АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Раскол праваслаўя Праграма ураду Атака на СМІ Мінздраў: карупцыя Курапаты Справа Федынiча Забойства Паўла Шарамета

Забойца Пішчэўскага выйшаў на волю і ня плаціць грошай, бо беспрацоўны

Забойца Пішчэўскага выйшаў на волю і ня плаціць грошай, бо беспрацоўны
17.05.2017
Зміцер Лукашэвіч адмыслова прыйшоў да кавярні, дзе прадстаўнікі ЛГБТ збіраліся на вечарыну. Лукашэвіч прыйшоў туды менавіта для таго, каб абражаць такіх людзей крыўднымі словамі.

Амаль тры гады таму каля мінскай кавярні «Андэрволд» у выніку канфлікту атрымаў смяротную траўму галавы бізнэсовец, гей Міхаіл Пішчэўскі — яго ўдарыў былы настаўнік фізкультуры Зміцер Лукашэвіч, які адмыслова прыйшоў да кавярні, дзе прадстаўнікі ЛГБТ збіраліся на вечарыну. Лукашэвіч прыйшоў туды менавіта для таго, каб абражаць такіх людзей крыўднымі словамі.

Гэтак высветліў першы суд над Лукашэвічам, які праходзіў, калі Пішчэўскі яшчэ ляжаў у коме. Што той пачуў ад Лукашэвіча крыўднае слова, што перапытаў «хто тут п....ры?» і адразу ж атрымаў кулаком у скронь. Далей для Пішчэўскага былі ўдар галавой аб асфальт, непрытомнасьць, апэрацыя, кома з пробліскамі прытомнасьці, пакуты і сьмерць у кастрычніку 2015 году. А для Лукашэвіча (які збег, але потым вярнуўся на месца злачынства) — следства пад вартай, першы і другі суд, прысуд у 2 гады калоніі, датэрміновае вызваленьне па амністыі і зноў суд, які нанясенне цяжкай траўмы перакваліфікаваў у забойства па неасцярожнасці ды прысудзіў злачынцу ўжо 3 гады зьняволеньня. Пры гэтым суд так і не прызнаў у дзеяньнях Дзмітрыя Лукашэвіча варожасці паводле гамафобіі, чаго дамагалася адвакатка.

 


Забіты — Міхаіл Пішчэўскі, да здарэньня, архіўнае фота

Трэці суд па справе Міхаіла Пішчэўскага адбыўся ў ліпені 2016 году. Паводле падлікаў прэсы, на волю прызнаны ў забойстве Зміцер Лукашэвіч павінен быў выйсці ў канцы лета 2017-га. Аказалася, Лукашэвіч ужо 5 месяцаў як выйшаў датэрмінова.

«Ды ён ужо на волі са студзеня. Сказала судовая выканаўца, што дагэтуль нідзе не працуе, таму грошай ад яго мы не атрымліваем. Як сядзеў пасля суду спачатку ў СІЗА, а потым трапіў у калонію, дык за гэты час судовыя выканаўцы змаглі з яго спагнаць толькі па 50 рублёў нам з братам ды 120 маці. Усяго 220. Гэта ўсё за 9 месяцаў. Маёмасці ў яго, сказалі, няма, браць няма чаго. Карацей, намякалі нам падчас суду, што нічога мы ад яго не атрымаем, гэтак і выходзіць», — сказала карэспандэнту Свабоды сястра нябожчыка Міхаіла Пішчэўскага Тацяна.

Суд прысудзіў спагнаць са Змітра Лукашэвіча ў якасці кампенсацыі за маральную шкоду 10 тысяч рублёў на карысць маці Міхаіла Пішчэўскага Валянціны Фёдараўны, і па 5 тысяч рублёў — ягоным брату Віталю і сястры Тацяне.

 

Пытаюся ў Тацяны: як склалася іхнае жыццё пасля суду над забойцам брата?

 

«Ды неяк паціху нармалізуецца. Адплакалі, адгаравалі, крыху супакоіліся. Хаця на могілках бываем вельмі часта, але ўжо ня так усё балюча, як было адразу. Толькі як успамінаем, што Міша пакутаваў, калі ляжаў у коме, дык вельмі дрэнна зноў. Усё абмяркоўвалі гэта, і падумалася, што лепш бы ён Мішу адразу забіў, чым гэтак прымусіў мучыцца. Разумею, што нельга гэтак казаць і думаць, але вось думаецца. А ў нас пакрыху лепш. Маці жыве са мной, на працу ўжо не пайшла. Дачка ў мяне падрастае, ужо 4 гады. Сама працую. Брат Віталік знайшоў іншую дзяўчыну, тая ж жонка яго кінула, як сядзеў з Мішам, дык ужо жаніцца збіраюцца. Можа, будзе ўсё зноў добра. Хаця бяз Мішы гэта ўжо ня тое. Мы яго заўсёды ўспамінаем і ніколі не забудзем».

 

17 маая ў свеце адзначаецца Міжнародны дзень барацьбы з гамафобіяй. Беларускія праваабаронцы кажуць, што ў краіне справы аб гамафобіі амаль не даходзяць да суду ці атрымліваюць зусім іншую кваліфікацыю.

 


Тацяна Равяка

«Ведаю толькі адзін выпадак, калі суд прызнаў, што злачынства ўчынілі з прычын гамафобіі. У лютым 2016 году Першамайскі суд Мінску прызнаў, што на маладога чалавека напалі, збілі і абрабавалі яго менавіта таму, што ён гей. Але, на жаль, гэты матыў — гамафобія — ня быў прызнаны ў справе аб забойстве Міхаіла Пішчэўскага», — кажа праваабаронца «Вясны» Тацяна Равяка.


Дата стварэння навіны 17.05.2017

Возврат к списку