АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Выбары-2019 Змена ўраду Атака на СМІ Мінздраў: карупцыя Курапаты Пенсійная рэформа Забойства Паўла Шарамета

Работка пыльная, але хоць нейкія грошы». Як беспрацоўныя збіраюць камяні на палях

Работка пыльная, але хоць нейкія грошы». Як беспрацоўныя збіраюць камяні на палях
09.05.2017
Карэспандэнты Tut.by з'ездзілі на сельгаспрадпрыемства, дзе беспрацоўныя з Віцебска збіраюць на палях камяні.

Работка пыльная, але хоць нейкія грошы». Як беспрацоўныя збіраюць камяні на палях Карэспандэнты Tut.by з'ездзілі на сельгаспрадпрыемства, дзе беспрацоўныя з Віцебска збіраюць на палях камяні.

 

Па нарматывах, беспрацоўны, які знаходзіцца на ўліку ў гарадзкім цэнтры занятасці насельніцтва, абавязаны хоць адзін дзень у месяц адпрацаваць на грамадскіх працах. Але некаторыя ў пошуках заробку афармляюць дамовы падраду на даўжэйшы тэрмін і лічацца падсобнымі рабочымі.

 

Брыгада, з якой мы пазнаёміліся, ад 2 мая працуе на палях ААТ «Ліпаўцы» у Віцебскім раёне. У асноўным у ёй людзі сярэдняга веку. Мужчын больш, чым жанчын.

 

Збор — у 7.45 каля будынку цэнтра занятасці на вуліцы Хмяльніцкага ў Віцебску. Да 8 гадзін прыходзіць аўтобус, які дастаўляе людзей на поле.

 

Працоўны дзень - ад 8 да 16 гадзін, гадзіну - на абед. Заробак, які абяцае гаспадарка-наймальнік, - 250 рублёў на месяц.

 

- Або 1 рубель 57 капеек у гадзіну, - удакладняе адзін з мужчын. - Кожны атрымае за столькі дзён, колькі адпрацуе на працягу месяца. Але атрымаем мы зарплату за май толькі ў канцы чэрвеня - як нам сказалі, пасля 25-га чысла. А цяпер - як хочаш, так і жыві.

 

- Так, гэта самая галоўная праблема - месяц чакаць зарплату, - падтрымлівае яшчэ адзін мужчына. - А на курыва трэба ўжо сёння. Ды і харчавацца за нешта трэба …

 

 Каля 8.00 галоўны спецыяліст аддзела грамадскіх работ і часовай занятасці моладзі гарадскога цэнтра занятасці насельніцтва Наталля Хадасевіч вядзе пераклічку:


 - Афанасьеў?

 

- Я.

 

- Гаўрылаў?

 

- Ёсць.

 

- Зубоўскі?

 

- Тут.

 

Адным з апошніх падыходзіць мужчына, называе сваё прозвішча.

 

- Я вас шукала, - звяртаецца да яго Наталля Хадасевіч. - Вы не з'яўляліся два дні. І не патэлефанавалі, чаму не прыходзьце. Цяпер будзеце ездзіць?

 

Мужчына запэўнівае, што так. Яго прозвішча зноў уносяць у спіс.

 

 Усяго сёння паедуць на поле 24 чалавекі. У аўтобусе ладзяць яшчэ адну пераклічку - гэта ўжо заяўкі на тое, хто плануе працаваць у панядзелак. На пытанні Наталлі Пятроўны практычна ўсе адказваюць згодай.


 - Усе гатовыя, як піянеры, можна і не пытацца, - жартуе нехта.

 

Не ўпэўнены толькі адзін мужчына:

 

- Пятроўна, а калі я яшчэ не ведаю дакладна, ці паеду?

 

- Нічога, я вас ўключу. А ў панядзелак будзе відаць.

 

- Напішыце, што Наталля Пятроўна - малайчына, з разуменнем ставіцца да нас, сіротаў, - кажа мне мужчына, з якім мы сядзім побач у аўтобусе. Знаёмімся.

