АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Выбары-2019 Змена ўраду Атака на СМІ Мінздраў: карупцыя Курапаты Пенсійная рэформа Забойства Паўла Шарамета

Бацька арыштаванага па справе «Белага легіёну» напісаў ліст у КДБ: «Ганаруся сваім сынам»

Бацька арыштаванага па справе «Белага легіёну» напісаў ліст у КДБ: «Ганаруся сваім сынам»
10.05.2017
«За дзесяцігодздзе мой сын Віктар падрыхтаваў фізічна моцных і стойкіх хлопцаў, неабходных нашай Радзіме. За гэта ў нас саджаюць у турму? Мой сын не парушаў закон».


«За дзесяцігодздзе мой сын Віктар падрыхтаваў фізічна моцных і стойкіх хлопцаў, неабходных нашай Радзіме. За гэта ў нас саджаюць у турму? Мой сын не парушаў закон», – гэтак піша ў сваім лісце да старшыні КДБ, а таксама ў Следчы камітэт і Пракуратуру Беларусі жыхар Мінску Канстанцін Баўтрук.

 

Ягоны сын Віктар Данілаў – фігурант справы «Белага легіёну», паводле якой у вязніцах трымаюць ня менш як 18 чалавек. Іх вінавацяць ва ўдзеле ў незаконным узброеным фармаванні і падрыхтоўцы да беспарадкаў. Віктара Данілава арыштавалі яшчэ перад Днём Волі. З ягонай хаты забралі і паказалі па БТ прадметы, частку якіх следчыя лічаць баявой зброяй. Бацька маладога чалавека з гэтым нязгодны і кажа, што доказы сынавай віны маглі сфальшаваць:

 

«Мой сын Віктар з 16 гадоў займаецца спортам і зʼяўляецца трэнерам па фізпадрыхтоўцы. Рэчы, якія знайшлі ў нашай кватэры па вуліцы Маякоўскага, – гэта макеты і муляжы зброі, бо мой сын захапляецца ваеннай гісторыяй, збірае тэматычную літаратуру і вайсковую атрыбутыку. Мне незразумелыя дзеянні Вашых супрацоўнікаў, звязаныя з затрыманнем, ператрусам, арыштам, выстаўленнем абвінавачання. Усе рэчавыя доказы, сабраныя ў нашай кватэры, ляжалі там гадамі і выкарыстоўваліся ў навучальных мэтах. Іх шмат разоў бачыў участковы інспектар, які аглядаў раз на паўгода дазволеную зброю (2 паляўнічыя стрэльбы) і сейф для іх захоўвання. Камуфляжнае адзенне выкарыстоўвалася маім сынам для спартовых заняткаў (раней для гэтых мэтаў выкарыстоўваліся спартовыя штаны і спартовыя майкі)», – піша старшыні КДБ Валеру Вакульчыку бацька фігуранта справы Канстанцін Баўтрук.

 

Аўтар ліста мяркуе, што патрэбная экспертыза адабранай у ягонага сына зброі, і просіць правесці гэтую экспертызу як мага хутчэй. Таксама Канстанцін Баўтрук дамагаецца спаткання з сынам, як найхутчэйшага разбору справы і змены меры стрымання для сына на час следзтва.

 

«Ганаруся сваім сынам», – дадаў Канстанцін Баўтрук да тэксту ліста, які ён пераслаў карэспандэнту Свабоды.

 

Віктара Данілава трымаюць у СІЗА КДБ. Паводле бацькі, на ўмовы і харчаванне ён ня скардзіцца, але паведаміў, што некалькі лістоў, пра напісанне якіх ён ведае, да яго ня трапілі.


Дата стварэння навіны 10.05.2017

Возврат к списку