АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Раскол праваслаўя Праграма ураду Атака на СМІ Мінздраў: карупцыя Курапаты Справа Федынiча Забойства Паўла Шарамета

«Ураджэнцы гэтай недарэчнай краіны характарызуюцца нялюдскасцю»

«Ураджэнцы гэтай недарэчнай краіны характарызуюцца нялюдскасцю»
25.05.2017
Топ-12 згадак Беларусі ў сучаснай замежнай літаратуры Гэты спіс не планаваўся і ўтварыўся дастаткова раптоўна.

 Проста само па сабе, адна за адной, выпісваліся згадкі Беларусі сярод сучасных замежных аўтараў. У выніку гэтага хапіла на паўнавартасны рэйтынг. Беларусь у сусветнай літаратуры ўзгадваецца не так і рэдка, як можна было б падумаць. Заўсёды цікава, у якім святле нашу краіну бачаць па-за ёй.

Умберта Эка

  Класік постмадэрнізму, аўтар славутага рамана «Імя ружы» згадаў Беларусь некалькі разоў. У сваім апошнім рамане «Нулявы нумар» аб працы журналістаў ідзе пералік самазваных ордэнаў, якія ўзначальвае нехта Генрых Трэці Канстанцін ды Віга Ласкарыс Алераміко Палеалог Манферацкі, а таксама іншыя прайдзісветы:

«Ёсць і ордэн, заснаваны ў сямідзясятыя гады… так… баронам Шойбертам, так… Віторыа Буза, ён жа Віктар-Цімур Другі, праваслаўны ўладыка Беластока, патрыярх усходняй і заходняй дыяспары, прэзідэнт Данцыгскай рэспублікі і дэмакратычнай рэспублікі Беларусь…

 — Якой рэспублікі?

 — Дэмакратычнай рэспублікі Беларусь. Так напісана. Ён жа Вялікі хан Татарыі і Манголіі».

Тэма тэорый змовы, таемных рыцарскіх ордэнаў, барацьбы з людскім цемрашальствам была дамінуючай ва ўсёй творчасці Эка. У «Пражскіх могілках» італьянец выдаў сваю версію напісання «Пратаколу сіёнскіх мудрацоў».

 «Гэта Якаб Брафман, выхраст, выкладчык габрэйскай мовы ў Мінскай духоўнай семінарыі. Ён праездам у Парыжы якраз па даручэнні палкоўніка Дзмітрыя, то бок Трэцяга аддзялення. […] У мяне ў распараджэнні дакументы мінскага кагалу з 1794 па 1830. Усё запісана. Кожную дробязь запратакаліраваў. […] Я засумняваўся: ці магчыма, маючы толькі гэтыя дакументы, створаныя бог ведае ў якім далёкім куце Усходняй Еўропы, даказаць на іх падставе магутнасць Сусветнага кагалу?»

 Амас Оз

  Гэта натуральна, што пра Беларусь часта згадваюць папулярныя ізраільскія аўтары. Амас Оз — даўні прэтэндэнт на Нобелеўскую прэмію па літаратуры. Да яго ставяцца неадназначна на радзіме, Оз асуджае палітыку Ізраіля ў дачыненні да Палесціны.

 

Род Амаса Оза паходзіць з абшараў колішняга Вялікага Княства Літоўскага. І гэтыя мясціны ён згадвае як страчаны рай. Мястэчка Шыркі ў дадзеным выпадку, хутчэй за ўсё, выдуманае, хоць некалькі такіх вёсачак сапраўды існуе ў Беларусі:

 «Мы з ім з аднаго горада. Шыркі. Мінскай губерні. […] Ён адмовіўся ад Бога дзеля кахання да жанчыны, але жанчыны не знайшоў. Жанчыны ў Эрэц-Ісраэль былі вялікай рэдкасцю. Быць можа, іх было пяць ці шэсць ад Рош-Піны да Касціны. Ад сілы дзесяць, калі лічыць яшчэ і кожную бабу-ягу. А паненак — не адшукаць. Хлопцы — пасля ўсіх спрэчак — кожны ляжаў на сваім матрацы і марыў аб адэскім бардэлі.

