АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Раскол праваслаўя Праграма ураду Атака на СМІ Мінздраў: карупцыя Курапаты Справа Федынiча Забойства Паўла Шарамета

Дзікае азначае прыгожае

Дзікае азначае прыгожае
07.05.2017
У Бяшчадах прайшоў першы Бяшчадзкі фэстываль фота і фільмаў дзікай прыроды.



Імпрэза была прысвечаная папулярызацыі ідэі стварэньня новага Нацыянальнага парку ў Польшчы.


2-3 траўня ў цэнтры Ursa Maior у мястэчку Ўхэрцэ мінэральны ў рэгіёне Бяшчады прайшоў першы фэстываль фота і фільмаў дзікай прыроды пад назвай “Дзікае = прыгожае”.

 

Імпрэза стала нагодай да сустрэчы вядучых польскіх фатографаў ды рэжысёраў прыроды, магчымасьцю пазнаёміцца з працамі гэтых майстраў. Прысутныя на фэстывалі вядомыя фатографы прыроды Агнешка і Влодэк Білінскія падзяліліся сакрэтамі свайго майстэрства. Агнешка Білінска падкрэсьліла, што для таго, каб быць добрым фатографам прыроды патрэбныя веды ды зацікаўленасьць.


Агнешка Білінска: Я з дзяцінства цікавілася прыродай, а потым пайшла ў ВНУ на факультэт біялёгіі. Я вывучала экалёгію жывёл, што ўжо вельмі блізка да фатаграфаваньня прыроды. Падчас навучаньня часта езьдзіла ў паездкі, знаёмілася з дзікай прыродай. Заўсёды нехта меў пры сабе фотаапарат і так пачалася мая апантанасьць.


За здымкамі прыроды, якімі захапляюцца людзі, стаяць гадзіны працы ў розных нават цяжкіх умовах. Разам з тым, фатаграфія прыроды мае патэнцыял, што паказаў Бяшчадзкі фэстываль, зазначыў Влодэк Білінскі.


Влодэк Білінскі: Той, хто не любіць хадзіць доўга па лесу, ня любіць мерзнуць, баіцца камароў, аддае перавагу камфорту, не павінен ісьці ў бок фатаграфаваньня прыроды, вялізарных выдаткаў на тэхніку да адмысловыя аб’ектывы. Гэты фэстываль прыцягнуў даволі шмат людзей, што добры для першага разу. Я бачу ў ім патэнцыял. Тым больш што Бяшчады – гэта добрае месца для папулярызацыі фатаграфіі дзікай прыроды.

Так, напрыклад, на фэстывалі ўпершыню ў Польшчы быў паказаны новы фільм “Несьмяротны лес” вядомых славацкіх кінадакумэнталістаў Эрыка Балаша ды караля Каліскага.

 

Папярэдняй іх стужка “Воўчыя горы” атрымала міжнародныя ўзнагароды й была паказана каналам National Geographic у розных краінах.

Больш падрабязна пра мэту й праграму фэстывалю мы папрасілі распавесьці аднаго з арганізатараў Паўла Срэдзінскага.

Павел Срэдзінскі: У першую чаргу мы хацелі зьвярнуць увагу грамадзкасьці на тое, якая прыгожая прырода ў нас яшчэ ёсьць. Бяшчады - гэта незвычайнае месца. Мы хочам паказваць прыгажосьць тутэйшай прыроды, далучыўшы да гэтага людзей, зьвязаных з фатаграфаваньнем прыроды, кіношнікаў. Таксама мы не забываем і пра культуры. У праграме фэстывалю й канцэрты фольк музыкі, выставы прац мастакоў. Гэта першы фэстываль – прагляд. Спадзяюся, што не апошні, і што мы зможам штогод ладзіць фэстываль у розных гарадах усходняй часткі польскіх Карпат.

Першы Бяшчадзкі фэстываль фота і фільмаў дзікай прыроды ладзіўся з мэтай пашырыць і папулярызаваць ідэю стварэньня новага Нацыянальнага парку ў Польшчы. Ідзе пра Турніцкі нацыянальны парк, які апошнія 20 год ніяк не паўстане, нягледзячы на неаднаразовыя абяцаньні ўладаў. Стварэньне гэтага парку – гэта апошні шанец уратаваць унікальную частку старадаўняй Карпацкай пушчы, кажа Радаслаў Міхальскі з фонду “Прыродная спадчына”.


Радаслаў Міхальскі: Праектаваны Турніцкі нацыянальны парк зьяўляецца ўнікальным прыродным абшарам ня толькі ў маштабе Польшчы, але й сьвету. Лічыцца, што палова найбольш каштоўных элемэнтаў Карпацкай пушчы знаходзіцца на гэтай тэрыторыі. Апроч таго гэта ключавы абшар для захаваньня папуляцыі бэркутаў у Польшчы. Яны захаваліся толькі ў гэтай частцы Карпат. Таксама толькі тут у Польшчы яшчэ жыве ў прыродзе такі гатунак як лясны кот. Толькі тут налічана больш за 6,5 тысяч дроваў больш за 3 мэтры ў абхваце. Яны лічацца помнікамі прыроды. Такога ў гаспадарчых лясах не ўбачыш на тэрыторыі Польшчы. Гэта дрэвы, якіх не садзіў чалавек, яны памятаюць яшчэ часы Рэчы паспалітай.


У Бяшчадах адбыўся першы фэстываль фотаздымкаў і фільмаў дзікай прыроды. Імпрэза прыцягнула аматараў і адмыслоўцаў, якія імкнуцца захаваць і паказаць усім зацікаўленым прыгажосьць дзікай прыроды ў Польшчы.


radyjo.net
Фота з адкрытых крыниц


Дата стварэння навіны 07.05.2017

Возврат к списку