 

- Мяне завуць … Але ў сваім артыкуле не называйце маё імя. Мне слава не патрэбна, мяне нават няма ва «Укантакце». Лічу, што гэта абсалютна пусты занятак. Што я хачу асабліва адзначыць: з усіх прадпрыемстваў у горадзе, дзе я ўладкоўваўся на працу, без узроставай дыскрымінацыі да людзей ставяцца толькі на чыгунцы. Там на медкамісіі цябе правяраюць высокакваліфікаваныя спецыялісты і пры гэтым не пытаюцца, колькі табе гадоў. Калі ты маеш добрае здароўе і патрэбную кваліфікацыю, то бяруць. Медкамісія, вядома, там строгая - ледзь не адбор касманаўтаў! Аднак у свае 52 гады я яе прайшоў, - ганарыцца суразмоўца.

 

- Так, а чаму не працавалі тады на чыгунцы?

 

- Я туды ўладкаваўся аператарам кацельні. Адпрацаваў ацяпляльны сезон. А потым давялося шукаць яшчэ нешта. Паспрабаваў зачапіцца ў розных месцах, не выйшла. Вырашыў хадзіць на грамадскія працы, тут хоць нешта заплацяць. Лепш жа, чым наогул нічога.

 Да сельгаспрадпрыемства «Ліпаўцы» ад Віцебска - 20 км, і праз паўгадзіны мы ўжо на полі. На ім раней пасеялі кукурузу. Але на паверхні зямлі шмат камянёў, і задача беспрацоўных - прыбраць іх, каб яны ў будучыні не перашкаджалі пасевам і не псавалі сельгастэхніку.


 

 

Перад пачаткам працы на поле прыехаў кіраўнік аддзялення «Шапечына» ААТ «Ліпаўцы» Віталь Драбцоў. Даў неабходныя распараджэнні трактарыстам, але з журналістам пагаварыць не змог:

 

- Прабачце, вельмі шмат працы, у сельскай гаспадарцы цяпер гарачая пара. Прэтэнзій да таго, як рабочыя збіраюць камяні, няма. Працуюць людзі добра. І аб'ём працы ў іх яшчэ вялікі - вы ж бачыце, колькі камянёў.

 

У 9.15 выходзім у поле.

 

На некаторай адлегласці адзін ад аднаго павольна едуць два трактары. Следам ідуць людзі, збіраюць пад нагамі камяні і кідаюць іх у прычэп.

 

 

- Падымай камень, які недзе з кулак. Дробязь не бяры. Мы збіраем камяні, а не каменьчыкі, - вучыць мяне мужчына, якога «нават няма ва «Укантакце». - Пад колы трактара не лезь. І глядзі, кідай акуратна - проста ў прычэп, каб не патрапіць ні ў каго з навакольных.

 

Жанчыны падымаюць тое, што па сілах. Цяжкія камяні - масай звыш 10 кг - нясуць у прычэп мужчыны. На вельмі вялікі навальваюцца адразу два-тры чалавекі. Часам сустракаюцца і валуны. Іх ужо падбірае пагрузчык «Амкадор».

 

Мне ў асноўным трапляюцца невялікія камяні. Яны лёгкія, і кідаць у прычэп іх няцяжка. Але з усіх бакоў у твар ляціць пыл, неўзабаве пясок рыпіць на зубах.

 

- Так, а што вы думалі, работка ў нас пыльная! Гэта вам не печыва перабіраць. Рэспіратары тут не выдаюць, - заўважае мой новы гаваркі знаёмы. - Але нічога, кружок з намі па полі пройдзеш і станеш, як і мы, спецыялістам шырокіх палёў вузкага профілю.

 

 Прычэп тым часам даволі хутка напаўняецца камянямі.


 

- І адкуль яны толькі з'яўляюцца? - дзівіцца нехта. - Кожны год іх людзі збіраюць і на сваіх участках, і на калгасных палях, а яны ўсё растуць і растуць.

 

- Зямля дыхае - вось камяні і выходзяць, - філасофствуе пажылы мужчына.

 

- А пра ледніковы перыяд вы што, не чулі? Шмат-шмат гадоў таму камяні прынёс сюды ледавік, - дзеліцца ведамі «Нават няма ва «Укантакце».

