АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Раскол праваслаўя Праграма ураду Атака на СМІ Мінздраў: карупцыя Курапаты Справа Федынiча Забойства Паўла Шарамета

Статкевіч: Майго паплечніка катавалі электрашокерам у КДБ, каб даведацца маё месцазнаходжанне перад 25 сакавіка

Статкевіч: Майго паплечніка катавалі электрашокерам у КДБ, каб даведацца маё месцазнаходжанне перад 25 сакавіка
23.05.2017
Палітык Мікалай Статкевіч расказаў «Нашай Ніве», што атрымаў ад свайго паплечніка — Сяргея Кунцэвіча — пісьмовае паведамленне з СІЗА КДБ.

Сяргей Кунцэвіч — гэта той чалавек, які прывёз гукаўзмацняльную апаратуру ў раён Акадэміі Навук, дзе 25 сакавіка меўся адбыцца мітынг.

У гэтай машыне пасля нібыта знайшлі кактэйлі Молатава, і цяпер Кунцэвіч — адзін з фігурантаў справы «аб падрыхтоўцы масавых беспарадкаў».

Як сцвярджае Статкевіч, у сваім пісьмовым паведамленні (шлях атрымання палітык не выдае, каб не навесці наўпрост на перадатчыка) Кунцэвіч разважае пра ўзаемазвязанасць стану эканомікі і пашырэння рэпрэсій, пра правакацыю з бутэлькамі.

«Былі катаванні электрашокерам. Хацелі даведацца, дзе Мікалай», — працытаваў нам таксама вытрымку з ліста Статкевіч.

На нашае пытанне, ці можна дапусціць, што гэта няпраўда, Статкевіч адказаў так:

«Цяпер я не магу апублікаваць фота ліста, бо не ведаю яго пазіцыю. Ці будзе ён прызнаваць факт перадачы, ці не. Але мы параўноўвалі почырк і ўпэўненыя, што паведамленне належыць Сяргею. Ён тут піша таксама, што хацеў бы, каб гэтае паведамленне было перададзенае ў СМІ».

 Паводле Статкевіча, катаванне электрашокерам магло адбыцца адразу пасля затрымання — тады сам палітык яшчэ хаваўся перад Днём Волі і яго, маўляў, шукала КДБ, каб ізаляваць.

«Мне тады [калі знайшлі] такі капітан КДБ Васілеўскі П.П. сказаў: «Ну мы за вамі і пабегалі». Напэўна, ён можа ведаць болей», — выказаўся наконт меркаваных катаванняў Статкевіч і дадаў, што Кунцэвіча дагэтуль трымаюць у СІЗА, каб ён, у тым ліку, не расказаў пра метады допытаў.

«Выходзяць людзі, іх адпускаюць і яны маўчаць, — сказаў Статкевіч, маючы на ўвазе «справу патрыётаў. — Бо нібыта яны далі падпіску аб неразгалошванні. У той жа час іх паплечнікі [Сяргей Чыслаў - Рэд.] кажуць, што іх катавалі і збівалі, і псіхатропы ўжывалі таксама. Але самі яны маўчаць. Я мяркую, што яны робяць не зусім маральна. Ніякая падпіска аб неразгалошванні не дзейнічае, калі супраць вас здзейснена злачынства. Гэта забаронена артыкулам 20 Канстытуцыі — катаванні не дапускаюцца. Таму, калі яны былі, а вы маўчыце — то тыя вашыя сябры, якія там яшчэ знаходзяцца, падвяргаюцца катаванням. А Кунцэвіч не вайсковец, не трэніраваўся, не мачо, але знайшоў магчымасць перадаць адтуль паведамленне».

Цяпер у планах палітыка — зварот да Чырвонага Крыжа з просьбай наведаць Кунцэвіча ў СІЗА.

Мы таксама звярнуліся ў прэс-службу КДБ, але там словы Статкевіча каментаваць не сталі.



Дата стварэння навіны 23.05.2017

Возврат к списку