АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Раскол праваслаўя Змена ўраду Атака на СМІ Мінздраў: карупцыя Курапаты Справа Федынiча Забойства Паўла Шарамета

Кітай і мы: танная працоўная сіла

Кітай і мы: танная працоўная сіла
17.05.2017
У хуткім часе мы здолеем прапанаваць гэтаму свету толькі адно – танную працоўную сілу.

Пяць год таму пашчасціла пабываць у Шанхаі. Ужо тады за ім замацаваўся імідж гораду ХХІІ ст. (sic.). Што, уласна, не было дзіўным: за два дзясяткі год у яго ўбухалі столькі грошай, колькасці якіх, бадай, хапіла б на пакрыцьцё лядовымі палацамі і “дамамі Чыжу” усёй тэрыторыі Беларусі ў некалькі слаёў.

Але гаворка не пра гэта. Тады ў Шанхаі можна было лёгка набыць якасныя і пры гэтым танныя рэчы. Настолькі танныя, што потым у крамах еўрапейскіх краінаў цяжка было нешта набыць: проста "западло" было аддаваць грошы за рэч, якая ў Шанхаі каштуе на парадак танней. Сустракаліся ў Шанхаі і дарагія брэндавыя крамы, але гарадзкая вуліца сваёй вопраткай і аксэсуарамі настойліва ўказвала на танны кітайскі рынак.


Зразумела, што калі ў гэтым годзе зявіўся шанец наведаць Кітай яшчэ раз, настрой быў адпаведным. Канечне, на гэты раз паездка была не ў Шанхай, а ва Урумчы. Горад па кітайскіх мерках невялікі (3,5 млн насельніцтва), ня самы развіты, перыферыйны, ды яшчэ і праблемны, дзе да пагрозы тэрарыстычных атакаў ставяцца больш чым сур’ёзна (і не без падставаў). З гэтага ўсяго вынікала верагодная таннасць тавараў і паслугаў.

У выніку – шок. Не, Кітай – усё той жа. З хмарачосамі і “хрушчоўкамі”, дабразычлівым насельніцтвам і цудоўнымі стравамі. Толькі кітайскага рынку няма. Гарадзкая вуліца пазбавілася яго, памяняўшы на стандартныя брэнды кшталту Zara, H&M і таму падобнае. Кошты на гэта ўсё – як у той жа Вільні: не разгонісся. Вуліцы запоўнены новымі, бліскучымі, нятаннымі аўтамабілямі. Большасьць, канечне, “бьюікаў” шанхайскай вытворчасьці (хоць мой сябра, які на такім ездзіць, ня скардзіўся), але, на ўскідку, кожная дзясятая машына з плыні – “паршэ”. На пытанне: так дзе ж знакаміты кітайскі рынак, дзе затаварваюцца “нармалёвыя” людзі, гучыць адказ: які-такі рынак? Вось жа, кажуць, - крамы, буцікі, салоны.


 Урумчы, 2017 г.

Не, хлусяць яны. Рынак ёсьць. Мы знайшлі яго, загнаным у нейкія шматузроўневыя сутарэнні на перыферыі цэнтра гораду. Так, там можна пабачыць танныя рэчы. Толькі іхняя якасьць прымусіць плюнуць да рвануць наперад у пошуках выйсьця. І, што характэрна, гандляры там валодаюць расейскай мовай, што какбэ намякае на мэтавую аўдыторыю рынку.

А на паверхні – зноў сьвет брэндаў. Добра толькі, што рэстарацыі засталіся таннымі і смачнымі. І цудоўнай кухняй самых розных народаў, што насяляюць КНР, можна пачаставацца куды таньней, чым у тых жа рэстарацыях Вільні – стравамі нашага рэгіёну (пра менскія рэстарацыі – маўчу).