 І гэта таму, што Бог пасмяяўся з іх. Ён так і не з'явіўся ў Атаманскай Азіі. Застаўся на гарышчы ў сінагозе, там, у Шырках, ляжыць і чакае прыйсця Месіі. У Эрэц-Ісраэль не было Бога і не было жаночай любові. Вось так мы самі ўсё знішчылі».

Гэта ўрывак з «Чорнай скрыні» Амаса Оза. Згадак хапае і ў іншых творах. Напрыклад, «Мой Міхаэль» — кранальная гісторыя нараджэння і смерці кахання паміж студэнтамі Ханай і Міхаэлем. Продкі таго самага Міхаэля былі акурат з Беларусі.

 «Залман Ганц быў у сваім родзе габрэем асаблівым. Наш абавязак — увекавечыць яго імя, як гэта прынята ў габрэяў. Быў ён настаўнікам. Настаўнікам ад Божай ласкі. Выкладаў натуральныя навукі ў габрэйскай настаўніцкай семінарыі ў Гродне. Ад яго атрымаў у спадчыну Міхаэль свае цудоўныя здольнасці да навук».

 Меір Шалеў

  


Яго называюць ізраільскім Маркесам. Шалеў піша абсалютна дзівосныя па сваёй прыгажосці кнігі. Ягоная дэбютная кніга «Рускі раман» стала сапраўднай падзеяй у літаратуры Ізраіля. Гэта гісторыя адных з першых перасяленцаў з Расійскай Імперыі ў Палесціну. Пра людзей, што стваралі кібуцы, апрацоўвалі паўпустынную зямлю, жылі бедна, але весела. Гэта тыя піянеры, хто пабудаваў дзяржаву Ізраіль. Са старонак кнігі з’яўляюцца магілёўскія хасіды і іх мул, які таксама змяніў месца жыхарства.

 «Зайцар, як мне расказвалі, быў адзіным мулам, які ўзышоў у Краіну з Расіі, разам з групай маладых піянераў, якая выйшла з горада Магілёва. Яны купілі яго ў дзень ад'езду ў Адэсу. Адзін з іх убачыў Зайцара, выстаўленага на продаж на кірмашы, і сказаў таварышам гучна і насмешліва:

 — Я яго ведаю! Гэта нашчадак таго мула, які належаў Баал Шэм Тову [заснавальніку хасідызму — «НН»].

 — Бязбожнік! — усклікнуў хасід, які трымаў Зайцера за аброць. — З якіх гэта часоў у мула бываюць нашчадкі?!»

 Стаўленне да Зайцара на працягу ўсёй кнігі як быццам да чалавека. З усімі яго слабасцямі і памкненнямі.

 «Зайцар правёў з магілёўскай камунай некалькі гадоў. То тут, то там ён сустракаў дзядулю і яго сяброў і нават прапрацаваў з імі некалькі сезонаў. Але калі магілёўская камуна вырашыла асесці на зямлю, у Зайцара з'явіліся ідэалагічныя сумневы».

Была сярод гераінь «Рускага рамана» яшчэ Тоня з Мінска, якая выйшла замуж за нелюбімага чалавека. І толькі пасля смерці абодвух яна прыходзіла на могілкі, спачатку правярала, ці не вылез з магілы муж, а потым праводзіла ўвесь час з каханым.

 «Яшчэ да таго, як ён выгнаў Тоню са сваёй хаты, Маргуліс ужо ведаў, што з ёй нешта не так. Голас і пах яго мінскай дзяўчыны змяніліся, скура стала шурпатай, фразы — абрывістымі. Па начах яна знікала, а калі заставалася дома, ужо не размаўляла ў сне».

