АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Раскол праваслаўя Змена ўраду Атака на СМІ Мінздраў: карупцыя Курапаты Справа Федынiча Забойства Паўла Шарамета

"Трэба дома бываць часцей": як святкуюць у вёсцы з дзесяццю жыхарамі

"Трэба дома бываць часцей": як святкуюць у вёсцы з дзесяццю жыхарамі
29.05.2017
У Будзішчы на Вілейшчыне зладзілі сустрэчу землякоў, фотарэпартаж.


Міхаіл і Юры Вайтовічы ля памятнага валуна

З Ільі праз Калодчына едзем у вёску Будзішча. Пару кіламетраў пыльнай "гравейкі" – і вось ужо першыя будзеўскія хаты.

– Дзень добры! Дзе ў вас тут свята! – пытаюся ў першай сустрэтай жанчыны.

– Ой, дзевачка, ты ж усё самае цікавае ўжо прапусціла, – кажа мясцовая жыхарка.

На свята!

 Але потым супакоіла крыху. Афіцыйная частка сапраўды ўжо скончылася, памятны валун устанавілі. Але на беразе безыменнага будзеўскага возера жанчыны ўжо засцілалі абрусом доўгі стол, а дзятва дурэла ля маляўнічых бярозак.


Стараста вёскі Наталля Дуровіч і маладзечанец Юры Вайтовіч.

– Пастаянных мясцовых жыхароў у нас прыкладна дзесяць, – расказала стараста вёскі Наталля Дуровіч. – Самая старэйшая з усіх – мая мама Надзея Дуровіч. Ёй 86 год. У Будзішча яна выйшла замуж з суседніх Кавалёў.

Школьнікаў у Будзішчы ўжо даўно няма. Самаму маладому жыхару Данілу Жаўняровічу крыху за 20. Часта прыязджае ў родную вёску сын Наталлі Мікалай. Хлопец працуе ў Мінску тэхнікам-альпіністам, заканчвае політэхнічную акадэмію.

Сустрэчы землякоў у Будзішчы праводзяць штогод у маі. Ёсць нават спецыяльны альбом, у які збіраюць фотаздымкі з сустрэч, копіі старажытных дакументаў, публікацыі пра вёску.



Наталля паказвае альбом, прысвечаны вёсцы.Наталля паказвае альбом, прысвечаны вёсцы.

У другім альбоме робяць запісы тыя, хто прыязджае на сустрэчы.


Сёлета ў Будзішчы паставілі памятны валун з назвай вёскі і радкамі Рыгора Барадуліна:

Трэба дома бываць часцей,

Трэба дома бываць не госцем,

Каб душою ты стаў чысцей,

Каб не страціў святое штосьці.


Міхаіл Вайтовіч ля роднай студні.

Арганізаваць свята і паставіць своеасаблівы помнік вёсцы дапамаглі былыя і сённяшнія будзеўцы і жыхары недалёкіх вёсак Міхаіл Вайтовіч, Сяргей Шушкевіч, Мікалай Апяцёнак, Аляксандр Дуровіч, Уладзімір Дуровіч, Наталля Дуровіч, Леанід Нарэйка, Таіса і Леанід Зенчанкі.

Камень нават не прыйшлося весці здалёк.

– Калі вырашылі знайсці валун, каб усталяваць памятную дошку, – распавядае ўраджэнка вёскі Таіса Зенчанка, – я прапанавала Аўгіньчын камень. Яго памятаю з дзяцінства. Камень стаяў каля хаты бабулі Аўгінькі, і я ў дзяцінстве ніяк не магла на яго залезці. Можна сказаць, што мы ўсе гадаваліся на гэтым камяні.

Штогод прыязджаюць на свята 

 Ганна родам з Будзішча. Яе бацька Пётр Клімёнак, ветэран вайны, быў добрым музыкантам. Шмат провадаў і вяселляў адыграў на сваім баяне.



Ганна і Васіль Кісялі.

– Але мала хто ведаў бацьку як Клімёнка, – прыгадвае Ганна. – Усе яго звалі Пеця Гарбуз. Калі я казала, што дачка Пеці Клімёнка шмат хто няўцямна паціскаў плячыма. Калі ж удакладняла, што дачка Гарбуза, людзі адразу разумелі, чыя я.



Злата і Лера прыехалі на свята з бабулямі.







У гэтай хаце гадаваліся чатыры браты Вайтовічы: Мікалай, Юры, Антон і Міхаіл.

па інф. Регіянальная газета


Дата стварэння навіны 29.05.2017

Возврат к списку