АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Раскол праваслаўя Змена ўраду Атака на СМІ Мінздраў: карупцыя Курапаты Справа Федынiча Забойства Паўла Шарамета

Сціплы рыцар Алесь Яўдаха

Сціплы рыцар Алесь Яўдаха
19.05.2017
Адным з першых быў затрыманы вядомы беларускі кнігараспаўсюднік Алесь Яўдаха. Спецназ КДБ «Альфа» забраў яго адразу па заканчэнні літаратурнай прэміі «Дэбют» 21 сакавіка.

Што мы ведаем пра Алеся і чым мог быць небяспечны «класічны кніганош ХІХ ст.», як назваў Яўдаху ягоны сябар Сяргей Дубавец?

Алесь нарадзіўся ў Мінску ў 1975 годзе, атрымаў тэхнічную адукацыю, у войску не служыў — здароўе не дазволіла. У беларускіх колах пачаў мільгаць у 1990-я, далучыўшыся да кампаніі, якая сфармавалася вакол рэдакцыі “Нашай Нівы”. З таго часу “беларускае слова” і ягоны распаўсюд стала для яго шляхам і жыццём.

Алесева інтэрнэт-крама knihi.by — найстарэйшы сайт, які займаецца гандлем выключна беларускай літаратурай, у тым ліку выданнямі, якія не даходзяць або забароненыя для продажу ў афіцыйных гандлёвых сетках краіны. Ад пачатку 2000-х гадоў Яўдаха дасылаў беларускія кнігі па ўсім свеце: у тым ліку замоўцам у ЗША, Аўстралію, Канаду і г.д. Не абыходзілася і без эксцэсаў, напрыклад, у 2013-м ён быў аштрафаваны на велізарную па тых часах суму за распаўсюд кнігі “Маладафронтаўцы”.

Класічны кніганош ХІХ стагоддзя

“Ягоная справа была вельмі важнай для Беларусі, — лічыць алесяў сябар Усевалад Сцебурака, — Бо займацца беларускай кнігай для грошаў — гэта ўтопія. Сёння, як і пяць, і дзесяць год таму гэта не справа, на якой можна зарабіць мільёны: ён жа не прадаваў дапаможнікі для абітурыентаў альбо Дэна Браўна. Гэта быў бізнэс, які не мог існаваць без персанальнай зацікаўленасці прадаўца. Настолькі ж бізнэс, наколькі і справа Ідэі — сіметрычна. Займацца такім бізнэсам, не цікавячыся ім, немагчыма”.

 


Усевалад Сцебурака, Алесь Яўдаха і Зміцер Бартосік каля паўстанцкага крыжу, Астравецкі р-н.

Яўдаха сумяшчаў у сабе рэчы, якія рэдка каму ўдаецца сумясціць: ён быў кніжнікам, але не ў сэнсе збірання рэдкіх кніг па букіністах для ўласнай бібліятэкі. Не быў літаратуразнаўцам, не калекцыянаваў знаёмствы з паэтамі і пісьменнікамі, але выдатна ведаў іх як аўтараў кніг, якімі ён займаўся. За гэта літаратары яго паважалі, але ён не імкнуўся стаць з імі ў адзін шэраг. Ён займаўся кнігамі як прадуктам — “беларускае слова” было ягонай зброяй.

“Гэта быў ягоны чын, ён класічны кніганош ХІХ ст., — мяркуе Сяргей Дубавец, — Яму ёсць на кавалак хлеба і ўсё. Алесь не гнаўся за раскошай, наадварот ахвяраваўся. У мяне была “Руская кніга”, ён агітаваў мяне рабіць другое выданне: усім займаўся цалкам, выдаў. Ясна, што ён нічога не наварыў на гэтым, мо яшчэ і страціў. У краіне няма кніжнага рынку, таму любы такі агмень пад наглядам, пад каўпаком. Уяўляю, як яму было цяжка... Але ён хлопец моцны, цягнуў, як мог”.

Падарожжы, “Дынама” і бокс

Алесь не любіў кавярні і рэстараны, хутчэй мог запрасіць сяброў дадому альбо на прыроду. Клікаць яго ў бар ці клуб на выходныя было бессэнсоўным. Модныя тэндэнцыі ён альбо не прымаў, альбо прымаў мінімальна, таму ў сяброўскім коле нават атрымаў мянушку: “рэтраград”. Гаджэты, стылёвую вопратку і сацыяльныя сеткі Алесь з іроніяй крытыкаваў.

“Ён з нас сцябаўся, — узгадвае блізкі сябар Павел Славінскі, — Нармальным адпачынкам для яго было паехаць у лес на тыдзень. Калі мы, скажам, ездзілі ў лес на выходныя, ён смяяўся, маўляў, гэта не сур’ёзна: каб нармальна адчуць прыроду трэба ехаць на тыдзень, каб дні праз два пачала нармальна працаваць галава, можна было абстрагавацца ад лішніх думак і г.д.”

