АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Мінздраў: карупцыя Курапаты Пенсійная рэформа ЧС-2018 Матулі 328:галадоўка Эканамічны крызіс Забойства Паўла Шарамета

Чачэнцы ў Брэсце: "Нам тут добра. Але мы хочам у Аўстрыю"

Чачэнцы ў Брэсце: "Нам тут добра. Але мы хочам у Аўстрыю"
13.05.2017
Па інфармацыі беларускіх праваабаронцаў у Брэсце знаходзіцца каля 400 чалавек. Некаторыя спрабуюць перасекчы беларуска-польскую мяжу дзесяткі разоў запар, але марна.

"Нам тут добра. Але мы хочам у Аўстрыю"

6 гадзін раніцы, міжнародная зала брэсцкага чыгуначнага вакзала паступова запаўняецца людзьмі. Я прыйшоў за дваццаць хвілін да пачатку памежнага кантролю, міжволі слухаю размовы мясцовых кантрабандыстак:

― Глянь, колькі сёння гэтых.

― Іх заўсёды шмат.

― Не, сёння больш, чым звычайна.

― Маскоўскі цягнік толькі прыйшоў, можа, адтуль.

― Едуць, каб прытулку прасіць.

― Можа, і нам паехаць?

― Нам не дадуць.

"Гэтымі" брэсцкія цёткі называюць каўказцаў, у асноўным, чачэнцаў, якія выкарыстоўваюць брэсцкі вакзал у якасці транзітнай кропкі на сваім шляху да атрымання статуса бежанца ў Еўрасаюзе. Маршрут просты: Грозны ― Масква ― Брэст ― Тэрэспаль. Апошні пункт ― гэта калі пашанцуе. Шэнгенскіх віз (ці хаця б нацыянальных полськіх) у чачэнцаў няма. Па інфармацыі беларускіх праваабаронцаў, якія дапамагаюць каўказцам у Брэсце, цяпер там знаходзіцца каля 400 чалавек. Некаторыя спрабуюць перасекчы беларуска-польскую мяжу дзесяткі разоў запар, але марна. Польскія памежнікі прапускаюць далёка не ўсіх жадаючых. Падыход палякаў да пропуску мала зразумелы.

Адчыняюцца дзверы на памежны кантроль. У праходзе стаіць чалавек у зялёнай форме, і аднаго за адным спыняе каўказцаў, патрабуючы паказаць пашпарты. Заўважыўшы маю сінюю вокладку, толькі моўчкі ківае галавой.

Цягнік "Брэст-Тэрэспаль" складаецца з чатырох вагонаў і нечым нагадвае пра часы нямецкай акупацыі, калі грамадскі транспарт быў падзелены на "для немцаў" і "для астатніх". Чачэнцы з торбамі, клункамі і дзецьмі едуць у 3-ім і 4-ым вагонах. Беларусы з палякамі ― у 1-ым і 2-ім. Я іду ў свой другі вагон, дзе нечакана сустракаю маладую чачэнку з двумя дзецьмі. За дваццаць хвілін, якія працягваецца шлях з Беларусі ў Польшчу, яна не адказвае ні на адно маё пытанне.


 Ламалі Кайтукаеў, 59 гадоў. Будаўнік.

"Я палітычны, а яны ― камерцыйныя"

 З Ламалі Кайтукаевым, 59-гадовым будаўніком з Грознага, мы размаўляем у памяшканні для дзяцей размеркавальнага Цэнтра для замежнікаў у Бялай Падлясцы. Вакол вясёлыя шпалеры, рознакаляровыя стульчыкі, кветкі. Пакой заліты сонечным святлом. Ламалі расказвае, як ён сюды трапіў.

 "Гэта было ў 2004 годзе. Я паехаў у Гудэрмес, і ля майго дома забілі дваіх чалавек. Хацелі мяне да гэтага прыцягнуць, напалі на жонку, усё бачыў двухгадовы сын. На яго вачах гэта адбывалася. Але мяне абвінаваціць у іх не атрымалася. У Гудэрмесе я быў акурат на допыце ў следчага. Гэта мяне ўратавала, я меў алібі", ― кажа чачэнец.

