АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Ваеннае становішча ва Украіне Выбары-2019 Праграма ураду Атака на СМІ Мінздраў: карупцыя Забойства Паўла Шарамета

Паміж прадпрымальнікамі і ўладай так і няма дыялогу» – гарадзенскія гандляры з рынку

Паміж прадпрымальнікамі і ўладай так і няма дыялогу» – гарадзенскія гандляры з рынку
08.05.2017
«Паўднёвы» рынак у Гродне змагаецца за сваё выжыванне


Гарадзенскія гандляры з рынку «Паўднёвы» спрабавалі наладзіць сустрэчу з кіраўніцтвам гарвыканкама і ЗАТ «Гандальсэрвіс», каб выказаць сваю нязгоду з атрыманым пісьмовым адказам на свае патрабаванні. 

Аднак ні кіраўніцтва гарвыканкаму, ні ЗАТ «Гандальсэрвіс» на сустрэчу не прыйшлі.

Прадпрымальнікі рынку «Паўднёвы» завярнуліся да кіраўніцтва горадам і кіраўніцтва ЗАТ «Гандальсэрвіс» (92% акцыяў належыць Гарадзенскаму гарвыканкаму) з прапановамі ў рэчышчы апошніх заяваў прэзідэнта адносна лібералізацыі прадпрымальніцкай дзейнасці ўвасобіць іх на практыцы ў жыццё. Пад зваротам падпісаліся 1028 прадпрымальнікаў.

 

Прадпрымальнікі прапанавалі знізіць арэнду на 70%, адмяніць платны ўезд на рынак як для саміх прадпрымальнікаў, так і для пакупнікоў; адмяніць гандлёвыя аўкцыёны, калі прадпрымальнік хоча прадаць свой працоўны бокс, які сам жа і купляў; увесці бронь на гандлёвыя месцы, каб мець гарантыю, што іх ня зоймуць, калі прадпрымальнік некаторы час не працуе. А таксама прапанавалі ўвесці якарную арэнду.

 

Усе свае патрабаванні прадпрымальнікі пісьмова абгрунтавалі, але ЗАТ «Гандальсэрвіс» з такімі прапановамі не пагадзілася. Вось што распавёў старшыня Рады індывідуальных прадпрымальнікаў рынку «Паўднёвы» Андрэй Шэсцяракоў.

 



Андрэй Шэсцеракоў


– Нам пагадзіліся занізіць суму арэнды на 11,8% замест 70%, якія мы прасілі. Але гэтае рашэнне адразу не набыло моц, яно павінна быць зацверджана Мінюстам – на гэта трэба чатыры месяцы. Што датычыць бясплатнага ўезду на рынак, то прапанову прынялі да разгляду, але адразу заявілі, што яе можна будзе прыняць толькі ў тым выпадку, калі страчаныя даходы будуць перакладзеныя на плечы саміх прадпрымальнікаў. А на тры астатнія нашыя прапановы адказу наагул няма.

 

Прадпрымальнік Сяргей кажа, што крызіс закрануў усіх – і прадпрымальнікаў, і ЗАТ «Гандальсэрвіс», і ў такой няпростай сітуацыі партнёры павінны разам абмяркоўваць праблемы і шукаць выйсце.

 

Паводле яго, калі прадпрымальнікі пачнуць сыходзіць з рынку, то існаванне самога ЗАТ «Гандальсэрвіс» апынецца пад пытаннем. І, здавалася б, чыноўнікі з гарвыканкаму павінны былі б задумацца над тым, што адбываецца, але насамрэч атрымліваецца нешта іншае.

 

– Наколькі я разумею, у адміністрацыі ніхто нават не ўнікае ў сутнасць сітуацыі, калі людзі адтуль нават не прыходзяць, каб вывучыць праблему, пагаварыць і параіцца, а папросту прымаюць рашэнні. Атрымліваецца, іх гэта і не цікавіць, бо яны стабільна маюць добрыя заробкі і жывуць спакойна. А нашыя праблемы застаюцца з намі.

