АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Раскол праваслаўя Праграма ураду Атака на СМІ Мінздраў: карупцыя Курапаты Справа Федынiча Забойства Паўла Шарамета

Этнападарожжа. Некананічная народная святыня

Этнападарожжа. Некананічная народная святыня
14.05.2017
Беларусь па праве можа лічыцца не толькі краінай блакітных рэк і азёр, але і краем святых крыніц.

Ушанаванне прыродных водных вытокаў – адно з яркіх увасабленняў так званага народнага хрысціянства. Услаўляюць крыніцу, але моляцца Богу. Наш матэрыял, падрыхтаваны паводле звестак акадэмічных фалькларыстаў з Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі, адкажа на многія пытанні, звязаныя з беларускімі крыніцамі. Запрашаем у этнападарожжа.

Ці падлічана, колькі ў нашай краіне крыніц?

Дакладна не. Але спробу сістэматызаваць сакральныя водныя аб’екты Беларусі рабілі раней даследчыкі Л.Дучыц і Э.Зайкоўскі. Паводле іх даследавання, на тэрыторыі краіны ў яе сучасных межах на пачатак 1990-х гадоў налічвалася 121 культавая крыніца. Аднак сённяшнія палявыя даследаванні кажуць пра непаўнату гэтых звестак. Бо толькі на тэрыторыі Беларускага Падзвіння архіўныя і краязнаўчыя матэрыялы дазволілі лакалізаваць каля 80 культавых крыніц.

Дзе крыніц больш за ўсё?

На тэрыторыі Беларусі яны распаўсюджаны нераўнамерна, таму што кожны рэгіён мае свае геамарфалагічныя асаблівасці. Калі на Брэстчыне вядома 7, на Гродзеншчыне – 10, а на Гомельшчыне і Магілёўшчыне – па 15 культавых крыніц, то на Міншчыне і Віцебшчыне іх налічваецца адпаведна 28 і 461. Такім чынам, на Беларусі крыніцы найчасцей трапляюцца на Поўначы ў далінах вялікіх рэк, каля азёрных упадзін. Адсюль мінімальная прадстаўленасць культавых крыніц у ландшафце Брэстчыны, а таксама неразвітасць іх ушанавання ў мясцовай культурнай традыцыі.

Ці ёсць знакамітыя беларускія крыніцы?

Слава пра некаторыя цудатворныя беларускія крыніцы (напрыклад, «Сіні калодзеж», які называюць яшчэ Блакітнай крыніцай, каля в. Кліны Слаўгарадскага раёна) ужо даўно сягнула за межы не толькі мясцовасці, дзе яны знаходзяцца, але і краіны. Штогод да іх ідуць сотні паломнікаў з усёй Беларусі, а таксама з Латвіі, Расіі, Украіны. Гэта не значыць, аднак, што каштоўнасць менш вядомых крыніц ніжэй.

Чаму адна крыніца будзе мець статус святой, а іншая не?

Дзе тая мяжа паміж «фізікай ды лірыкай»? Сакральны статус – прадукт выключна культурнай традыцыі канкрэтнага рэгіёна, які ўключае ў сябе комплекс элементаў (міфалогія, народны каляндар і інш.). Культавая крыніца – гэта прыродны аб’ект, які ў лакальнай народнай традыцыі мае пастаянны сакральны статус і адыгрывае функцыю рытуальнага цэнтра ў пэўных абрадавых сітуацыях. Да таго ж святы і культавы – не адно і тое ж. Напрыклад, найменне «святое» можа мець возера, дзе, паводле падання, калісьці правалілася царква. Але гэтае возера, у адрозненні ад святой крыніцы, не ўключана ў абрадавыя практыкі мясцовага насельніцтва.

Як арганізавана сакральная прастора крыніцы?

Найбольш пашыраны на тэрыторыі Беларусі атрыбут культавых крыніц – капліцы. Зруб альбо капліца ўзводзяцца непасрэдна над крыніцай, як у в. Асецішча Докшыцкага раёна. Такім жа чынам пабудаваныя капліцы над культавымі крыніцамі ў вёсках Сарочына, Дабрамыслі Бешанковіцкага раёна, Слабадзе Віцебскага раёна.



Як суіснуюць пакланенне прыроднаму вытоку з праваслаўным крыжом?

