Вярхоўны суд прызнаў кнігу пра Курапаты экстрэмісцкай. Пазьняк: Няма ніякага прымірэння вакол Курапатаў

Вярхоўны суд Беларусі прызнаў кнігі Зянона Пазьняка пра Курапаты і гісторыю фатаграфіі экстрэмісцкімі. Выданні затрымалі ў 2015 годзе. Экспэртыза і суд занялі 2 гады.
Кнігі «Абарона Курапатаў: Народны мэмарыял» і «Добрая фатаграфія» беларускія мытнікі канфіскавалі 27 верасня 2015 году ў адказнага сакратара ўправы КХП-БНФ Алеся Чахольскага ў Брэсце. Экстрэмісцкай літаратурай кнігі Пазьняка суд прызнаў яшчэ раней. Вярхоўны суд канчаткова пацвердзіў гэтае рашэнне.

Алесь Чахольскі
Чахольскі: Нічога нечаканага для нас няма. Змаганне за Курапаты — гэта змаганне з КГБ, якое там страляла. Яны ня могуць дараваць Пазьняку, што ён знайшоў цела нябожчыка, рэчавы доказ іх злачынства. Гэтая кніга ёсць у вольным доступе ў Інтэрнэце. Дык дзякуй за рэкляму гэтак званым экспэртам. Цяпер мы будзе зьвяртацца ў Камітэта па правах чалавека ААН, каб паказаць увесь маразм гэтай улады.
Аўтар кніг, старшыня КХП-БНФ Зянон Пазьняк, распавёў Свабодзе, што лічыць экспэртызу і судовае рашэнне спробай зьнішчыць «доказы злачынства» ў Курапатах.

Дзмітрый Гурневіч, радыё Свабода