 Эліс Манро

  

Адна з найцікавейшых Нобелеўскіх прэмій па літаратуры за апошнія гады. Манро не піша раманы, яна піша малыя апавяданні. Гэтак, як Манро, ніхто з сучасных аўтараў не здольны так пераносіць сваіх герояў у прасторы і асабліва ў часе. Проза Манро феміністычная, але зусім не агрэсіўная. Манро вельмі міла і душэўна тлумачыць свайму чытачу праблемы жанчын, іх болі і перажыванні, а не нападае. У апавяданні «Занадта многа шчасця» Манро піша пра першую жанчыну-прафесара Соф’ю Кавалеўскую. Дзяцінства і юнацтва яна правяла ў маёнтку Палібіна Віцебскай губерніі.

 «Яна бачыць дзіўны, які змешвае ўсё разам, сон, у якім бярэ ўдзел Анюта — але толькі тая Анюта, якой яна была задоўга да нараджэння Юры і нават з'яўлення Жаклара. Золатавалосая паненка, прыгожая і вельмі наравістая. Яны ўсё яшчэ жывуць у Палібіна, іх маёнтку ў Віцебскай губерні. Анюта займае верхні пакой трохпавярховай вежы. Там мноства ікон, і яна скардзіцца, што з-за іх яе жыллё не так падобна на гатычны замак, як ёй хацелася б».

 Архан Памук

  «Снег» — палітычны трылер турэцкага пісьменніка Архана Памука. У горадзе Карс, недалёка ад армянскай мяжы, адбываюцца загадкавыя самагубствы. Што за імі стаіць? У сярэдзіне кнігі нечакана ўсплывае згадка Беларусі.

  «У яго маці была сяброўка па ліцэі, родам з Беларусі, і ў той быў таямнічы белатвары сын, які вырас без бацькі і без братоў і сясцёр, які, яшчэ будучы ў ліцэі, стаў ужываць наркотыкі, ні з чым не лічыўся і ведаў пра ўсё, але патроху».

Людміла Уліцкая

  Адна з найбольш цікавых аўтараў сучаснай Расіі. Кніга «Даніэль Штайн, перакладчык» шмат у чым заснаваная на беларускім матэрыяле. Правобразам Даніэля Штайна стаў каталіцкі святар яўрэйскага паходжання Освальд Руфайзэн. Падманным шляхам Освальд уладкаваўся ў паліцыю мястэчка Мір (Эмск у кнізе), на гэтай пасадзе ён дапамагаў ратаваць жыцці габрэям. Пасля вайны ён стаў манахам-кармелітам. Прычым прапаведваць паехаў у Ізраіль.


 «Гэта было не звычайнае старадаўняе гета — адзін або некалькі кварталаў, дзе габрэі жылі з часоў Сярэднявечча. У Эмскім, наадварот, людзі пакінулі свае дамы ў горадзе і перабраліся ў паўразбураны замак, які належаў нейкаму князю. Замак акружылі калючым дротам і паставілі ахову. Спачатку нават не зусім было зразумела: хто каго і ад каго ахоўвае.

 Паліцыянты былі мясцовыя, беларускія, немцы лічылі гэта ніжэй за сваю годнасць. А з беларусамі адносіны былі зразумела якія — ім плацілі. Ім за ўсё плацілі. За грошы яны прыносілі нават зброю.

[…] Беларусы былі вельмі беднымі і забітымі людзьмі, баяліся начальства, і нават такая нікчэмная пасада, як перакладчык у беларускай паліцыі, у іх вачах была значная. Гэтая пасада давала некаторы ўплыў».

 Мішэль Уэльбек

  Адзін з самых скандальных аўтараў сучаснай Францыі. У Уэльбека неадназначнае стаўленне да ісламу. На яго падавалі ў суд мусульманскія грамады, пагражалі расправай, ён нават з’язджаў з Францыі на нейкі час у Ірландыю. Апошні раман Уэльбека «Пакорлівасць» пра тое, як кандыдат-мусульманін перамагае на прэзідэнцкіх выбарах у Францыі.


 Беларусь, дакладней беларусак, Уэльбек некалькі разоў згадаў у рамане «Магчымасць выспы». Не палохайцеся цынічнага выкладання думак, яно ў цэлым характэрна для галоўнага героя, які нават не адчуў нічога пасля самагубства сына.

