АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Выбары-2019 Змена ўраду Атака на СМІ Мінздраў: карупцыя Курапаты Пенсійная рэформа Забойства Паўла Шарамета

“Злуюся на яго: як можна быць такім наіўным і самому пайсці ў КДБ!”

“Злуюся на яго: як можна быць такім наіўным і самому пайсці ў КДБ!”
16.05.2017
Для затрыманых па “справе патрыётаў” нічога не змянілася: 18 чалавек гэтак жа знаходзяцца за кратамі, іх па-ранейшаму абвінавачваюць у “падрыхтоўцы масавых беспарадкаў”, “стварэнні незаконнага узброенага фармавання”.

Дзяржаўныя СМІ больш не палохаюць беларусаў “баевікамі з “Белага легіёна” ― увагу перацягнулі хакей і “Еўрабачанне”. Але для затрыманых па “справе патрыётаў” нічога не змянілася: 18 чалавек гэтак жа знаходзяцца за кратамі, іх па-ранейшаму абвінавачваюць у “падрыхтоўцы масавых беспарадкаў”, “стварэнні незаконнага узброенага фармавання”. Што з імі адбываецца за кратамі мы можам даведацца, і то не цалкам, толькі з лістоў на волю.



Ліст Аляксандра Зімніцкага, фота Еўрарадыё

 З лістоў можна паспрабаваць зразумець, што гэта за людзі ― тыя, каго адны называюць баевікамі, а іншыя ― патрыётамі?

 

Але наш шлях ― гэта наш шлях, і мы яго мусім прайсці, каб людзьмі звацца”

 Даведка Еўрарадыё: Аляксандр Зімніцкі ― 1991 года нараджэння, выпускнік гістфака БДУ, навуковы супрацоўнік Нацыянальнага гістарычнага музея, не ўваходзіць ні ў якія партыі. Затрыманы 29 сакавіка 2017 года, абвінавачваецца па артыкуле 287 “Стварэнне незаконнага ўзброенага фармавання”, знаходзіцца ў СІЗА-1.



Аляксандр Зімніцкі, фота Еўрарадыё

Рагнеда як і Аляксандр Зімніцкі вучылася на гістфаку. Пазнаёміліся яны на пачатку 2014 года, калі Аляксандр ужо быў на пятым курсе, а яна ― на чацвёртым. Пазнаёміліся дзякуючы агульнай сяброўцы-настаўніцы, якая вырашыла сваіх вучняў прывезці ў музей на гістфаку. Рагнеда ўзялася дапамагчы сяброўцы, а сярод іншых памагатых апынуўся Аляксандр.

 “Я чула яго прозвішча, бо ён быў кшталту знакамітасці на нашым факультэце. Усе пра яго чулі, але я яго да той сустрэчы ні разу не бачыла”, ― з усмешкай прыгадвае дзяўчына.

   “Нават самыя цяжкія абставіны ў жыцці маюць уласціваць праходзіць, вось, і гэтыя пройдуць. Па выніку, пакінуўшы таксама штосьці добрае ― напрыклад, наша з табою ліставанне”, ― з ліста Аляксандра Зімніцкага Рагнедзе.

  Гэтае знаёмства працягнулася сяброўствам і, крыху сумеўшыся, прызнаецца Рагнеда, рамантычнымі адносінамі. Але неўзабаве іх з Аляксандрам шляхі разышліся, і апошні год яны амаль не кантактавалі. А як толькі стала вядома пра затрыманне, яна першай напісала Аляксандру ліст за краты. Менавіта таму меркаванне гэтай дзяўчыны пра Аляксандра Зімніцкага падаецца мне вартым веры. І такім… дзявочым.

Гэты чалавек ніклі не быў схільны да агрэсіі. Ведаеце, розныя ёсць хлопцы, розныя ёсць мужчыны, а гэты чалавек дакладна да агрэсіі не схільны. Ён, хутчэй, схільны да таго, каб дапамагаць усім навокал. Што бачна і з гісторыі нашага з ім знаёмства. Ніколі нічога супрацьзаконнага дакладна не рабіў. І яшчэ такі момант… Я на яго трошкі раззлаваная з-за яго наіўнасці. Бо на той момант, як ён даведаўся пра вобшук у сваім пакоі ў інтэрнаце, ён быў у бацькоў у Докшыцкім раёне. І, па шчырасці, мог бы не вяртацца ў Мінск. Але ён вярнуўся! Мала таго, калі яму патэлефанавалі і выклікалі на размову ў КДБ, ён туды ўласнымі нагамі прыйшоў. Бо на сто адсоткаў быў упэўнены, што ён нічога супрацьзаконнага не рабіў, ні ў чым не вінаваты. Але я злуюся, бо як можна быць такім наіўным? Як можна думаць, што ў нашай краіне калі ты не вінаваты, то абавязкова з табой нічога не здарыцца?!” ― горача абураецца дзяўчына.

“Шмат думаю, шмат успамінаю і адчуваю, што свае 25 мо і не пражыў упустую, жыццё здаецца напоўненым: падзеямі, прыгодамі, бадай, самае галоўнае, людзьмі ― напоўненае, як неба зоркамі. І гэтае неба я нашу з сабой. Таму я ніколі не буду вязнем. Шляхта заўсёды застаецца вольнай!)” ― з ліста Аляксандра Зімніцкага Рагнедзе.

