АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Змена ўраду Атака на СМІ Мінздраў: карупцыя Курапаты Пенсійная рэформа Эканамічны крызіс Забойства Паўла Шарамета

Маці Вячаслава Сіўчыка, які 12 дзён галадае ў турме: «Прачынаюся начамі — ці ён жывы?»

Маці Вячаслава Сіўчыка, які 12 дзён галадае ў турме: «Прачынаюся начамі — ці ён жывы?»
15.05.2017
Актывіст руху салідарнасці «Разам» Вячаслаў Сіўчык, які адбывае ў турме на Акрэсціна 15 сутак арышту за акцыю 1 мая, з 3 мая трымае галадоўку.

Звестак пра стан здароўя актывіста ў сваякоў няма, бо да яго не пускаюць адваката. Ні лістоў, ні званкоў сваякі ад Сіўчыка не атрымлівалі.

Маці актывіста Галіна Сіўчык кажа, што баіцца самага горшага, бо ведае, з якімі складанасцямі сын сутыкаецца падчас галадовак:

«Прачынаюся ўначы ад жахлівай думкі: што там з сынам, ці ён жывы? Калі б ведаць што пра яго, было б лягчэй, але гэтак, у поўнай ізаляцыі — гэта такія пакуты! Слава падчас галадоўкі ў 1996 годзе трапіў у рэанімацыю, казаў пасьля, што мог жывым ня выйсьці. Але ж тады да яго хоць сьвятара дапусьцілі, а цяпер — нікога. Адвакату нават не дазволілі прысутнічаць на працэдуры падачы скаргі на прысуд. Невядома, ці дапамагаюць яму лекары — а ў яго ж зусім слабы зрок, шмат захворваньняў!» — непакоіцца Галіна Сіўчык.

3 мая Вячаслаў Сіўчык удзельнічаў у мітынгу памяці ахвяр палітычных рэпрэсій у Барысаве. На адваротным шляху, ужо ў Мінску, у маршрутку, на якой актывіст вяртаўся з Барысава, падселі двое супрацоўнікаў у цывільным. На прыпынку актывіста схапілі і пацягнулі ў аўтамабіль без нумароў, які адмыслова чакаў Сіўчыка, паведмляе радыё Свабода.

«Ніхто з пасажыраў маршруткі нават слова ня пікнуў», — абураецца маці вядомага актывіста, згадваючы пра затрыманьне сына.

Сёлета Вячаслава Сіўчыка ўжо штрафавалі і арыштоўвалі за ўдзел у несанкцыянаваных акцыях. 23 сакавіка, напярэдадні Дня Волі, Вячаслава Сіўчыка затрымалі падчас пахавання сваяка.

Маці Сіўчыка кажа, што яе сын адмыслова абвясціў галадоўку пратэсту супроць умоваў у ізалятары на Акрэсьціна, якія значна пагоршыліся ў параўнаньні з пачаткам 2010-х гадоў. «Вось супроць усяго гэтага Вячаслаў і трымае галадоўку», — мяркуе Галіна Сіўчык.

Галіна Сіўчык расказала пра абмежаваньні ў перадачах, якія існуюць паводле правілаў ІЧУ на Акрэсціна: там прымаюць толькі адну перадачу на 3 дні вагой да 5 кіляграмаў і толькі ад сваякоў. Маці актывіста расказала, што ад жонкі Вячаслава Сіўчыка цягам ягонага арышту ў турме на Акрэсьціна перадачы прымалі, але тамтэйшыя абмежаваньні, на яе думку, ня ўлічваюць асаблівых патрэбаў вязьня-галадоўніка, піша Наша Ніва.

«Пры галадоўцы чалавеку трэба піць 3—5 літраў чыстай вады штодня, але на Акрэсціна вада брудная, яна з крана. Перадаць чыстую ваду можна толькі праз перадачу, але адной перадачы на тры дні не хапае, і ўжо зусім не застаецца вагі на харчы ці вопратку. А надвор’е стаяла халоднае. Вось і думала жонка, што перадаваць: швэдар ці бутэльку вады?»

На волю Вячаслаў Сіўчык мае выйсці 18 мая а 16 гадзіне дня. Але праваабаронцы адзначаюць, што міліцыянты цяпер вярнуліся да ранейшай практыкі, калі час вызваленьня не супадае з часам затрымання.

 


Дата стварэння навіны 15.05.2017

Возврат к списку