АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Атака на СМІ Мінздраў: карупцыя Курапаты Пенсійная рэформа Матулі 328:галадоўка Эканамічны крызіс Забойства Паўла Шарамета

Два крычаўскія міліцыянты звольненыя з працы

Два крычаўскія міліцыянты звольненыя з працы
19.05.2017
МУС звольніла крычаўскіх міліцыянтаў Ігара Вусіка і Андрэя Шашкова, абвінаваціўшы іх у распаўсюджванні дыскрэдытуючай інфармацыі ў СМІ.

У канцы красавіка — пачатку мая з’явіліся паведамленні, што Вусік і 10 яго падначаленых звярнуліся да міністра ўнутраных спраў Ігара Шуневіча са скаргай на начальніка Крычаўскага РАУС Станіслава Чупрына і яго намесніка Васіля Ціханенку. 

Міліцыянты, у прыватнасці, заявілі аб паборах з боку кіраўніцтва райаддзела, абразах, наўмысным стварэнні цяжкасцяў у службе. 5 траўня, каментуючы сітуацыю, Шуневіч паведаміў, што праверка МУС выявіла „парушэнне дысцыпліны і ведамасных нарматыўных актаў з боку як кіраўніка РАУС, так і скаржніка, які з’яўляецца фігурантам гэтай праверкі”. Міністр таксама паведаміў аб прызначэнні яшчэ адной праверкі — па факце распаўсюджвання ў СМІ інфармацыі з парушэннямі патрабаванняў унутраных нарматыўна-прававых актаў МУС. Гэтая праверка расцаніла зварот Вусіка і Шашкова ў СМІ для абароны сваіх правоў як парушэнне службовай этыкі і хадайнічала аб скасаванні кантракта з імі па дыскрэдытуючых акалічнасцях. Самі міліцыянеры падалі рапарты з просьбай звольніць іх па пагадненні бакоў. „Звольнілі ўчора, ужо азнаёмілі з загадам. Звольнілі за тое, што распаўсюдзіў дыскрэдытуючую інфармацыю ў дачыненні да кіраўніцтва РАУС аб тым, што яны займаліся супрацьпраўнымі дзеяннямі. Прававая ацэнка іх дзеянням не дадзеная. Дыскрэдытуючая інфармацыя ці не — яшчэ не высветлена, але мяне за гэта ужо звольнілі. У той жа час чацвёрты месяц ідзе цяганіна па нашым звароце і не даецца прававая ацэнка іх дзеянням”, — заявіў Ігар Вусік, адзначыўшы, што ён і калегі маюць намер далей адстойваць свае правы.


 „Мы ў Генпракуратуру, абласную пракуратуру і раённую зварот напісалі такі ж калектыўны пазаўчора. Пра тое, што ішла валакіта і не дадзена прававая ацэнка дзеянням кіраўніцтва РАУС. Падпісалі шэсць чалавек. Астатніх трохі запалохалі”, — сказаў Вусік. Паводле яго слоў, на іншых падпісантаў працягваецца націск. Яшчэ адзін з падпісантаў — былы старшы інспектар па дазвольнай рабоце аддзела аховы правапарадку і прафілактыкі Крычаўскага РАУС маёр міліцыі Юрый Дзюбанаў быў звольнены з органаў унутраных спраў за грубае парушэнне службовай дысцыпліны. Раней УУС Магілёўскага аблвыканкама назвала інфармацыю пра канфлікт у Крычаўскім РАУС скажонай, а інтэрнэт-рэсурсы, якія распаўсюдзілі яе, — дэструктыўнымі. Што тычыцца начальніка Крычаўскага РАУС Станіслава Чупрына, на якога скардзіліся падначаленыя, то ён ад каментароў адмовіўся, паведамляе Беларускае радыё Рацыя.

 



Дата стварэння навіны 19.05.2017

Возврат к списку