АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Ваеннае становішча ва Украіне Выбары-2019 Праграма ураду Атака на СМІ Мінздраў: карупцыя Забойства Паўла Шарамета

«Нараджаць тут». Актывісткі зафіксавалі знявагі і парушэнні правоў жанчын у беларускіх радзільнях

«Нараджаць тут». Актывісткі зафіксавалі знявагі і парушэнні правоў жанчын у беларускіх радзільнях
10.05.2017
У Магілёве ўдзельнікі абмеркавання сітуацыі з абслугоўваннем і ўмовамі ў мясцовых радзільнях заклікалі гэтыя медычныя ўстановы змяніць стаўленне да парадзіх і выканання законаў

«Мы сутыкнуліся з сур’ёзнымі парушэннямі правоў парадзіх у магілёўскіх радзільнях на розных этапах: ад прыёмнага аддзялення да выпіскі. Гэта грубасць, прыніжэнне чалавечай годнасці, парушэнне правоў чалавека і заканадаўства Рэспублікі Беларусь», – адзначаюць актывісткі гендарнай ініцыятывы «Ружа» па выніках аналізу анкет экспрэс-апытання 200 жанчын, якія нараджалі ў магілёўскіх лякарнях. Свае погляды на праблему яны выклалі ў бюлетэні «Гісторыі парадзіх».



Парадзіхі моўчкі трываюць знявагі

 

На абмеркаванне сітуацыі ў радзільнях не прыйшлі прадстаўнікі іхных адміністрацыяй і чыноўнікі з структур аховы здароўя. Паводле арганізатараў круглага стала, медыкаў і службоўцаў афіцыйна запрашалі на дыскусію, але адказу на зварот не атрымалі.

 


Вокладка бюлетэня «Гісторыі парадзіх»

Абмяркоўвалі праблемы радзільняў тыя, хто там пабываў і хто чакае гэтага.

Адна з лідарак «Ружы», медык з шматгадовым стажам, шматдзетная маці і бабуля Наталля Шкадун, выказваючы сваю думку, адзначыла, што многія з парадзіх, трапляючы ў лякарні, ня ведаюць сваіх правоў і моўчкі пераносяць сітуацыі, якія варта разглядаць як зняважлівыя.

 


Наталля Шкадун

 Яна расказала гісторыю, калі яе дачка вымушаная была пераадзявацца ў тамбуры пакоя сястры-гаспадыні радзільні. І толькі пасля патрабавання кнігі скаргаў і прапаноў, казала Наталля Шкадун, дачку адвялі ў патрэбны пакой. Дамагчыся, каб усе пацыенткі лякарні пераадзяваліся ў належных умовах, паводле Наталлі, яна здолела толькі праз тры месяцы, напісаўшы тры звароты чыноўнікам, хоць наяўнасць такога пакоя прадугледжана законам.

 

На думку Наталлі Шкадун, умовы працы медычнага персаналу ў радзільнях надзвычай складаныя, адсюль і эмацыйныя зрывы.

 

«Псыхалягічная нагрузка на персанал дужа вялікая. Ёсьць фактар эмацыйнага выгарання. Мэдычныя работнікі такіх устаноў ня маюць магчымасці для псіхаэмацыйнай разгрузкі, – казала Наталля. – У такіх аддзяленнях павінны быць адпаведныя пакоі і псыхолягі для парадзіх. Дужа важна, каб псыхолагі гутарылі з жанчынамі, калі яны паступаюць у аддзяленне. Многія з іх знаходзяцца ў стане стрэсу, пакутуюць ад болю і страху. І калі яны сутыкаюць з хамствам і грубасцю персаналу, а гэта даволі часта бывае, то ўзнікаюць канфлікты».

«Якая Канстытуцыя? У нас клінічны пратакол і загад – закон»

Паводле яшчэ адной лідаркі «Ружы», юрысткі, маці дваіх дзяцей Алены Барысавай, у лякарнях ігнаруюцца канстытуцыйныя нормы ды нормы, замацаваныя ў міжнародных актах.

 Алена Барысава

 «Дзяржава чамусьці не забяспечвае выкананне гэтых правоў у асобе медычнага персаналу», – казала актывістка, спасылаючыся на дыскусію з лекарамі адной з медычных устаноў гораду.

 

«На мае довады медыкі адказалі: «Якая Канстытуцыя, які закон аб ахове здароўя? У нас ёсць клінічныя пратаколы і загады», – пераказала пазіцыю медыкаў Алена Барысава.

 

«Калі ідзе працэс родаў, з парадзіхамі ніхто не гаворыць пра іхныя правы, іх ня чуюць, – гаварыла далей Алена. – І калі нехта пачынае казаць пра свае правы, асабліва калі мае досвед, то яму проста закрываюць рот. Абазнанасць, дасведчанасць у пытанні родаў раздражняе медычны персанал».

Нараджаць тут? Ні за што

У бюлетэні, што быў прэзентаваны на круглым стале, сабраныя гісторыі 36 жанчын, якія распавялі пра свой досвед знаходжання ў радзільнях.

