе Народна воля.

 

-- У Францыю паехала шмат маладых, “неабстраляных” ігракоў. Яны хваляваліся, недзе нават мандраж быў…

– Капітан жа якраз і павінен быў узнімаць баявы дух маладых калег…

 – І я ўзнімаў… Даводзілася ўжываць і моцныя словы.

  Наколькі вядома, прыгоды беларускай зборнай у Францыі пачаліся яшчэ да старту чэмпіянату. Што ўсё-такі адбылося на чыгуначным вакзале ў Бардо?

 – Шчыра кажучы, мы ведалі, што пасля тэрактаў у Еўропе ў Францыі будуць прыняты павышаныя меры бяспекі, таму, калі на вакзале да нас падышла паліцыя і заявіла, што будзе вобыск, вялікага здзіўлення не было. Адным словам, каля 15 паліцэйскіх з сабакамі “абшманалі” больш за палову ігракоў, трэнераў, дактароў і масажыстаў. У доктара і наогул праверылі ўсе да адной таблеткі і нават дакументы на іх, калі такія былі патрэбны. Добра яшчэ, што баулы з амуніцыяй паехалі ў Бардо спецыяльнай машынай, бо працэдура вобыску магла б зацягнуцца надоўга.

 

– У Парыжы адчувалася, што тут праходзіць чэмпіянат свету па хакеі?

 

– Французам, як мне здалося, гэты чэмпіянат быў да лямпачкі. У вольны час мы гулялі па горадзе і ўвогуле не бачылі ніякіх абвестак пра тое, што ў іх праходзіць хакейнае першынство. Многія мясцовыя здзіўляліся, калі даведваліся, што ў Парыжы праходзіць такі чэмпіянат. Пра ступень яго папулярнасці ў французаў сведчыць такі красамоўны факт: матчы нават не паказвалі па мясцовым тэлебачанні. Ды і арганізацыя турніру кульгала…

 

– Чым вы, спартсмены, былі незадаволены?

 

– Дробязямі, але ж з дробязяў і складаецца агульнае ўражанне. Напрыклад, у распранальні была вялікая вільготнасць, харчаванне не на ўзроўні, а таму даводзілася дадаткова хадзіць у рэстараны. Балазе хоць гэтага дабра там на кожным кроку.

 

Калі Лукашэнка вас раскрытыкаваў, гэта дадало сіл альбо наадварот?

 

– Не вельмі прыемна, калі цябе крытыкуюць, хаця ў гэтым выпадку ўсё было па справе. Першая гульня з фінамі была, напэўна, самая важная, і мы маглі яе “зачапіць”. Але выніку няма, што тут яшчэ можна сказаць?

 

– А трэнер нейкім чынам спрабаваў паўплываць на ігракоў, каб “прачнуліся”?

 

– Спрабаваў, эксперыментаваў, змяняў тактыку. І ў апошніх матчах мы ж атрымалі дзве перамогі. Шчыра скажу, пасля чатырох паражэнняў запар псіхалагічна было вельмі складана ачомацца. Увогуле, змена пакаленняў заўсёды праходзіць балюча.

 

– Хочаце сказаць, што менавіта зараз у нашай зборнай праходзіць працэс амалажэння?

 

– Ва ўсялякім выпадку трэнеры сталі больш давяраць маладым, якія на высокім узроўні сябе яшчэ не спрабавалі. Хаця, напрыклад, не лічу, што 31-гадовы хакеіст – гэта ўжо ўзроставы ігрок.

 

– А ці патрэбна нам працягваць раздаваць беларускія пашпарты паўночнаамерыканскім хакеістам?

 

– Які сэнс раздаваць, калі той жа канадскі беларус Джэф Плат адмовіўся падтрымаць нашу зборную на гэтым чэмпіянаце? Маўляў, траўма. Больш за тое – ён папрасіў, каб яго ў Кантынентальнай хакейнай лізе заявілі пад канадскім пашпартам. Наша краіна дала чалавеку штуршок для яго паспяховай кар’еры, а ён вось такім чынам паступае. Таму лепш ужо сваім маладым хакеістам даваць дарогу. А што замежнікі? Яны прыехалі, атрымалі беларускія пашпарты, грошы, пайгралі і – гуд бай! А мы тут застаёмся жыць са сваім хакеем і яго праблемамі. Таму, як кажуць, лепш ужо купляйце беларускае.

 

– Андрэй, можа, вашы блізкія прыязджалі ў Парыж падтрымаць вас?

 

– У нас з жонкай два 4-гадовыя сыны-блізняты, таму складана з дзецьмі такога ўзросту кудысьці лётаць. Але дома яны былі маімі самымі адданымі балельшчыкамі.


Дата стварэння навіны 30.05.2017

Возврат к списку