Іншым бокам алесевых інтарэсаў быў футбол. Гуляў з сябрамі, прыкладна раз на тыдзень, заўзеў за мінскае “Дынама”, бываў на выездах клубу: па Беларусі, ва Украіне, Грузіі.


“Гэта наша суполка: ганяем на выезда, камунікуем, так завязалася сяброўства, — тлумачыць Віталь Шабуня, які ведае Алеся ўжо 12 год, — Напрыклад, ездзілі ў Тбілісі, калі там праходзіў турнір: тбіліскае “Дынама”, “Карпаты—Львоў”, днепрапятроўскі “Днепр” і мінскае “Дынама”. Так “ганялі” штогод, камунікавалі. Людзі ў курсе падзеяў, вельмі перажываюць, пытаюцца пра варыянты дапамогі. Футбольная тэма ж перацякае і ў чалавечыя адносіны — мы ўсе сябры”.



Алесь Яўдаха — заўзятар мінскага ''Дынама''

 Разам з Віталём Алесь ў свой час займаўся боксам — для тонуса і падтрымкі формы. Маўляў, мужчына — гэта заўжды абаронца, таму мае быць моцным і ўпэўненым у сабе. Пры гэтым Яўдаха заставаўся ціхім і неканфліктным чалавекам. “Не разу не бачыў, каб з кімсці сварыўся”, — дадае Віталь.

“Кшталцавацца” — што гэта?

Паводле сяброў, Алесь быў вельмі паслядоўным чалавекам і аднолькавым як для сяброў, так і для сваякоў — двудушнасці ў ім ніколі не было. Менавіта гэтым ён імпанаваў: адчувалася ўпэўненасць, сіла, але без напругі. Гэтым і заваёўваў давер: сваім трошкі іранічным, але вельмі “пацанскім” стаўленнем.

“Алесь — чалавек вельмі псіхічна ўстойлівы, стабільны, надзейны, трошкі флегматычны, — распавядае Усевалад Сцебурака, — Ніколі не бачыў у яго дэпрэсіяў, наадварот, заўсёды падбадзёрваў. Ён ніколі не будзе наракаць ці выгаворваць сумныя гісторыі з уласнага жыцця. Класічны мужчынскі падыход: сваё трымаў глыбока і не дзяліўся з першым сустрэчным, але “не жаваў соплі” і быў лёгкім на пад’ём”.

 


Алесь Яўдаха на курсах ''Мовананова'' у Маладэчне (фота Настассі Роўды)

 Адно з улюбёных алесевых словаў — “кшталцавацца” — самаўдасканальвацца. Менавіта праца над сабой была ягоным шляхам: у бізнэсе, у спорце, у чалавечых адносінах і г.д. Пра яго можна сказаць: прыземлены ў добрым сэнсе, не мройнік, спакойны і надзейны.

“Гэта чалавек звышсціплы, — дадае Міхась Міцкевіч, — Былі спрэчкі і за чаркай, і ў паходзе ля вогнішча, але не магу ўзгадаць сітуацыі, каб ён павысіў голас.У падарожжах я заўжды намагаўся трапіць з ім у адзін намёт, каб пасля адбою яшчэ паў гадзінкі з Алесем “патрындзець”. Ён чалавек начытаны, у мяне нават было ўражанне, што думкі, якія мне прыходзілі ў галаву, Алесь ужо даўно абдумаў і зрабіў высновы. Ён для мяне прыклад, апора. Калі я вагаўся ў нечым, у Алеся быў такі аўтарытэт, што ягоная думка была апошняй кропкай ў маёй спрэчцы з самім сабой”.

 


З сябрам Міхасём Міцкевічам у Гродне

 Заўжды верны Ідэі

Начытанасць Алеся ў сяброўскім коле была легендай: яго цікавіла ўсё, па кожным пытанні ён меў сваё меркаванне, якое часта рознілася ад агульнапрынтага. Таму з ім было цікава гутарыць на любую тэму. Пры гэтым — адкрыты да дыялогу: мог выслухаць любое меркаванне, нават калі яно не супадала з ягоным.

“Для мяне Алесь быў прыкладам у плане ведання мовы і гісторыі, — працягвае Павел Славінскі, — Напрыклад, у гісторыі, дзякуючы яму, шмат якія моманты сталі для мяне зразумелымі. Гэта быў ягоны ўнёсак у развіццё майго кругагляду. Ён размаўляў увесь час на мове, але пры гэтым для яго не было праблемай пераключыцца на рускую. Так і з кнігамі: апроч беларускіх аўтараў ён з задавальненнем чытаў таго ж Пялевіна, то бок ніякага шавінізму ў яго не было”.