 Падрабязнасцяў справы даведацца не атрымліваецца. Ламалі кажа, што "пакуль рана". 20 чэрвеня павінен вырашыцца яго лёс, на гэты дзень прызначаны разгляд дакументаў аб прызнанні статуса уцекача. З'ехаць у Еўрасаюз з жонкай і дзецьмі Ламалі вырашыў пасля таго выпадку ў 2004-м. "Гэта вы думаеце, што ў нас вайна скончылася. На самой справе, ўсё не так. Яна працягваецца. Толькі па-іншаму. Мы трынаццаць гадоў збіралі грошы, каб прыехаць сюды. Цяпер я магу пра гэта гаварыць, у Чачні ў мяне больш нікога няма", ― кажа чачэнец.

 На паездку ён назбіраў 85 тысяч расійскіх рублёў (1,5 тысячы долараў). Яшчэ сто тысяч пазычыў. "У Чачні няма працы. Часам даводзілася жыць на пяць тысяч рублёў у месяц (88 долараў). Адкладвалі нават па 100, па 200 рублёў", ― узгадвае Ламалі. Усе яго намаганні ледзьве не сарваліся на брэсцкім вакзале. Беларускі памежнік пачаў патрабаваць пасведчанні аб нараджэнні дзяцей. "У нас былі толькі іх пашпарты. Мы зрабілі замежныя пашпарты дзецям, а ваш памежнік пачаў патрабаваць метрыкі. Казаў, што не можа прапусціць без іх. Мы можам ехаць, а дзеці ― не. Ледзьве угаварыў я яго. Ледзьве атрымалася. А палякі ў Тэрэспалі адразу прапусцілі, мы з першага разу праехалі. Толькі спыталі, чаму я ў Беларусі не папрасіў прытулку", ― расказвае пра свае прыгоды чачэнец.

 Я паўтараю пытанне польскіх памежнікаў. У адказ чую, што ў Беларусі такая ж сістэма, што і ў Расіі. Паўсюль спецслужбы, якія могуць зрабіць з чалавекам усё што заўгодна.

 


Бяла-Падляска - невялікае спакойнае мястэчка на ўсходзе Польшчы.

 Ламалі запрашае мяне на гарбату ў свой пакой, дзе жыве разам з жонкай, сынам і дачкой. "Вам пашанцавала, што мяне сустрэлі. Тут з вамі мала хто пагадзіўся б размаўляць. Яны тут збольшага камерцыйныя", ― тлумачыць чачэнец. Пад "камерцыйнымі" ён разумее тых суайчыннікаў, якія з'ехалі ў Еўрасаюз не праз палітычны прыгнёт, а за сацыяльнай дапамогай.

 За гарбатай у даўгім вузкім пакоі з голымі сценамі і няўтульнай мэбляй пытаюся, што Ламалі збіраецца рабіць пасля таго, як атрымае статус уцекача. "Хачу да Еўрапейскага суда дайсці. Расказаць усім, што у Чачні адбываецца. Ці збіраюся жыць у Польшчы? Не. Мы хочам у Аўстрыю пераехаць. Там уся мая радня ўжо. Будзем жыць у Вене", ― кажа чачэнец.


  У гэтым пакоі Ламалі жыве разам з жонкай і дзецьмі з сакавіка.

На развітанне пытаюся ў Ламалі і яго жонкі Асіі, як да іх ставяцца мясцовыя палякі. "Палякі нармальна ставяцца. Асабліва любяць, калі да іх па-польску звяртаемся. Мы крыху вучым мову. Канфлікты ў нас у асноўным паміж сабой. Тут жа розныя людзі прыязджаюць. Цяжка ужывацца", ― расказвае Асія Кайтукаева.

 

 Асія Кайтукаева. Разам з мужам яна збіраецца абаснавацца ў Аўстрыі.

