АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Змена ўраду Атака на СМІ Мінздраў: карупцыя Курапаты Пенсійная рэформа Справа Федынiча Забойства Паўла Шарамета

Паротнікаў: Правакацыі падчас вучэнняў магчымыя, але не расійская агрэсія

Паротнікаў: Правакацыі падчас вучэнняў магчымыя, але не расійская агрэсія
24.05.2017
Фіналам вераснёўскіх расійска-беларускія ваенных вучэнняў “Захад-2017” можа стаць гібрыдная агрэсія Расіі ў дачыненні да Беларусі.

Фота: AFP

 Такі прагноз у эфіры ўкраінскага тэлеканала “112” дае экс-дарадца прэзідэнта Расіі Уладзіміра Пуціна Андрэй Іларыёнаў.

 “Я лічу, што гэта магчыма. Але не ў сэнсе прамой агрэсіі, як гэта было, напрыклад, у дачыненні да Грузіі. Тут магчымы гібрыдны варыянт ці нават гібра-гібрыдны. Таму што ў нас у верасні чакаюцца найбуйнейшыя ў гісторыі манеўры на тэрыторыі Беларусі з удзелам расейскіх сіл колькасцю ледзь не да 200 тысяч чалавек... Пад гэта, між іншым, у мінулым годзе была сфарміраваная Першая гвардзейская танкавая армія, якая была распушчаная пасля распаду Савецкага Саюза. І ўсе танкавыя дывізіі гэтай арміі знаходзяцца на дарогах, якія вядуць у Беларусь. Таму, якую форму можа прыняць гэтая аперацыя, прадказаць немагчыма”, ― заяўляе Андрэй Іларыёнаў, паведамляе euroradio.fm.

  На самой справе, размовы пра негатыўныя наступствы гэтых вучэнняў як для самой Беларусі, так і для яе заходніх суседзяў вядуцца не першы месяц. У ёй адзначыліся сваімі прагнозамі і перасцярогамі не толькі мясцовыя эксперты, але і заходнія палітыкі і ваенныя.

 Рэагаваць на перасцярогі быў вымушаны і кіраўнік Беларусі.

 

“Ну чаго вы ўзбудзіліся, звычайныя вучэнні, так, як і раней! Я на гэтыя вучэнні запрасіў усіх, усіх жадаючых, у тым ліку і прадстаўнікоў NATO", — сказаў Лукашэнка

 Як бачна, пераканаць усіх у бяспецы будучых вучэнняў “з абарончым характарам” у Лукашэнкі не атрымліваецца. Але і прагнозы таго ж Іларыёнава падаюцца занадта фантастычнымі, кажа кіраўнік аналітычнага праекта Belarus Security Blog Андрэй Паротнікаў. Асабліва лічба ў 200 тысяч расійскіх ваеннаслужачых, якія возьмуць удзел у вучэннях. Падчас акупацыі ў часы Другой сусветнай вайны на тэрыторыі Беларусі размяшчаліся “ўсяго” каля 30 тысяч вайскоўцаў ― дзве дывізіі Вермахта!

 

“Лічба ў 200 тысяч чалавек абсалютна неймаверная і, хутчэй за ўсё, яна ўзятая са столі. Бо ўсе расійскія сухапутныя войскі, раскіданыя ад Калінінграда і да Петрапаўлаўска-Камчацкага, ― гэта 270 тысяч чалавек. Тут што, намёк на тое, што дзве траціны расійскай сухапутнай арміі будуць прысутнічаць у Беларусі? Безумоўна, гэта будзе лічба ў 13 тысяч вайскоўцаў, з якіх, як і было абвешчана, каля трох тысяч будуць расійскія ваенныя,” ― упэўнены Паротнікаў.

  

Андрэй Паротнікаў, фота Змітра Лукашука

Тым не менш, эксперт не выключае магчымасці розных палітычных і інфармацыйных правакацый з расійскага боку падчас гэтых вучэнняў.

 Паротнікаў: “Мы можам чакаць, што будзе вельмі інтэнсіўны аблёт расійскай авіяцыяй мяжы з краінамі NATO. І можна чакаць, што аблёты гэтыя будуць рабіць самалёты, што нясуць ядзерную зброю. Нагадаю леташнія вучэнні “Узаемадзеянне” ў межах АДКБ, што паходзілі ў Пскоўскай вобласці. Шэсць краін бралі ўдзел у вучэннях, і расійскі бок, не папярэдзіўшы нікога з партнёраў, арганізаваў правакацыю: праз гукаўзмацняльнікі пачалі звяртацца да салдат NATO з прапановай здавацца ў палон. Нешта такое будзе адбывацца: агрэсіўна-правакацыйныя дзеянні без пераходу мяжы. Будзе і вельмі актыўная кулуарная праца, каб прадэманстраваць, што Беларусь не з’яўляецца самастойнай у плане рэгіянальнай і ўласнай бяспекі, што яна цалкам залежыць ад Масквы”.

 “Жартачкі” такія хоць і непрыемныя, але ж гэта і не “гібрыдны варыянт” агрэсіі. Чаму ж абмеркаванні верагоднай анексіі Беларусі ў выніку гэтых вучэнняў не спыняюцца? Пасля падзей ва Украіне шмат хто пераглядае выклікі, якія сёння існуюць у рэгіёне, тлумачыць палітолаг Яўген Прэйгерман.

 “Калі адбываецца нешта такое, як анексія Крыма, то гэта шмат у каго ўзнімае ўзровень успрыняцця патэнцыйнай рызыкі. Калі ж казаць пра краіны Балтыі, якія заяўляюць пра пагрозу іх бяспецы ў сувязі з вучэннямі “Захад-2017”, то тут ёсць зразумелае рацыянальнае зерне: для краін Балтыі вельмі важна, каб увага заходніх дзяржаў, NATO і найперш ЗША засяроджвалася на гэтым рэгіёне. Каб гэта выражалася і ў пэўнай фінансавай дапамозе і непасрэдна ваеннай”, ― кажа Прэйгерман.

 

  Яўген Прэйгерман, фота Змітра Лукашука

Беларускі палітолаг раіць не асабліва давяраць апакаліптычным прагнозам экс-дарадцы

 Пуціна. Ён, як і мясцовыя эксперты-канспіролагі, проста хоча прыцягнуць да сябе ўвагу скандальнымі заявамі, кажа Яўген Прйгерман. Але ў выніку наносяць шкоду Беларусі, бо “руйнуюць падмурак даверу да пазіцыі Беларусі ў геапалітычнай, і ў пэўнай ступені ваеннай сферы”.

 Дарэчы, ні Андрэй Паротнікаў, ні Яўген Прэйгерман, ні нават аўтар кнігі “Гібрыдная вайна”, украінскі палітолаг Яўген Магда, не ведаюць, што можа азначаць тэрмін “гібра-гібрыдная вайна”, якой палохае нас Іларыёнаў. Еўрарадыё таксама не змагло знайсці ніякіх азначэнняў гэтага тэрміна.



Дата стварэння навіны 24.05.2017

Возврат к списку