АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Раскол праваслаўя Праграма ураду Атака на СМІ Мінздраў: карупцыя Курапаты Справа Федынiча Забойства Паўла Шарамета

Швейцарская гвардыя - найменшая армія свету

Швейцарская гвардыя - найменшая армія свету
20.05.2017
Цікавыя факты пра мілітарную сілу галавы Апостальскага Пасаду.

Гэтае вайсковае фармаваньне называюць найменшай арміяй сьвету. Яе жаўнеры вядомыя перш за ўсё арыгінальнымі, старадаўнімі яскравымі мундзірамі, хоць у гісторыі падразьдзяленьня не бракуе геройскіх ўчынкаў. Сёньня ў гістарычнай рубрыцы распавядзём пра ватыканскую Швэйцарскую гвардыю.

Стваральнікам Швэйцарскай гвардыі быў Папа Рымскі Юліюс II. У 1506 годзе ён стварыў атрад жаўнераў у складзе 150 швэйцарцаў. Такім чынам, 11 гадоў таму ватыканская армія адзначыла 500-годзьдзе.

Дарэчы, у тыя часы швэйцарцы служылі ў многіх краінах Эўропы, бо лічыліся адважнымі й адданымі жаўнерамі: для прыкладу, яны несьлі службу пры манархах Італіі, Нямеччыны й Гішпаніі.

Празь нейкі час аказалася, што рашэньне Юліюса II наконт прыняцьця на службу швэйцарскіх гвардзейцаў выратавала жыцьцё іншаму пантыфіку – Кліменту VII. Гаворыць гісторык касьцёла, ксёндз-прафэсар Генрык Малэцкі.

Кс. Генрык Малэцкі: У гісторыі Швэйцарскай гвардыі ёсьць адна векапомная дата, якая зьяўляецца напамінам пра гвардзейцаў, якія аддалі жыцьцё за папу Клімента VII. Гэта было ў 1527 годзе.

Тады ішла вайна паміж Францыяй і нямецкай імпэрыяй, калі кароль Карл V напаў на караля Францыі Францыска І, які заняў, між іншым, Італію. Папа рымскі падтрымаў у канфлікце францускага караля. І гэта стала прычынай таго, што войскі Карла ўвайшлі ў Італію, разграбілі Рым і пачалі кіравацца ў Ватыкан.

І тады са 189 швэйцарскіх гвардзейцаў ужывых засталіся толькі 42 – гэтак адважны змагаліся маладзёны за Папу, даючы яму шанц уцячы ў Замак Сьвятога Анёла. Зразумела, Папа быў у аблозе ў замку, але пасьля пэўных саступкаў яго выпусьцьлі. Празь некалькі гадоў, у 1533 годзе, Клімент VII каранаваў Карла V імпэратарам Сьвяшчэннай Рымскай Імпэрыі.

 Каб паступіць сёньня на службу ў ватыканскую гвардыю не дастаткова быць грамадзянінам Швэйцарыі. Па-першае, неабходна мець мінімум 174 см росту й быць ва ўзросьце ад 21 да 30 гадоў (некаторыя крыніцы называюць 35 гадоў). Па-другое, гвардзейцы павінны адслужыць у арміі Швэйцарыі й быць прыкладнымі католікамі.


Мінімальны тэрмін службы – два гады, максымальны – 25. Па-трэцяе, швэйцарцы павінны адпаведна выглядаць: ім забараняецца насіць бараду, вусы й доўгія валасы.

У гвардыю бяруць толькі нежанатых мужчын. Хоць здараліся выпадкі, што малады чалавек жаніўся ўжо падчас службы. Напрыклад, была адна гісторыя, калі жонкай швэйцарца стала полька, а маладую пару блаславіў сам тагачасны Папа Ян Павал ІІ.

Служба ў Швэйцарскай гвардыі хоць і прэстыжная, то аднак малапрыбытковая: штомесяц маладзён атрымлівае каля 1300 эўра. Як на эўрапейскія ўмовы – гэта невялікая сума. Цяпер у Ватыкане службу нясуць крыху больш за 110 чалавек.

Дарэчы, Швэйцарская гвардыя складае каля 10% пастаянных жыхароў Ватыкана. У сувязі з гэтым некалі Папа Ян Павал ІІ жартам назваў Ватыкан найбольш мілітарызаванай краінай сьвету.

Гаворыцца, што мундзіры гвардзейцаў распрацаваў славуты Мікеланджэла Буанароці. Але гэта няпраўда – сьцьвярджаюць гісторыкі, якія займаюцца Ватыканам: актуальныя мундзіры распрацаваў камандзір гвардыі ў 1914 годзе паводле ўзору з XVI стагодзьдзя.

Узначальвае Швэйцарскую гвардыю камандзір у чыне палкоўніка – і гэта найвышэйшае званьне ў падразьдзяленьні, генэральскія адсутнічаюць. У гвардыі служаць толькі два падпалкоўнікі – гэта намесьнік камандзіра й капэлян.

На час службы камандзір носіць тытул Двараніна Яго Сьвяцейшаства й зьяўляецца старэйшым членам Папскага Дому.

Дарэчы, цікавы факт: агнястрэльная зброя выдаецца гвардзейцам рэдка, на штодзень яны ўзброеныя халоднай зброяй – мячом і пратазанам. Табельныя пісталеты маюць афіцэры гвардыі, якія ім выдаюцца на час нясеньня начной службы.

па інф. Польскае радыё



Дата стварэння навіны 20.05.2017

Возврат к списку