Разгадка такой метамарфозы Кітаю ў тым, што 40 год таму кіраўніцтва краіны дало грамадзянам магчымасьць працаваць і зарабляць. І грамадзяне гэтай магчымасьцю зкарысталіся. Браліся за ўсё. Працавалі за грашы. І дзяржава па руках пасьпяховых бізнэсоўцаў ня біла. Бізнэсы ў іх не аджымала. Парадамі, што і як рабіць, не дакучала. Разумела: ня тая дзяржава багатай ёсьць, якая свой народ на алей цісьне, а якая свайму народу багацець дае.

 


Бу! (Нятанная кітайская працоўная сіла)

Інвестары на салодкія ўмовы, утвораныя для іх, зграямі зьляталіся. Паціху і самі кітайцы, якія посьпеху дасягнулі, пачалі ў сваю эканоміку інвеставаць. Потым – пачалі й у чужыя. І вось цяпер Кітай – краіна, якая зарабіла шмат грошай. Настолькі шмат, што галоўны цяперашні кашмар кітайскіх элітаў – не расейскія рэвізіяністыя, і не Паўночная Карэя зь ядзернай бомбай, а паўтор на кітайскае глебе японскага сцэнару 1992 г. з надзьмуваньнем фінансавае бурбалкі.

Для ўсяго астатняга сьвету гэта значыць, што Кітай цяпер – гэта не цэнтар вытворчасьці (хоць і такім ён працягвае заставацца), а цэнтар спажываньня. То бок, перад чалавецтвам адчыніўся гіганцкі – на 1,3 млрд чалавек – рынак. Які гатовы спажываць усё, што не псуе задроўю, і плаціць за гэта нармалёвыя грошы. Ды яшчэ й інвеставаць у разьвіцьцё транспартных калідораў, каб было зручней гэтыя тавары дастаўляць.

Вось тут бы і папёрла нам фішка. Тым больш, што адзін з патэнцыйна асноўных транспартных калідораў адзінага эканамічнага поясу, сапраўды, праходзіць праз Беларусь. І маглі б мы цягнікамі адпраўляць беларускія тавары ў Кітай. Якія тавары? А вы ў людзей запытайце. Магу паспрачацца, што фантазія беларусаў у прапановах кітайскаму рынку сягала б куды далей за адну малочку.

І за некалькі год беларусы маглі б на гэтым добра ўзьняцца. Зараз – найспрыяльнейшы час для гэтага. Стартавы стрэл прагучаў – і свет ірвануў у кірунку Кітаю: прапаноўваць таму свае самыя разнастайныя тавары. І багацець на гэтым. Што замінае нам зкарыстацца кітайскімі магчымасьцямі? Ну, так: даць людзям працаваць і зарабляць – гэта не для нас. Абяцаньне паціснуць руку апошняму прадпрымальніку – ня ёсьць пустым гукам, аб гэтым дзяржава ўвесь час нагадвае грамадзянам. У ейнай карціне сьвету грошы не зарабляюць – іх здабываюць, а потым разьмяркоўваюць. Гэтакая мадэль правадырства, празь якую чалавецтва прайшло некалькі тысячаў год таму. Але для правадыра, у спрыяльных абставінах, такая мадэль можа даць рэсурсу год на 25. А потым – хоць патоп… Ну, па шчырасьці, не “хоць”, а “без варыянтаў”… Але каго гэта турбуе пры адсутнасці стратэгічнага бачання?

 


Раён Пудун у Шанхаі ў 1984 г. і на пачатку ХХІ ст. (з экспазіцыі Шанхайскага музэю горадабудаўніцтва)

Ну, добра. Усе вераць, што перамены адбудуцца. Рана ці позна. Тады й прыйдзе час багацець за кошт кітайскага вакна магчымасьцяў. Можна не страшыцца, што ўсе нішы будуць занятымі: кітайскі рынак настолькі гіганцкі, што “сваю” нішу можна знайсьці заўжды. Мой таварыш, напрыклад, прадае ў Кітаі грузінскія віна. І робіць гэта вельмі пасьпяхова. Галоўнае – даць людзям працаваць і зарабляць…

