АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Выбары-2019 Змена ўраду Атака на СМІ Мінздраў: карупцыя Курапаты Пенсійная рэформа Забойства Паўла Шарамета

"Джазавыя суботы" мяняюць арганізатараў і адмаўляюцца ад "наварочаных" музыкаў

"Джазавыя суботы" мяняюць арганізатараў і адмаўляюцца ад "наварочаных" музыкаў
30.05.2017
10 чэрвеня будуць граць этна-джазавы дуэт Agata і VIP-jazz Андрэя Славінскага з Мінска; 17 чэрвеня — канцэртны аркестр Гродзенскай філармоніі пад кіраўніцтвам Барыса Мягкова і "Трыа Канстанціна Гарачага" (Мінск); 24 чэрвеня — вакальны квартэт Minsk Voices і Premier Orchestra.

Пяты год запар у Мінску пройдуць "Джазавыя вечары" на адкрытым паветры. Тры суботы: 10-га, 17-га і 24-га чэрвеня на пляцоўцы ля Ратушы будзе гучаць джаз. Здавалася б, усё як летась. Але не, не ўсё. Нязменны арганізатар падзеі — агенцтва Equilibrium Arts, якое, уласна кажучы, і прыдумала "Джазавыя вечары", — на гэты раз не пры справах. І ў агенцтве гэтаму не рады:

 

— Тут вельмі ўсё няпроста... І мы не можам сказаць, што нам усё роўна, і мы не перажывалі, і не перажываем гэтую сітуацыю. Але разгорнутых каментарыяў даць не можам, — неахвотна каментуюць у Equilibrium Arts.

— А калі б у вас сёння была магчымасць — вы б заняліся "Джазавымі вечарамі"? — задаём мы пытанне, на якое не страшна адказвааць.

— Вядома, заняліся б. Але ж цяпер ужо няма ніякай фізічнай магчымасці нешта аднавіць і перарабіць.

 

Магчымасці няма, бо ў гэтым годзе "Джазавымі вечарамі" займаецца іншае агенцтва — "4А-Івэнт", новым рэжысёрам "вечароў" стаў Андрэй Каліна.


Андрэй Каліна. Фота: Sputnik.by

А гэта вядомы чалавек у беларускім шоу-бізнэсе. Па-першае, прадзюсар. Па-другое, намеснік старшыні праўлення беларускіх музыкальных дзеячаў. Па-трэцяе, мастацкі кіраўнік вядомага фестывалю "Залаты шлягер". Вось што ён кажа пра канцэпцыю сёлетніх "Джазавых вечароў".

"Прынцыпова фармат змяняцца не будзе. Але, калі мы ўзаемадзейнічалі з банкам, які з'яўляецца партнёрам праекта, з яго боку было выказана пажаданне: па-магчымасці максімальна прадставіць рэгіёны, беларускую джазавую музыку".

У праграме сапраўды многа беларусаў. 10 чэрвеня будуць граць этна-джазавы дуэт Agata і VIP-jazz Андрэя Славінскага з Мінска; 17 чэрвеня — канцэртны аркестр Гродзенскай філармоніі пад кіраўніцтвам Барыса Мягкова і "Трыа Канстанціна Гарачага" (Мінск); 24 чэрвеня — вакальны квартэт Minsk Voices і Premier Orchestra. Дарэчы, дырэктарам апошняга з'яўляецца Андрэй Славінскі, а прадзюсарам — Андрэй Каліна.

Цягам канцэртаў усе беларусы сыграюць разам з замежнымі зоркамі. Паводле слоў спадара Каліны, лягчэй за ўсё запрасіць да нас тых, хто ў чэрвені будзе гастраляваць па Еўропе. Так, напрыклад, на "Джазавыя суботы" трапіў гітарыст Скот Хэндэрсан. А вось спявак Кліўленд Джонс, наадварот, прыедзе ў Беларусь адмыслова для двух канцэртаў у Мінску і Гродне. Акрамя таго, арганізатары сутыкнуліся з пэўнымі абмежаваннямі.