А яшчэ ў сваіх лістах Зімніцкі просіць прабачэння ў сваякоў і сяброў за тое, што сваім арыштам дадаў ім столькі клопатаў.

“Ён такі чалавек, што заўсёды намагаецца трымацца бадзёра. Мала таго ― ён намагаецца падтрымліваць нас, тых, хто застаўся на волі. Нібыта нам тут горш!” ― кажа Рагнеда.

 

У тое, што Аляксандр мог браць удзел у нейкім узброеным фармаванні, дзяўчына не верыць і нават абураецца.

 

“Чаму ён?.. Можа, гэта наіўны жаночы погляд, прычына ў тым, што справа гэтая пачалася з былых удзельнікаў “Белага легіёна”, а потым проста распаўсюдзілася на знаёмых гэтых былых удзельнікаў. Шукалі, відаць, па кантактах. А яны ўсе так ці інакш былі знаёмыя. Але ўся гэтая справа падаецца мне поўным абсурдам”, ― кажа Рагнеда.

“На апошняй ці першай

Беларускай старонцы

Паміж белых прывідаў

Калісьці зялёнага дрэва

Я малюся свята

Кожнай беларускай кропцы

Якім бы фіналам яна не чарнела”.









З ліста Аляксандра Зімніцкага Рагнедзе.

 

“Напэўна, шмат для каго на волі ўмовы, у якіх знаходзяцца арыштаваныя, падаюцца непамерным цяжарам”

 Даведка Еўрарадыё: Уладзімір Фёдараў ― 1988 года нараджэння, выпускнік гістфака БДУ, скончыў магістратуру. Апошнія 2,5 года працуе ў сферы лагістыкі авіяцыйных перавозк, да нейкай партыі не належыць. Затрыманы 29 сакавіка 2017 года, абвінавачваецца па артыкуле 287 “Стварэнне незаконнага ўзброенага фармавання”, знаходзіцца ў СІЗА КДБ.



Уладзімір Фёдараў

Кацярына з Уладзімірам Фёдаравым пасябравала праз беларускую мову. Хлопец заўжды размаўляў па-беларуску, а за мяжой у Вільні, дзе яны вучыліся ў 2013-2014 гадах, гэта было як знак “свайго чалавека”, прыгадвае Кацярына.

 “Валодзя там быў для мяне нібыта старэйшы брат, на якога заўжды можна разлічваць. Гэта быў мой першы досвед навучання за мяжой, і мне там заўжды было вельмі спакойна ад ведання таго, што Валодзя побач ― такі вось беларус, брат. І кожны раз, калі едзеш з вялікімі торбамі з Вільні ці наадварот, ён заўжды сустракаў, дапамагаў давалачы тыя торбы да інтэрната. Сапраўды, ён такі чалавек, які абавязкова прыйдзе на дапамогу. Апроч гэтага, мы разам падарожнічалі, Валодзя робіць вельмі прыгожыя фотаздымкі, а я таксама люблю фатаграфаваць, і ён мяне нават крыху вучыў”, ― прыгадвае дзяўчына.

Уладзіміра Фёдарава Кацярына апісвае як чалавека вельмі сур’ёзнага і разважлівага. Можа, кажа, аж занадта, не па гадах сур’ёзнага. Адданага свайму захапленню ― гісторыі, і сваёй працы. І гэта бачна з яго ліста дзяўчыне. Дзе ён спакойна і разважліва… супакойвае.

“Да абмежаванняў і асаблівасцяў рэжыму ўтрымання. Па-першае, перадусім трэба мець на ўвазе факт, што цяпер узровень жыцця дастаткова высокі, узровень сытасці, а часам і разбэшчанасці грамадства, таксама. Чытаючы кнігі, якіх тут поўна ў бібліятэцы, пра вандроўкі ХІХ― пач. ХХ ст., мараплаванне, войны, разумееш, што твае ўмовы амаль санаторныя ў параўнанні з тымі…

… Тэмпература, санітарна-гігіенічныя працэдуры ў камеры, доступ да кніг, газет, тэлебачання ― не горш, а то і лепш, чым пры службе ў войску. Харчаванне ― лепшае. Нават на пайцы, што даецца дарма (без перадач), можна нармалёва пражыць. У “Амерыканцы” дык яно ўвогуле добрае”, ― з ліста Уладзіміра Фёдарава сяброўцы Кацярыне.

 

 Затрыманне Уладзіміра стала для Кацярыны шокам.

“Валодзя ні ў якім разе не трапляе пад партрэт чалавека, які мог бы рыхтаваць нейкія беспарадкі ці нешта яшчэ больш жахлівае. Гэта проста немагчыма! Ён звычайны чалавек, як я ці вы, ён жыве сваім жыццём, і гэта вельмі дзіўна. Але ён вельмі моны хлопец, і проста гонар бярэ, як ён трымаецца і ўспрымае ўсё гэта”, ― узрушана кажа Кацярына.

На пытанне, чаму пад падазрэнне патрапіў менавіта Уладзімір, у Кацярыны няма адказу. Дзяўчына на колькі секундаў замаўкае, пачуўшы маё пытанне, а потым, нават крыху разгублена адказвае: “Я ўвогуле да гэтага часу не разумею таго, што адбываецца…”







euroradio.fm


Дата стварэння навіны 16.05.2017

Возврат к списку