 

Прадпрымальніца Тацяна звяртае ўвагу на логіку чыноўнікаў, якія адмену платнага ўезду на рынак прапануюць перакласці на плечы прадпрымальнікаў, маўляў, «мы панясём страты, але тады іх павінны кампенсаваць прадпрымальнікі».

 


– Як усё хітра прыдумана: дзе, скажыце, да якой крамы чалавек пад’яжджае на закупы і плаціць за стаянку? Такога папросту не бывае. А як яшчэ патлумачыць логіку таго, што мы кожны дзень прыязджаем на працу і за ўезд павінны таксама плаціць? Ну няхай тады і чыноўнікі плацяць па рублю кожны дзень, калі заходзяць на працу ў гар і аблвыканкам. Няхай тады і рабочыя, якія ходзяць на працу на свае прадпрыемствы, плацяць за ўваход. Ну вось дзе тут логіка і справядлівасць?

 



Спадар Валеры кажа пра продаж боксаў, якія зʼяўляюцца ўласнасцю прадпрымальнікаў. Паводле яго, калі гэтыя боксы замаўляліся па рэкамендацыі ЗАТ «Гандальсэрвіс» толькі ў аднаго дзяржаўнага вытворцы, то прадпрымальнікам яны абыходзіліся ў 4 – 4,5 тысячы даляраў, а цяпер прадпрымальнік ня мае права сам іх прадаць, а мусіць абавязкова выстаўляць на аўкцыён.

 

– На аўкцыёне чалавек атрымае максімум 500 даляраў за гэты бокс, а яшчэ адлічыць розныя аплаты за тое, што яму нібыта ладзяць гэты аўкцыён. Але навошта гэта прадпрымальніку і чаму ён сам ня можа распараджацца сваёй уласнасцю?

 

Цікаўлюся ў спадарыні Валянціны, якая гандлюе абуткам: як цяпер яна ўтрымлівае свой бізнес і выжывае ў гэтых умовах? Яна кажа, што апошнія два гады больш чым на ежу ўжо не зарабляе.

 

– Пакупніцкая здольнасць зусім нізкая. Людзі нібыта прыходзяць на рынак, але паглядзіце з чым яны адсюль сыходзяць: у руках адзін пакецік... А мне трэба заплаціць за арэнду 115 рублёў, сацыяльны фонд – 80 рублёў, а акрамя гэтага, падаткі. А трэба ж яшчэ закупіць тавар, зрабіць абарот. І сёння гэта зрабіць вельмі складана, пастаянна застаецца са стратамі. У такія часы дзяржава павінна заніжаць падаткі і розныя аплаты, каб захаваць людзей і бізнес, дапамагчы ім перажыць гэтыя часы, а ў нас усё робіцца наадварот. Ну, знішчаць яны нас цяпер, а што будзе далей?

 

Андрэй Шэсцеракоў кажа, што апошнім часам многія прадпрымальнікі папросту згубілі веру ў тое, што можа нешта замяніцца. Паводле яго, пад лістом да ўладаў падпісаліся 1028 чалавек, а калі ўсіх апавясцілі, што адбудзецца сход, то на яго прыйшлі каля двухсот прадпрымальнікаў.

 

– Частка людзей наагул ні ўва што ня верыць, а частка папросту баіцца наступстваў за тое, што паўдзельнічае ў нейкіх сходах. Насамрэч мы не адчуваем нейкіх ганенняў. Нібыта адбываецца нават дыялог з уладай, але вынікам гэтага дыялогу становіцца тое, што нас як бы выслухоўваюць, але рашэнні прымаюць такія, якія самі намецілі, без уліку нашых прапаноў. Атрымліваецца, улада наверсе кажа пра лібералізацыю, а на месцах нейкая інэртнасьць, мясцовыя ўлады разумеюць праблемы, але бяздзейнічаюць і таму сапраўднага дыялогу не адбываецца.


 радыё Свабода


Дата стварэння навіны 08.05.2017
Падзяліцеся навіной з сябрамі

Возврат к списку