 

"На мінулых "Джазавых суботах" на сцэне быў канцэртны раяль. Але з гэтым заўжды вялікія складанасці. Раяль — такі інструмент, які на дзсяць метраў перасунеш, і ўжо патрэбная настройка. А настроіць яго — гэта каласальная праца. Таму ў нашай праграме няма піяністаў, якія жорстка патрабуюць канцэртны раяль, — працягвае Андрэй Каліна. — Ну, а фінансы — гэта ўжо наступная гісторыя. Калі шчыра, яны мяне менш за ўсё абмяжоўвалі. Я творчым бокам праекта займаюся. Калі ёсць у Беларусі некалькі вельмі цікавых джазавых саксафаністаў, дык навошта я буду запрашаць музыкаў з-за мяжы? Я лепш пакажу гэтых музыкаў, нашых. А з-за мяжы я лепш запрашу трубача. Бо яркіх трубачоў у "працоўным стане" ў Беларусі на гэты момант нашмат менш, чым саксафаністаў".

 

Харысан Янг прыедзе на "Джазавыя суботы" з праграмай "Rock in Jazz", а аркестр Мягкова пакуль выбірае, што граць: джазавыя стандарты ці апрацоўкі песень The Beatles. VIP-jazz Андрэя Славінскага вядомы мінчанам па выступах у кавярнях і на вяселлях. Таму можна ўпэўнена сказаць: "Джазавыя вечары ля Ратушы" паварочваюцца тварам да самых неабазнаных у джазе і выпадковых слухачоў, якіх можна сустрэць у Верхнім горадзе.

"Ёсць такі выраз: добры глядач ― у дзявятым шэрагу. Гэта значыць, непадрыхтаваны чалавек, які ўвогуле нічога не разумее ў кантэксце, з прафесійнага гледзішча. У яго толькі два варыянты ацэнкі: спадабалася ці не, "так" ці "не". Нашы людзі не настолькі не разбіраюцца, каб не адчуць розніцу", — адказваюць у Equilibrium Arts на пытанне пра тое, ці заўважаць слухачы розніцу паміж леташнімі і сёлетнімі "Джазавымі вечарамі".

Але Андрэй Каліна пярэчыць: на open-air прыйдуць не толькі фанаты джаза, але і простыя аматары "патусавацца". Бо за апошнія гады джаз стаў адной з галоўных падзей мінскага лета, а на канцэрты да Ратушы прыходзяць тысячы гледачоў.

"Я спрабаваў зрабіць праграму вельмі разнастайнай, каб публіцы было "смачна". Я прыхільнік папулярызацыі джазу, — падсумоўвае рэжысёр праекта. — Таму я не запрашаў музыкаў, якія граюць "наварочаную" музыку. Я выбіраў такую музыку, якая была б зразумелая публіцы, і каб нешта для сябе атрымаў нават самы непадрыхтаваны слухач. Калі б гэта быў "Джаз у філармоніі", патрэбнае было б мастацтва высокага палёту, дзе ўзважваецца кожная нота".

Будуць на "Джазавых суботах" і "эстэцкія" рэчы. Гэта, найперш, чылійскі віртуоз Крысціян Галвез, які грае на шасціструннай бас-гітары, і тунісец Набіль Хемір. Ён грае на інструменце ўласнай канструкцыі з двума грыфамі: першы — электрагітара, другі — лютня.

 

Але ў сёлетняй праграме праекта гэта, хутчэй, выключэнні. Большасць музыкаў будзе граць ці джазавыя стандарты, ці кампазіцыі на сутыкненні джазу і іншых жанраў. Добра гэта ці дрэнна? Правільнага адказу на гэтае пытанне няма, і публіцы, хутчэй за ўсё, будзе "смачна". Але колькі ў "Джазавых вечарах" застанецца джазу? Спадзяёмся, што хоць колькі.

па інф. Еўрарадыё

Дата стварэння навіны 30.05.2017

Возврат к списку