 

Побач ідуць блізнючкі Таня і Света. Жартуюць: «Нічога, што пыл, затое фігура прыгожая будзе, прэс з'явіцца».

 

Раней сёстры працавалі на тэлезаводзе.

 

- Працавалі там у белых халатах. Але цэх зачыніўся. Цяпер вось тут.

 

- Няўжо хоць каму-небудзь з вас дваіх не трапляла іншая, пастаянная праца?

 

- А мы заўсёды разам. Мы не можам паасобку. Света - гэта ж мой сябар, дадзены пры нараджэнні, - кажа Таня.

 

 

Марына - дасведчаная зборшчыца камянёў. На біржы працы стаіць з 2011 года. За гэты час ездзіла не толькі «на камяні», але і на іншыя сельгасработы - на праполку, «на бульбу», а ў горадзе падзарабляла на добраўпарадкаванні тэрыторый школ і садкоў.

 

- Працавала раней у гандлі. Сышла. Надакучыла пастаянна плаціць нястачы, вылічвалі з заробку кожны месяц. Грамадскія працы ад цэнтра занятасці, вядома, не параўнаць з пастаянным працаўладкаваннем. Але, як усе ў нас кажуць, гэта хоць нейкія грошы. Вядома, гэта цяжкая фізічная праца. Стамляюся. Дадому прыходжу, гатую, ем і кладуся. Больш ні на што сіл няма. З вакансіямі цяпер наогул вельмі цяжка стала. Але калі падвернецца нейкая праца, я пайду. Хоць бы і на паўстаўкі.

 

Пасля кожнага круга трактара па полі - хвілін 15 на адпачынак. Прыпякае сонейка.

 

- Эх, зараз бы сюды шампуры ды шашлычкоў падсмажыць, - марыць нехта.

 

 

Але большасць мужчын не адпускае суровая рэальнасць. Яны кураць і дзеляцца праблемамі.

 

- Я будаўнік, - распавядае Юры. - Шмат куды спрабаваў уладкавацца. Але была магчымасць працаваць толькі па дамове падраду ў прыватных структурах, а там свае складанасці, я не хачу. Стаю на ўліку на біржы працы ўжо паўгода. Мне спадабаўся кірмаш вакансій, які прайшоў у адміністрацыі Чыгуначнага раёна. Там было шмат прапаноў, але і людзей таксама сабралася вельмі шмат. Хто да пачатку 'ьявіўся, той нешта знайшоў. А я да канца ўжо падышоў, калі засталіся вакансіі інжынераў і іншых спецыялістаў з вышэйшай адукацыяй.

 

Па словах Юрыя, пасля 40 гадоў знайсці пастаянную працу вельмі складана. Практычна ўсюды адна і тая ж сітуацыя: ты прайшоў медкамісію, падыходзіш па кваліфікацыі, але называеш свой век і чуеш: «Не, нам патрэбен работнік маладзейшы, 35 гадоў — гэта мяжа». Паўстае пытаньне: а іншым, старэйшым, што рабіць?! Тым больш у краіне паднялі узрост выхаду на пенсію. Дык куды дзявацца людзям ад 35 і да 63 гадоў? (З 1 студзеня 2017 года пенсійны ўзрост у Беларусі павышаецца штогод на 6 месяцаў да дасягнення мужчынамі 63 гадоў, жанчынамі 58 гадоў. - Заўвага Tut.by.)

 

- Яшчэ адна праблема, - падтрымлівае Юрыя іншы мужчына. - Раз у месяц нам патрэбныя адзнакі, што мы ходзім і займаемся самаўладкаваннем. Іх трэба мінімум дзве. І гэта павінны быць розныя прадпрыемствы. Але ты прыходзіш у арганізацыю, а там кажуць: «Адзначаць нічога не будзем, мы ніякіх заявак у цэнтр занятасці не давалі». Могуць нават наогул не пусціць на прахадную.

 

Яшчэ адзін мужчына, салідны, прадстаўнічы на выгляд, не можа знайсці працу, бо не мае «корачак»:

 

- У мяне ёсць і стаж, і разрады: 3-й - станочніка і 4-й - цесляра. Але мэблевая фабрыка, дзе я прапрацаваў больш за 10 гадоў, развалілася. А яшчэ кудысьці без дыплома не бяруць.