 «Зайшоўшы за Ізабель у рэдакцыю, я паспрабаваў зняць нейкую, ці то беларуску, якая чакала сваёй чаргі фатаграфавацца для восьмай старонкі. Дзяўчына пагадзілася прапусціць са мной шкляначку, але запрасіла пяцьсот еўра за мінет; я адмовіўся».

 І вось яшчэ адна згадка:

 «Да таго ж большасць [прастытутак — «НН»] складалі румынкі, беларускі, украінкі — увогуле, ураджэнкі ўсіх гэтых недарэчных краін, якія ўзніклі пасля развалу Усходняга блока, і нельга сказаць, каб камунізм моцна спрыяў развіццю сентыментальнасці ў адносінах паміж людзьмі; у цэлым гэтыя экс-камуністкі адрозніваліся хутчэй нялюдскасцю — у параўнанні з імі бальзакаўскае грамадства, якое склалася пасля раскладання манархіі, здаецца ідэалам міласэрнасці і пакоры».

Ю Нэсбё

  Скандынаўскі дэтэктыў доўгі час лічыцца ледзьве не эталонным у сваім жанры. Сёння традыцыі Хенінга Манкеля і Стыга Ларсана (о, у яго таксама ёсць згадка Беларусі) працягвае нарвежскі аўтар Ю Нэсбё. Славу яму прынесла серыя раманаў пра інспектара паліцыі Хары Холі, які п’е, ужывае наркотыкі, яго мучаюць кашмары мінулага, пры гэтым ён застаецца сумленным чалавекам і геніяльным дэтэктывам.

 Кніга «Прывід», гаворка ідзе пра падзел рынку наркотыкаў Осла. «У горадзе пачалася канкурэнцыя. «Чалавек з Дубая». І не на рынку красовак, а на рынку гераіну, які быў галоўнай крыніцай прыбытку «Лос Лабас». Хтосьці казаў, што гэта беларусы, іншыя — што літоўцы, трэція — што гэта нарвежскі пакістанец».

 Апошняя кніга серыі называецца «Паліцыя», не абышлося без згадкі Беларусі і там. Праўда, у Осла няма нашага пасольства.

 «Парцье сказаў, што ў іх ёсць падобны пастаялец, нейкі Савіцкі. Той сказаў, што працуе ў беларускай амбасадзе. Звычайна ён сыходзіць на працу ў дзелавым гарнітуры, але ў апошні час стаў хадзіць у спартыўным. І ездзіць на ровары».

 Кніга «Сын» не серыйная — гэта самастойны раман. Там тэма Беларусі ўзнікае аж некалькі разоў.

 «— Думаю, яна была беларускай. Мінск жа ў Беларусі, так?

Ровер падняў вочы, але хлопец не адказаў.

 — Нестар называў яе Мінск, — сказаў Ровер. — І загадаў мне яе застрэліць».

 А потым узнікае вобраз беларускага кіраўніка.

 «Сімон паглядзеў на шлюз, дзе мужчына ў форме і форменнай фуражцы, якая вельмі б спадабалася беларускаму прэзідэнту, стаяў і барабаніў пальцамі па металічных дзвярах».

Джаан Роўлінг

  Лішні раз прадстаўляць аўтарку «Гары Потэра» не даводзіцца. Гэта казка б’е рэкорд за рэкордам. Мала што можа параўнацца з ёй у папулярнасці. У кнізе «Гары Потэр і Ордэн Фенікса» выкладчык Рубеус Хагрыд дзеліцца сваімі ўражаннямі ад падарожжа па Еўропе з Гары і Герміёнай.


 «І потым ужо нам трошкі павядзьмарыць давялося. Увогуле, нядрэнная выйшла паездачка. На польскай мяжы ад пары троляў пабегалі, і трошкі я пасварыўся з вампірам ў адным пабе ў Мінску, а ў астатнім усё гладзенька прайшло».

