АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Змена ўраду Атака на СМІ Мінздраў: карупцыя Курапаты Пенсійная рэформа Справа Федынiча Забойства Паўла Шарамета

«Беларуская культура — гэта не толькі Саладуха»

«Беларуская культура — гэта не толькі Саладуха»
28.05.2017
Хто гэтыя рабяты, дзякуючы якім у метро загучыць айчынная класіка?

Ад 1 чэрвеня ў мінскай падземцы на кожнай станцыі з 60 экранаў будзе трансліравацца не толькі рэклама і эстрадныя спевы, але і класічныя творы беларускіх музыкаў: Орды, Манюшкі, Глебава, Аладава, Багатырова і іншых. Такі праект пад назвай «Гукі метро. Слухай сваё» увасобілі ў жыццё моладзевыя актывісты Дар'я Бараноўская і Глеб Вайкуль і перамаглі з ім на конкурсе сацыяльных ініцыятыў «Social Weekend».

Дар'я Бараноўская


 Даша жыве ў Дзяржынску, вучыцца на факультэце філасофіі і сацыяльных навук БДУ: заўтрашні спецыяліст у галіне піяру. Цікава, што дзяўчына ў год свайго набору прадэманстравала самыя высокія балы. Будучы студэнткай, яна ўжо і раней спрабавала сябе ў карысных грамадству актыўнасцях. У рамках Акадэміі студэнцкага лідарства яна прэзентавала праект, які дапамагаў вырашыць праблему з моцным холадам у інтэрнатах. Калі пра такую «пазаштатную» дзейнасць даведаліся на факультэце, Дашу адразу ж вызвалі ў дэканат і ясна далі зразумець, што яна такім чынам няславіць яго гонар. Цяпер, калі дзяўчына атрымала дыплом фіналіста Social Weekend, яна зноў трапіла ў міласць кіраўніцтва.

 «Чыноўнікі нярэдка мяркуюць, што студэнты, якія займаюцца няўрадавымі праектамі, — дрэнныя. На самой справе, такія людзі, наадварот, — адны з найлепшых на факультэце, яны жадаюць лакальна змяняць вакол сябе свет» — каментуе Глеб.

  Глеб Вайкуль

 Дарэчы, можа, і выкладчыкі Глеба разам з дэканам шкадуюць, што страцілі добрага студэнта: Глеба адлічылі з філфака БДУ пасля ўдзелу ў маршы студэнтаў, што пратэставалі супраць платных пераздач.

 Зусім нядаўна хлопец адсядзеў 12 сутак за «дробнае хуліганства»: нават не дайшоўшы да мітынгу на 25 сакавіка, быў затрыманы кэдэбістамі наўпрост у сябе дома. Цяпер Глеб вымушаны з’язджаць вучыцца за мяжу, бо калі тут зноў будуць праблемы, яго заграбуць у войска. А ён шчыра хоча атрымаць адукацыю, не марнуючы час на войска. Пры гэтым Глеб упэўнены, што часовы пераезд не перашкодзіць яму займацца на радзіме як і «Гукамі метро», так і прымаць удзел у развіцці новай палітычнай арганізацыі «Дзея», якую стварыў Алесь Лагвінец.

 

Глеб жартуе і спадзяецца, што яго апазіцыйнасць не паўплывае на рэалізацыю праекта. Зараз жа ўсё складваецца як нельга лепш: першы ролік з паланэзам «Паўночная зорка» Напалеона Орды ўжо 1 чэрвеня будзе гучаць у метро разоў дзесяць за дзень. Пакуль што з простай візуалізацыяй, але хутка маладыя людзі знойдуць дызайнера, які дапаможа зрабіць для выдатнай музыкі адпаведны відэашэраг.

 

А пачалося ўсё з ідэі.

 

«Ні я, ні Глеб ніяк не звязаны з музыкай, мы не хадзілі ў профільныя школы, і ў нас нават слыху няма! Мы проста любім музыку. І лічым, што ў Беларусі вельмі развітая культура, але самі жыхары, на жаль, гэта дрэнна ведаюць. І трэба гэтыя факты папулярызаваць», — расказвае Даша.

 

«Я ўвогуле лічу, што культура — гэта самае галоўнае, што можа быць у грамадства. Нацыі з моцнай культурай будуць жыць вечна, а мы праз музыку імкнёмся павысіць агульны ўзровень адукацыі. І калі ўсе зразумеюць, што мы — гэты не толькі Саладуха, тады нешта, можа, зменіцца», — падхоплівае Глеб.

 Самі актывісты слухаюць розную музыку. Сучасную беларускую ў тым ліку. За 10 месяцаў яны наведалі каля 70 мерапрыемстваў, сярод якіх былі выступы і Brutto, і Вольскага, і «Дзецюкі», і шмат хто яшчэ. Улічваючы разнастайнасць сваіх музыкальных пераваг, першапачаткова яны хацелі стварыць праект з рознымі жанрамі, але пакуль вырашылі патэставаць рэакцыю людзей на самым нейтральным.

 Варта адзначыць, што ў самым пачатку рэалізацыі праекта Глеб і Даша накіраваліся за парадамі наўпрост у Беларускую акадэмію музыкі, але тамтэйшыя ідэолагі, пачуўшы беларускую мову і ўбачыўшы на шапцы Пагоню, адрэагавалі холадна і адмовілі ў дапамозе. Прафесійна скласці спіс трэкаў з беларускімі класічнымі кампазіцыямі вызвалася выпадкова знойдзеная ў сацсетках студэнтка акадэміі Вольга Фёдарава. Пасля Нацыянальны цэнтр інтэлектуальнай маёмасці праверыў творы на прадмет аўтарскіх правоў: амаль 80% з адабранага знаходзіцца ў вольным доступе, так што актывістам не давядзецца плаціць за тое, каб усе мы слухалі пад зямлёй класікаў.

 

Знайсці ж выхад на метро дапамог Сяргей Карнілаў, які прадстаўляе новую для Беларусі прафесію — GR-менеджар, чалавек, які дапамагае наладзіць дыялог з органамі ўлады. Менавіта ён параіў пісаць лісты не проста на імя дырэктара метро (на лісты фізічных асоб чыноўнікі, звычайна, увагі не звяртаюць), а на кампанію «БелРосРэклама», якая ў выніку і стала апекуном «Гукаў метро».

  Ёсць у гэтай гісторыі і яшчэ адзін файны момант. Менавіта дзякуючы актывізму — на школе менеджараў, што ладзіць «Арт-Сядзіба», Глеб з Дашай і пазнаёміліся. Праз некаторы час сустрэліся зноў і зразумелі: гэта знак. Падобныя цікаўнасці і любоў да культурных і адукацыйных праектаў зляпілі з іх новую шчаслівую пару. Выснова напрошваецца адна: будзьце актыўнымі — і абавязкова сустрэнеце сваё каханне.


па інф. Наша ніва 


Дата стварэння навіны 28.05.2017

Возврат к списку