АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Атака на СМІ Мінздраў: карупцыя Курапаты Пенсійная рэформа Матулі 328:галадоўка Эканамічны крызіс Забойства Паўла Шарамета

У Расіі прадэманстравалі альтэрнатыву колавым цягачам з Беларусі

У Расіі прадэманстравалі альтэрнатыву колавым цягачам з Беларусі
11.05.2017
Расія інтэнсіфікуе праграму замены прадукцыі Мінскага завода колавых цягачоў (МЗКЦ) сваёй тэхнікай.


Ілюстрацыйнае фота. Высокадакладны аператыўна-тактычны ракетны комплекс сухапутных войскаў “Іскандэр”

У гонар Дня Перамогі ў Расіі ў Набярэжных Чалнах адбылася першая публічная дэманстрацыя цягачоў «Платформа-О» вытворчасці завода спецыяльных аўтамабіляў «Ремдизель». Фактычна прадстаўлена альтэрнатыва беларускім машынам МЗКЦ, якія выкарыстоўваліся ў якасці шасі для шэрагу ракетных комплексаў, паведамляе Радыё Свабода.

 

МЗКЦ ад савецкіх часоў заставаўся асноўным пастаўшчыком транспартнай тэхнікі для аператыўна-тактычных ракетных комплексаў. Больш за 70% сваёй прадукцыі прадпрыемства рэалізуе ў Расеі, нязначная частка пастаўляецца ў Кітай, Турэччыну, Егіпет, Аб’яднаныя Арабскія Эміраты.

 

На мінскіх платформах перасоўваецца ўдарная зброя расейскіх Узброеных сілаў — сістэмы «Искандер», «Смерч», «Торнадо», «Тополь», «Тополь-М», «Ярс», «Рубеж», С-300 і С-400.

 

Нягледзячы на тое, што МЗКЦ на роўных правах з расійскімі вытворцамі ўдзельнічае ў мадэрнізацыі расійскай арміі, год таму прэм’ер-міністар Расіі Дзмітрый Мядзведзеў заявіў пра паступовы перанос вытворчасці аўтамабільнага шасі з МЗКЦ на КамАЗ. Асноўнай прычынай названа тое, што Беларусь адмаўляецца прадаваць завод Расіі.

 

«Тры гады прадавалі нам гэты МЗКЦ, але так ні пра што і не дамовіліся. Не хочуць прадаваць — не трэба, мы на КамАЗе наладзім аналагічную вытворчасць», — сказаў тады кіраўнік расійскага ўраду.

 

У 2011 годзе Расія ўзняла пытанне інтэграцыі МЗКЦ у свой ваенна-прамысловы комплекс праз набыццё кантрольнага пакету акцый. Але далей за папярэднія пагадненні справа не пайшла — бакі не сышліся ў ацэнцы актываў і суме інвестыцыяў.

 

Праз два гады Аляксандр Лукашэнка заявіў, што гатовы за кошт расійскіх грошай мадэрнізаваць прадпрыемства, правесці дадатковую эмісію акцыяў, якія гатовы быў прадаць Маскве, але пры гэтым не перадаючы нічога ва ўласнасць.

 

Расею такі варыянт не задаволіў, і на некаторы час размовы вакол продажу стратэгічнага прадпрыемства змоўклі. У 2015-м, наведваючы завод, Лукашэнка чарговы раз падвысіў градус супярэчнасцяў:

 

«Ніхто нічога прадаваць не будзе! Калі ў расейцаў ёсць мазгі і грошы — чаго ў іх насамрэч няма — хай самі вынаходзяць», — падсумаваў Лукашэнка.

 

Потым была прапанова памяняць прадпрыемства на нафтавае радовішча ў Расіі з аб’ёмам здабычы вуглевадароднай сыравіны не меней за 10 мільёнаў тон за год — фактычна палова ад таго, каб загрузіць магутнасці беларускіх нафтаперапрацоўчых заводаў. У Маскве падлічылі, што прыбытак ад падобнай здзелкі перавысіць 3 мільярды долараў на год, а гэта непараўнальна з дывідэндамі ад прыватызацыі МЗКЦ.

 

Па гарачых слядах і беларускія, і расійскія эксперты робяць выснову: аднамомантава перанесці вытворчасць такой складанай тэхнікі ў іншае месца наўрад ці магчыма, але за некалькі гадоў справіцца з пастаўленай задачай цалкам рэальна.

 

Вонкава сядзельныя цягачы, вырабленыя ў Набярэжных Чалнах, мала чым адрозніваюцца ад беларускіх аналагаў.


па інф. belprauda.org


Дата стварэння навіны 11.05.2017

Возврат к списку