 

- У цэнтры занятасці ёсць магчымасць тры месяцы адвучыцца і атрымаць «корачкі». Тады вы зможаце прэтэндаваць на працу па спецыяльнасці, - тлумачыць Наталля Хадасевіч.

 

- Дзякуй, буду мець на ўвазе.

 

Перакур заканчваецца, і людзі зноў ідуць у поле.

 


Дарэчы, зборшчыкі камянёў даволі часта знаходзяць на палях «адгалоскі вайны». Так, 5 мая выявілі тры снарады. Фрагмент боепрыпасу знайшлі і ў суботу, калі мы рабілі гэты рэпартаж.

 

 

- Калі натыкаемся на такія знаходкі, то адразу ж абгароджваем гэта месца, я стаўлю ў вядомасць сваё кіраўніцтва. А яно ўжо выклікае сапёраў, - тлумачыць інжынер па ахове працы ААТ «Ліпаўцы» Вольга Нямыцкая.

 

Дзяўчына - малады спецыяліст у гэтай гаспадарцы, кожны раз суправаджае працу зборшчыкаў камянёў. Аб сваіх падапечных адзываецца добра.

 

- Я думала, што гэта будзе нейкі складаны кантынгент. Што за імі трэба будзе хадзіць, угаворваць працаваць. Не, усё дарослыя нармальныя людзі. Правяла з імі інструктаж: каб не садзіліся на барты, не кідаліся пад колы транспарту і гэтак далей. Яны ўсё гэта выконваюць.

 

- Так, пакуль праблем з імі няма, - пацвярджае Наталля Хадасевіч. - Можа, пасля зарплаты з'явяцца: хто выйдзе на працу, а хто і не выйдзе, а калі і выйдзе, то нецвярозым. Але мы ў такіх выпадках доўга не разбіраемся - адразу ж выкрэсліваем са спісу. А наогул з такімі беспрацоўнымі нават прасцей, чым з тымі, у каго па 2-3 вышэйшыя адукацыі. Ім цяжка дагадзіць.

 

 

На развітанне пытаюся ў мужчын:

 

- А як вы ставіцеся да таго, што прэзідэнт распарадзіўся на 1 мая працаўладкаваць усіх беспрацоўных у краіне?

 

З усіх бакоў чуецца смех.

 

- Якое сёння чысло? 6 мая. Усе працаўладкаваны?! Сістэма, як была, так і засталася: на прадпрыемствах калі не было вакансій, то яны і не з'явіліся. Нічога не змянілася.

 

Даведка Tut.by

 

У студзені-сакавіку 2017 года ў грамадскіх работах узялі ўдзел 1670 віцебскіх беспрацоўных.

 

Паводле звестак на 5 мая, гарадскі цэнтр занятасці насельніцтва заключыў 11 дамоваў па аплачваных грамадскіх працах. З іх 3 дамовы - з нарыхтоўчай канторы (збор і здача другаснай сыравіны), Лужаснянскай сортавыпрабавальнай станцыяй (збор і пераборка яблыкаў), ААТ «Ліпаўцы» (збор камянёў з палёў і іншыя віды сельгасработ). Грошы работнікам будуць плаціць гэтыя наймальнікі. У сярэдзіне мая дамову на аплачваную ўборку камянёў плануюць заключыць таксама з СГФ «Вымна» ААТ «Малако».

 

Яшчэ 8 дамоваў заключылі з аддзеламі адукацыі, спорту і турызму адміністрацый Першамайскага і Кастрычніцкага раёнаў Віцебску. Беспрацоўныя зоймуцца рамонтам, добраўпарадкаваннем і азеляненнем тэрыторый школ і дзіцячых садоў. У гэтым выпадку зарплату яны атрымаюць з бюджэту Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва. Да канца года плануюць заключыць не менш за 20 такіх дамоваў.

 

 

Таццяна Матвеева, фота Ігара Матвеева, Tut.by

 



Дата стварэння навіны 09.05.2017

Возврат к списку