Культ крыніц на беларускіх землях мае даўнюю гістарычную традыцыю. Адносіны ж царквы да крыніц мяняліся. Традыцыя ўшанавання крыніц засталася дзякуючы сімбіёзу паганскіх і хрысціянскіх уяўленняў пра сакральны статус вады і крыніц у прыватнасці. Сёння культ крыніц уключаны ў сістэму народна-рэлігійных практык і знаходзіцца пад патранажам царквы, пераважна праваслаўнай. У савецкі ж час мясцоваму кіраўніцтву нярэдка даваўся загад знішчаць атрыбуты святых крыніц. Нягледзячы на атэістычную барацьбу з «вясковымі» святынямі людзі таемна шанавалі і даглядалі іх нават у самыя неспрыяльныя часы. У сельскай мясцовасці крыніцы з капліцамі выконвалі сімвалічныя функцыі храма. На крыж вешаліся ручнікі, а ў ваду кідалі грошы, як плату. Раней мясцовыя жыхары прыносілі ў дар крыніцы розныя рэчы.

Што дае крынічная вада?

Нашыя продкі верылі (і перадалі гэта нашым сучаснікам), што крыніцы – «вочы Маці зямлі» – святыя, бо даюць людзям бадзёрасць і сілу, чысціню і здароўе. Каб асэнсаваць міфалагічную сімволіку крыніцы ў традыцыйнай карціне свету, этнолагі ўлічваюць вектар яе руху. Ён рэалізуецца па лініі ніз – верх, з падзем’я – на паверхню, што палярна адрозніваецца ад вертыкальнай арыентаванасці рэк: верх – ніз, з вытокаў – да вусця. Калі ўніз (на Захад) са свету людзей выпраўляюцца хваробы, то сам чалавек у пошуках здароўя перамяшчаецца уверх (на Усход), дзе і сустракае суб’ектаў вышэйшай, боскай сферы. Акрамя таго, вада, якая насуперак сваім фізічным уласцівасцям уздымаецца ўверх, увасабляе сабой ідэю росту, прыбытковасці, росквіту.

Ці ўшаноўваюць у Беларусі іншую «глыбінную» прыродную ваду?

У нас найбольш пашыраны тры тыпы культавых водных аб’ектаў – крыніца, ключ і кало­дзеж. Сувязь калодзежа з зямной (а гэта значыць, і нябеснай) вільгаццю тлумачыць яго шырокае выкарыстанне ў рамках абрадаў выклікання дажджу. Культавы калодзеж у лясным урочышчы прыпадабняецца да святога горада, які «арганізуецца як рытуальны цэнтр, як храм, месца ахвярапрынашэння, алтар».

Ці носяць святыя крыніцы і калодзежы ўласныя назвы?

Нярэдка носяць, прычым назвы з біблейскім гучаннем, што яшчэ раз напамінае нам пра народнае хрысціянства. Шэраг культавых крыніц апелюе да прэцэдэнтных хрысціянскіх падзей. Напрыклад, святы калодзеж Русалім у Сеннінскім раёне. Мясцовая святыня такім чынам атрымлівае найвышэйшую катэгорыю святасці для людзей, якія яе шануюць. Каля в. Смаляры Барысаўскага раёна лясны ўзгорак мае назву Святаянскай гары, або гары Святога Яна. Ля падножжа яе знаходзіцца крыніца, якую ў народзе лічылі святой і ласкава называлі Ісусік, Ёзусік, Язусік. Асобна скажам пра ўзнікненне святых крыніц, якія сталі біць пасля «правалу» пад зямлю храмаў і капліц. Сваёй вадой такія крыніцы ўвасабляюць і перадаюць сакральную энергію ў свет людзей.

Дзе можна пачытаць пра беларускія крыніцы больш поўна?

У мінулым годзе Выдавецкі дом «Беларуская навука» выпусціў у свет даследаванне «Святыя крыніцы Беларусі» пад аўтарствам Уладзіміра Лобача і Таццяны Валодзінай. Легенды, паданні, цуды ацалення, абрады і каляндарныя святы, звязаныя з ушанаваннем крыніц беларусамі, – пра ўсё гэта вы зможаце даведацца з выдання. Кніга адметная вялікай колькасцю сабраных экспедыцыйных фальклорна-этнаграфічных матэрыялаў са стылістычна ўнікальнай гаворкай жыхароў беларускіх вёсак. Вялікі шэраг фотаздымкаў крыніц з усіх рэгіёнаў Беларусі дапаможа найпаўней асэнсаваць матэрыял.

Фота прадстаўлена аддзелам фалькларыстыкі і культуры славянскіх народаў

Алена ЕРМАЛОВІЧ, «Навука»




Дата стварэння навіны 14.05.2017

Возврат к списку