 

«Ляжу я на аперацыйным стале, а ўрачы мне кажуць: «Не расказвай нам казкі, мы бачым, што ты абортніца«. У мяне ад гэтага пачалася істэрыка», – прызналася адна з жанчын, апавядаючы сваю гісторыю.

 


Удзельнікі абмеркавання

 «Дзіця выціснулі, – расказвае яшчэ адна жанчына, – ня даўшы шанцаў нарадзіць самой».

«Калі ў мяне пытаюць, ці буду я нараджаць яшчэ раз, а адказваю: тут ніколі і ні за што», – ня ўтойвала яшчэ адна апытаная актывісткамі «Ружы» жанчына.

«Метад Крыстэлера» забаронены ў Францыі. У Беларусі – не

Адна з удзельніц абмеркавання, якой давялося нараджаць у магілёўскай радзільні, адзначыла: падчас родаў урачом быў выкарыстаны так званы «метад Крыстэлера». На жывот жанчыне медык моцна націснуў, каб прыспешыць нараджэнне дзіцяці. Ужо пасля родаў жанчына даведалася, што ў цывілізаваных краінах гэты метад забаронены.

 

«Гэты спосаб вельмі небяспечны як для маці, так і для дзіцяці, таму і забаронены. У Францыі жанчыне дастаткова вусна сказаць, што гэты метад выкарыстоўваўся, каб медыка пазбавілі ліцэнзіі. У нас жа ні ў адным дакуменце аб выпісцы ня згадваецца, што выкарыстоўваўся гэты метад. Пасля выпіскі я вырашала пра гэта гаварыць і пісаць дзе магчыма. Акушэрка мне сказала, што гэты метад выкарыстоўваецца вельмі часта», – казала жанчына.

Паводле яе, пасля шматлікіх допісаў у розныя медычныя інстанцыі лекар, які выкарыстаў «метад Крыстэлера», выбачаўся перад ёй: «Калі б я ведаў, колькі ведаеш ты, гэтага б не рабіў. Прымаў бы роды па-іншаму».

Партнэрскія роды: шмат фармальнасцяў і абмежаванняў

 Маці чацвярых дзяцей Алена Крэнь расказала пра свой досвед партнёрскіх родаў з мужам. Паводле Алены, каб дамагчыся ягонай прысутнасці на родах, давялося пераадолець нямала фармальнасцяў і абмежаванняў, а таксама заплаціць. Тое, што муж быў побач, прызналася Алена, дапамагала захоўваць спакой.

 

Алена Крэнь апавядае пра партнёрскія роды

 

«Я трымалася за яго, як за выратавальнае кола, бо, калі нараджала адна, усялякага хапала. Мы зачыніліся ў перадродавай і не выходзілі з яе наагул, – казала Алена. – Да нас цягам некалькіх гадзінаў чакання родаў заходзілі толькі два разы. І гэта было плюсам, бо я баялася, што са мною пачнуць нешта рабіць, што мне не падабаецца. Я прасіла, каб нас пакінулі ў спакоі, наколькі гэта магчыма. Прысутнасьць старонняга побач, а пагатоў блізкага чалавека, – стрымальны для персаналу радзільні фактар».

 

«Я перакананая, – адзначыла ў канцы шматдзетная маці, – што ахвочых нараджаць разам значна болей, чым гэта цяпер практыкуецца, але праз тое, што дужа шмат недаступных момантаў, гэтага не адбываецца».

 

Разам ісці да якасных пераменаў

Дыскусію яе ўдзельнікі завяршылі прыняццем рэзалюцыі, у якой выклалі сваё бачанне таго, што трэба зрабіць дзеля паляпшэння якасці медычнага абслугоўвання і ўмоваў у радзільнях Магілёва. Было прапанавана звярнуцца да гарадскіх уладаў, каб быў праведзены суботнік, сродкі ад якога пойдуць на завяршэнне рамонту ў радзільні больніцы хуткай дапамогі. Гэты рамонт доўжыцца не адзін год. У адказах на звароты з патрабаваннем палепшыць умовы для парадзіх чыноўнікі даводзяць, што нязручнасці звязаныя менавіта з рамонтам, на завяршэнне якога нестае фінансавання.

 

Брашуру з гісторыямі парадзіх «Ружа» разашле па медычных установах і структурах выканаўчай улады.

 


Будынак радзільні, якая не адзін год рамантуецца

 

«Парадзіхі расказваюць пра існыя праблемы з арганізацыяй родаў у краіне, а таксама стаўленне да сябе, якое часта мяжуе з прыніжэннем і знявагай жанчыны, – адзначае Алена Барысава. – Мы хочам заклікаць урачоў, акушэраў, медсясцёр і санітараў разам ісці да якасных пераменаў».

 

На думку некаторых удзельнікаў дыскусіі, беларуская медыцына, у якой нямала станоўчага, вымагае рэфармавання, без якога разьвіцьцё галіны немагчымае.

па інф. bsdp.org


Дата стварэння навіны 10.05.2017
Падзяліцеся навіной з сябрамі

Возврат к списку