АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Выбары-2019 Змена ўраду Атака на СМІ Мінздраў: карупцыя Курапаты Пенсійная рэформа Забойства Паўла Шарамета

Лукашэнку прапанавалі праводзіць выбары па партыйных спісах

Лукашэнку прапанавалі праводзіць выбары па партыйных спісах
15.05.2017
Сябры Беларускай партыі “Справядлівы свет” прапанавалі кіраўніку Беларусі змяніць існуючую выбарчую сістэму на змешаную і праводзіць выбары па партыйных спісах.

Па словах лідара партыі Сяргея Калякіна, такі зварот быў накіраваны таксама ў Палату прадстаўнікоў і ў Савет Рэспублікі. Пакуль адказ прыйшоў толькі з парламента.

Калякін: “У лісце з Палаты прадстаўнікоў сказана, што разгледжана наша прапанова ў камісіі па заканадаўстве. Нам падзякавалі за зварот, але заявілі, што для таго, каб увесці змешаную сістэму, неабходна ўнесці змены ў Канстытуцыю. Прычым, па іх меркаванні неабходна ўносіць змены ў артыкулы, якія патрабуюць усенароднага рэферэндуму. Прыблізна такі ж адказ прыйшоў і з Савета Рэспублікі”.

Лідар левых не згодны з тлумачэннем заканадаўцаў. Калякін упэўнены, што ўвядзенне змешанай сістэмы не патрабуе зменаў у Канстытуцыю. Што цікава, з ім згодная і старшыня Цэнтрвыбаркама Лідзія Ярмошына. У каментары Еўрарадыё яна заявіла, што ўзнятае “Справядлівым светам” пытанне могуць вырашыць дэпутаты, паведамляе euroradio.fm.

Ярмошына: “Гэта можна ўвесці пры жаданні вельмі хутка: дастаткова адмяніць інстытут адклікання дэпутата і ўсё. Інстытут адклікання знаходзіцца ў трэцім ці чацвёртым раздзеле Канстытуцыі, гэта “Выбарчая сістэма”, і ён не патрабуе зменаў шляхам рэферэндуму. Ён можа быць зменены парламенцкім шляхам”.

Такім чынам, у “Справядлівы свеце” чакаюць толькі адказу ад кіраўніка краіны. Сяргей Калякін кажа, што ўлада будзе гатовая да такога рашэння толькі тады, калі створыць сваю “партыю ўлады”. І такой партыяй можа стаць “Белая Русь”, калі надаць ёй адпаведны статус.

Фота: ria.ru


Дата стварэння навіны 15.05.2017

Возврат к списку