"Я захварэла. Вырашыла, што лячыцца хачу тут"

 Бірлант Кайсарава у Чачні працавала прадаўшчыцай у мясной краме. Яна таксама прыехала ў Польшчу праз Брэст, нейкі час жыла, як і сям'я Кайтукаевых, у спецыяльным цэнтры ў Бялай Падлясцы. Чакала там рашэння па сваіх адкументах. Польскія ўлады вырашылі перавесці яе з Бялай Падляскі ў Цэнтр для замежнікаў у Беластоку. Тут яна ўжо паўтары гады. Мае асобны пакой і невялікую кухню.

 

 Бірлант Кайсарава. У беластоцкім Цэнтры для замежнікаў жыве ўжо 1,5 году.

"Жыву пакуль. Праблемы былі ўсякія і ёсць, але жыву. Стараюся застацца ў Польшчы. Нядрэнна жыву, калі шчыра. Магло быць і лепш, але я ж тут не адна. Усім добра не зробіш. З Чачні я вырашыла з'ехаць, калі з'явіліся праблемы са здароўем. Таму і прыехала. Магла лячыцца і дома, але не была ўпэўненая, што мне дапамогуць. Сказалі, што можа быць вялікая праблема. Рак, альбо нешта яшчэ. Так мне сказалі. Я моцна спалохалася і з'ехала. Нават не ўсім родным сказала", ― расказвае Бірлант.

 З Грознага Бірлант паехала ў Маскву, адтуль у Брэст. У Брэсце пачаліся прыгоды. "Першы раз у Брэст мы прыехалі ў верасні пазамінулага года. Адзінаццаць альбо дванаццаць спробаў зрабілі трапіць у Тэрэспаль. Нас не пускалі. Месяц мы былі на вакзале ў Брэсце, потым на месяц вярнуліся ў Чачню. Затым зноў у Брэст. 22 спробы зрабілі праехаць. Жахліва было. Са мной жа мая сямігадовая дзяўчынка. Мучыла яе. Пыталася ў польскіх памежнікаў, чаму так. Казала, каб яны сказалі, што 100% нас не прапусцяць. Мы б не ездзілі больш. А так..." ― дзеліцца сваёй гісторыяй Бірлант.

 Па яе словах, на пераезд з Грознага ў Тэрэспаль патраціла каля 40 тысяч расійскіх рублёў (700 долараў). Частку сумы пазычыла і аддае дагэтуль. "На вакзале ў Брэсце мне дапамагалі людзі. У асноўным ― чачэнцы. Грошы не давалі, але квіткі часам ― так. Квіткі да Тэрэспаля", ― кажа яна.

  Дачка Бірлант ходзіць у школу (абавязковая ўмова знаходжання ў Польшчы, усе дзеці ўзростам больш чым шэсць гадоў абавязаныя хадзіць у школу). Сама яна занятая хатняй гаспадаркай, ходзіць у горад. Распавядае, што праблем з мясцовымі не мае: "Яны наадварот самі да нас падыходзяць. Асабліва, хто старэйшы. Падыходзяць да нас, гавораць па свойму. Хоць мы і не разумеем усяго. Вельмі прыязныя".

 Бірлант не ведае, ці атрымае статус уцекача. Яна ўжо атрымала адну адмову, была вымушаная збіраць дадатковыя дакументы, якія б пацвярджалі неабходнасць выезду з Чачні ў Еўрасаюз.

 Пакуль мы размаўляем, у пакой заходзяць яшчэ некалькі чачэнскіх жанчын. Яны дрэнна размаўляюць па-руску, па-польску яшчэ горш. Адзінае, што я магу зразумець з іх расповедаў, гэта тое, што ў Беластоку ім "вельмі добра, нашмат лепш, чым у Чачні".

 

 Цэнтр для замежнікаў у Беластоку размяшчаецца ў будынку былога рабочага інтэрнату ў прамзоне.

"Статус уцекача атрымліваюць каля 5% чачэнцаў"

 "Колькі з гэтых людзей атрымліваюць статус уцекача? Не хачу схлусіць, але гэта ўсяго каля 5% ад тых, хто пра такі статус папрасіў. Але тут трэба разумець, што калі яны атрымліваюць адну адмову, то ёсць магчымасць наноў падаць дакументы. Трэба толькі заявіць, што з'явіліся новыя акалічнасці. Цяпер заканадаўства змянілася, і нават калі кіраўнік нашага упраўлення выдасць адмову ў статусе уцекача, то памежная служба можа даць статус знаходжання па гуманітарных прычынах. Гэта таксама легальны статус у Польшчы. Адрозненне ў тым, што нельга ўдзельнічаць у інтэграцыйных праграмах. Але жыць і працаваць могуць", ― тлумачыць супрацоўнік цэнтра для замежнікаў у Беластоку Павел Укальскі.