Вось толькі ёсьць вялікае сумненьне, што і пасьля палітычных зьменаў беларусы атрымаюць такую магчымасьць. Апошнім часам у ФБ мне часьцяком выпадае спасылка на праграму пераменаў у краіне, якую ейныя аўтары сціпла клічуць “рэкамендацыямі” тым, хто будзе ажыцьцяўляць у Беларусі тыя самыя перамены. Адным з асноўных момантаў, якія мяне зачапілі ў гэтай праграме, гэта нейкая, літаральна, пралетарская нянавісьць да вонкавых інвестараў. Гэта мяне моцна зьдзівіла. А потым я пабачыў відэёінтэрв’ю чалавека, які стаіць за гэтай праграмай, зь якога і атрымаў адказ на сваё пытаньне.

Чалавек гэты, як высьветлілася, страшыцца,што іншаземныя інвестары прымусяць беларусаў… працаваць. У якасьці прыкладу была прыведзенай гісторыя зь нейкага гіпермаркету, што зьмешчаны ў Польшчы і належыць да міжнароднага сеціва. Дык у гэтым гіпермаркеце, маўляў, дзяўчыны-прадавачкі ня могуць у прыбіральню адлучыцца, а менаджары прымушаюць іх памперсы апранаць. Вось ад гэтага і марыць абараніць беларусаў аўтар (аўтары) праграмы. “Мы не дадзім ім ператварыць беларусаў у рабоў!”, - крычыць ён пра замежныя кампаніі, якія маглі б укладаць грошы ў нашу эканоміку.

Добра. Не жадаеце працаваць – ніхто прымушаць ня будзе. Але, даруйце, і грошы ніхто вам, у такім выпадку, ня дасьць. Бо грошы мусяць прыносіць прыбытак. І прыбытак яны будуць прыносіць тады, калі нехта будзе працаваць на тых вытворчасьцях, якія на гэтыя грошы пабудаваныя і абсталяваныя. І працаваць на поўніцу, а не з варыянтамі: а мне тут у прыбіральню, а мне тут папаліць, а мне тут кавы папіць і г.д. (Канечне, заўжды існуюць варыянты працы, дзе можна дзейнічаць на “разслабоне”. Але грошай вялікіх за іх ніхто плаціць ня будзе. Жадаеце зарабіць – працуйце.)

Кітайская эканоміка “выкарасквалася” з сваёй бездані ня толькі за кошт таннай працоўнай сілы. Але й за кошт працаздольнасьці і гатоўнасьці працаваць. Побач з домам, дзе я жыў у Шанхаі, была будоўля. Дык зкладалася ўражанне, што яна не спынялася 7/24. Хутчэй за ўсё, так і было. І там увесь час нешта грукатала, іскрылася зваркай, падвозілася, падымалася… Каб зарабіць, кітайцы едуць на іншы ўскраек краіны, ад сваіх сем’яў, на некалькі год – але зарабляюць! Праз гэта прайшла ў свой час Эўропа, прайшоў Кітай. І цяпер у іх ёсьць грошы. І працоўная сіла ў іх цяпер нятанная. Настолькі нятанная, што можа дазволіць сабе і “бьюікі”, і брэнды, і кватэры 100+м2. І рэстарацыі можа сабе дазволіць. І наведваньне масажнага салону раз на тыдзень. Чыста для здароўя.

Так, беларусы таксама здольныя працаваць. Але калі на змену цяперашняму рэжыму ў нашай краіне прыйдзе рэжым, які будзе абараняць беларусаў ад працы, дык у хуткім часе мы здолеем прапанаваць гэтаму свету толькі адно – танную працоўную сілу. Вельмі танную. І любыя спробы ўзняць яе цану будуць жэстачайшэ выкараняцца дзяржавай.

 

Яўген Красулін, АГП 


Дата стварэння навіны 17.05.2017

Возврат к списку