Софі Оксанен

 У яе яркая і запамінальная знешнасць. 40-гадовая фінская пісьменніца эстонскага паходжання — адна з наймаладзейшых прэтэндэнтак на Нобеля. Оксанен — актывістка ЛГБТ-руху, яна няшчадна крытыкуе пуцінскую Расію, а таксама Савецкі Саюз. Не дзіўна, што кнігі Оксанен па-руску калі і выходзяць, то зусім малымі накладамі.


 Кнігі Оксанен аб гісторыі Эстоніі, яе мінулым паміж сталінізмам і нацызмам. Кніга «Ачышчэнне» — пра калектывізацыю і яе наступствы, разруліць якія атрымалася толькі ў пачатку 1990-х. Вось эпізод з 1986 года, калі выбухнуў Чарнобыль.

 «У іх спрэс знік цэмент, таму што ён быў патрэбны Украіне. З Беларусі і з Украіны стала паступаць больш прадуктаў, чым раней. Талві забараніла маці купляць іх. Тая пагадзілася, што гэта разумна. Але што ж іншае можна купіць?»

Раман «Калі зніклі галубы» — пра Другую сусветную вайну. Нашы сучасныя аўтары, дарэчы, ігнаруюць гэтыя тэмы — рэпрэсій, вайны. А гэта тое, што можа зацікавіць свет. Два стрыечныя браты займаюць розныя стратэгіі выжывання і падчас нацыстаў, і падчас Саветаў. Партс (Этгар) — адзін з іх, ён пайшоў на супрацоўніцтва і з адным рэжымам, і з другім.

 «— Міністэрства ўнутраных спраў парэкамендавала Мінск. Не так ужо гэта і далёка, — сказаў Партс.

 — Вам не варта турбавацца, новыя псіхіятрычныя бальніцы абсталяваныя найлепшым чынам. Ваша жонка атрымае самы лепшы догляд».

Міларад Павіч


Балканская школа магічнага рэалізму непаўторная. Галоўным у гэтым шэрагу стаіць, безумоўна, Міларад Павіч, але чытаць яшчэ варта Горана Петравіча, Тэю Обрэхт і іншых. «Апошняе каханне ў Канстанцінопалі» — гэта раман-варажба, завязаны на картах Таро.

«І бачыў галаў у Беларусі, якія жэрлі конскае мяса, і бітву пад Лейпцыгам, і Напалеона на двух выспах…» — так апісваюцца падзеі 1812 года.

Хасэ Каміла Сэла

Другая сусветная — гэта яшчэ адна тэма, у сувязі з якой пастаянна ўзнікаюць назвы беларускіх гарадоў. Яны гучаць у кнізе «Трэці Рэйх» чылійца Роберта Баланьё, калі героі гуляюцца ў настолку на аснове падзей той вайны.

Класічны раман іспанскага пісьменніка Хасэ Каміла Сэлы «Вулей» пра Мадрыд часоў вайны, дакладней, пра наведнікаў адной кавярні, якія дзіўным чынам пераплеценыя паміж сабой.

«Ромула ў сваёй букіністычнай краме чытае газету.

«Лондан. Маскоўскае радыё паведамляе, што некалькі дзён таму ў Тэгеране адбылася нарада паміж Чэрчылем, Рузвельтам і Сталіным».

— Ах, гэты Чэрчыль! Чысты д'ябал! Столькі гадоў старычыне, а носіцца па ўсім свеце, быццам хлапчук!

«Галоўная стаўка фюрэра. У раёне Гомеля, на цэнтральным сектары Усходняга фронту, нашы войскі пакінулі пункты…»

— Эге! Здаецца мне, справы ў іх ідуць чым далей, тым цяжэй!»

***

Калі вас заінтрыгаваў поўны сюжэт якога-небудзь з твораў, раім зазірнуць у кнігарню нашых партнёраў у Мінску на праспекце Незалежнасці, 72 або вуліцы Багдановіча, 46 («Акадэмкніга»).

Файная навіна для немінчукоў: можна замовіць кнігу поштай, наўпрост у свой населены пункт. Інструкцыя тут, прапануе nn.by.



Дата стварэння навіны 25.05.2017

Возврат к списку