 На кожным з паверхаў інтэрната ёсць агульныя кухні.

 Людзі, якія чакаюць статусу уцекача, маюць права на бясплатнае харчаванне.


 У цэнтры для замежнікаў у Беластоку жыве 198 чалавек. Яшчэ 210 асобаў, якія падалі дакументы на атрыманне статуса ўцекача, жывуць у горадзе ― здымаюць кватэры. Агулам на горад ― каля 400 чалавек. Раз на месяц кожны атрымлівае ад дзяржавы 70 злотых (17 долараў), акрамя гэтага, ёсць трохразовае бясплатнае харчаванне, разавая дапамога на набыццё вопраткі і неабходных рэчаў (140 злотых, каля 35 долараў), дзеці атрымліваюць на харчаванне ў школе 9 злотых у дзень (крыху больш за 2 долары). За гады жыцця ў цэнтры некаторыя знаходзяць працу, атрымліваюць правы і нават маюць ўласныя аўтамабілі.

 "У залежнасці ад таго, які статус атрымліваюць гэтыя людзі ― статус бежанца, альбо гуманітарнага прабывання, альбо нават атрымліваюць адмову ― вырашаецца іх далейшы лёс. Калі два першыя варыянты, то пачынаецца інтэграцыйная праграма, яна працягваецца дванаццаць месяцаў. Яны пераходзяць пад апеку мясцовых уладаў. Калі ім адмаўляюць, то ўсё адно яшчэ два месяцы можна жыць у нас", ― тлумачыць Павел Укальскі.

 "Акрамя чачэнцаў, да нас пачалі прыязджаць украінцы з Данбаса, а таксама крымскія татары. Украінцы на пачатку не атрымлівалі статусу ўцекачоў. Лічылася, што яны маглі б схавацца ад вайны на іншай тэрыторыі Украіны. Але цяпер сітуацыя змяняецца, ёсць выпадкі, калі украінцам таксама даюць статус уцекачоў. Усё гэта вельмі індывідуальна", ― кажа супрацоўнік цэнтра.

Па яго словах, жыхары Беластока ужо прызвычаіліся да чачэнцаў. Канфлікты калі і ўзнікаюць, то не маюць этнічнай глебы. "На дыскатэках могуць пабіцца, але тут цяжка сказаць, якія прычыны. Можа, маладая кроў віруе", ― расказвае Павел.

  Працэдура разгляду дакументаў аб наданні статуса уцекача працягваецца не больш за шэсць месяцаў. Аднак на практыцы некаторыя чачэнцы могуць пражыць у цэнтры нават два гады і больш. "Вядома, што гэта некамфортная для іх сітуацыя. Але стараемся дапамагаць людзям. Наша справа, дапамагчы ім адчуваць сябе больш-менш добра. Ёсць і недзяржаўныя арганізацыі, якія нам дапамагаюць. Рашэнне аб наданні статуса уцекача прымаюць іншыя інстытуты", ― кажа Павел Укальскі.

Шлях, на які ў тысяч чачэнцаў сыходзіць некалькі гадоў, я праехаў за тры няпоўныя дні. Большасць з тых, з кім спрабаваў пагаварыць, ад размовы адмовілася. Нехта на самой справе баіцца пераследу. Нехта, як расказваў у Бялай-Падлясцы Ламалі Кайтукаеў, проста не мае падставаў для атрымання палітычнага прытулку і выкарыстоўвае адносна легальнае знаходжанне ў Польшчы для перамяшчэння на Захад. Але, ва ўсякім выпадку, робяць яны гэта не ад лепшага жыцця.

па інф.euroradio.fm



Дата стварэння навіны 13.05.2017

Возврат к списку

cashback