 


Падчас вандроўкі па Нёмане

Прынцыповай пазіцыяй Алеся было не з’язджаць з краіны, што б не сталася. І тут варта ўзгадаць ягоную дэжурную фразу, старадаўні рыцарскі дэвіз: “Рабі, што мусіш, а будзе, як будзе”. Міхась Міцкевіч памятае, як пасля падзеяў Плошчы-2010, калі вакол панавала скруха і расчараванне, шмат хто з агульных з Алесем сяброў падумваў пра тое, каб з’ехаць за мяжу. Але аднойчы Яўдаха за кубкам кавы ў сябе на кухні прывёў цікавы прыклад:

“Калі Чачня змагалася за незалежнасць і загінуў Джахар Дудаеў, там таксама былі ўпадніцкія настроі, — перадае алесевы словы Міцкевіч, — Тады нехта сказаў: “Хто змагаўся за Джахара, можа ўстаць і пайсці, а хто змагаўся за незалежнасць — працягваем”. На мяне гэта паўздзейнічала, праўда, а што змянілася? На дадзены момант гэта параза — наша асабістая ці грамадства, але не параза Ідэі. Гэта алесева думка, з якой ён жыў і ніколі не вагаўся. Ён заўжды быў верны сваёй Ідэі”.

“Не веру!”

Такім чынам, паводле фармальных падставаў, Алесь Яўдаха — ідэальны фігурант “Справы патрётаў”. Глядзіце: ён некалі меў праблемы праз кніжку “Маладафронтаўцы”, быў у тусоўцы фанатаў “Дынама”, трымаў сябе ў добрай фізічнай форме, меў штампы пра выезды ва Украіну. Канешне ж ведаў Міраслава Лазоўскага. А як не ведаць? Абодва ж займаліся кніжным гандлем. Па ўсім падыходзіць! Гучыць абсурдна, але логіка тых, хто арыштоўваў Алеся, бачыцца менавіта так. Але…



Алесь Яўдаха — партрэт на фоне муроў Каложскай царквы, Гродна

“Лічу, што на яго месцы мог быць кожны, — кажа Усевалад Сцебурака, — Лазоўскі па маладосці мог быць у “Белым Легіёне” і не хаваў гэтага, наадварот — ганарыўся. Данілаў сімпатызаваў вайсковай тэме. Але Алесь нават у войску не служыў ніколі! Я бачу толькі шызоідны момант, што ў Міраслава нумар Яўдахі мог быць на хуткім выкліку ў тэлефоне, бо яны абодва займаліся кніжкамі, кантактавалі. Глабальна, канешне, гонар апынуцца ў такой кампаніі, але гэта абсурд”.

Ніхто з алесевых сяброў не верыць у выстаўленыя абвінавачванні — ані яму асабіста, ані рэшце абвінавачаных, для ўсіх гэта нонсэнс. “Шок”, “Чалавек трапіў цалкам выпадкова”, “Ніколі не чуў ад яго нічога рэвалюцыйнага”, “Ён там не павінен быць”, “Не веру!” — так гучаць рэакцыі людзей, якія ведалі Яўдаху па 5-10 год, фактычна былі для яго сям’ёй.

“Зачыстка тэрыторыі ад беларусаў”

Паводле Сяргея Дубаўца, “Справа патрыётаў” — першая справа ў Беларусі, паводле якой пасадзілі людзей, якія ў выпадку пэўных агрэсіўных раскладаў былі б 100-адсоткавымі абаронцамі незалежнасці. Дык што ж за дзяржава садзіць сваіх абаронцаў?..

“Слова “акупацыя” у нас асацыюецца з немцамі, а мы, нібыта, і не так страшна жывем, — працягвае Дубавец, — Але гэта акупацыйная адміністрацыя, якая душыць беларушчыну па ўсіх франтах, напханая прарасійскімі элементамі і нават грамадзянамі РФ у сілавых ведамствах. У нас шмат кажуць пра патрыятызм, незалежнасць, але зараз маскі скінутыя. Чаму заўтра цябе ці мяне не арыштаваць?.. Заканамерна, што іх пасадзілі і будуць далей садзіць. Гэта зачыстка тэрыторыі ад беларусаў”.

 

Паводле Дубаўца, фігурантам “Справы патрётаў” варта было б даваць не статус “палітвязняў”, на што дагэтуль не могуць адважыцца беларускія праваабаронцы, а статус “палонных”. Чаму менавіта палонных? Бо іх захапіла чужая ўлада, акупацыйная адміністрацыя, якая не прымае самастойных рашэнняў, і сядзець яны будуць не паводле закону, а паводле рашэння “зверху”. У рэшце рэшт, з такой логікай усё стае на свае месцы.

Па інф. Новы час


Дата стварэння навіны 19.05.2017

Возврат к списку