АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Раскол праваслаўя Праграма ураду Атака на СМІ Мінздраў: карупцыя Курапаты Справа Федынiча Забойства Паўла Шарамета

«Беларусізацыя ня скончылася, яна нават пачала ўзмацняцца», старшыня ТБМ Алег Трусаў

«Беларусізацыя ня скончылася, яна нават пачала ўзмацняцца», старшыня ТБМ Алег Трусаў
05.05.2017
Алег Трусаў распавядае пра беларускую нацыянальна-патрыятычную групоўку ва ўладзе і абвінавачвае Радыё Свабода ды іншыя незалежныя СМІ ў спрыянні рэжыму.


Чарговы герой перадачы «Інтэр вію тыдня» – старшыня ТБМ Алег Трусаў на радыё Свабода. Ён адказвае на пытанне, ці скончылася ў краіне «мяккая беларусізацыя», распавядае пра беларускую нацыянальна-патрыятычную групоўку ва ўладзе і абвінавачвае Радыё Свабода ды іншыя незалежныя СМІ ў спрыянні рэжыму. З ім гутарыў Віталь Цыганкоў.

 

– Пасля 25 сакавіка аналітыкі загаварылі пра тое, што адносная «лібералізацыя» у краіне скончылася. І адной з ахвяраў гэтага працэсу можа стаць і «мяккая беларусізацыя». Ці вы згодныя з такой ацэнкай?

 

– Я так не лічу. Беларусізацыя працягваецца. Больш за тое, апошнімі днямі яна нават пачала ўзмацняцца. Мала таго, што мы дабіліся, што на Еўрабачанне ад Беларусі паедзе беларускамоўны гурт. Але днямі было абвешчана, што і тэлетрансляцыя будзе весціся па-беларуску.

 

Павялічылася колькасць гадзін на беларускую мову ў розных класах, цяпер яе ўраўнавалі з расейскай. Рэзка павялічылася ў райцэнтрах колькасць беларускамоўных шыльдаў. Прывяду ў прыклад Нясвіж. Яшчэ пару гадоў таму там было дзве ці тры беларускамоўныя шыльды. А зараз я на трох вуліцах налічыў каля пяцідзесяці.

 

– З іншага боку, можна прыгадаць і «справу патрыётаў», і апошнія затрыманні людзей з бел-чырвона-белымі сцягамі.

 

– Хапалі ўсіх – і са сцягам, і без сцягоў. У Берасці хапалі людзей з белымі аркушамі паперы. Выйшаў на недазволеную акцыю, ня важна з чым – ідзі ў кутузку. Пры чым тут сцяг? Гэта не паляванне на сімволіку, гэта проста паляванне на ўсіх грамадзян, хто нечым сябе праяўляе.

 

– Але звернемся да «справы патрыётаў». Арыштавалі людзей, якія вызнавалі беларускія патрыятычныя каштоўнасці. Беларускамоўных, удзельнікаў патрыятычных клубаў. Чаму ўлада не арыштавала прадстаўнікоў прарасейскіх суполак, якіх хапае ў Беларусі?

 

– Апошнім часам улада раскалолася на вялікія групоўкі, якія ваююць паміж сабой. Адна – умоўна кажучы, нацыянальна-патрыятычная, яна і пачала «мяккую беларусізацыю». Другая групоўка выступае за анексію Беларусі. Яе прадстаўнікоў найбольш у розных спецслужбах. Невыпадкова ў іх і сімволіка расейская ў кабінетах вісіць, на аўтамабілях.

 

Ідзе змаганне паміж дзвюма гэтымі групоўкамі. Заўважце, нацыянальная групоўка дабілася арышту аўтараў Regnumʼа, нават хацелі Баранчыка забраць. У адказ атрымалі арышт патрыётаў. Так што – баш на баш.

 

– Я б сказаў, вельмі нераўнацэнны «абмен».

 

– Разумееце, прыхільнікаў Расеі ў калідорах улады значна больш. Дарэчы, далёка ня ўсе там па-беларуску гавораць, там вельмі розныя людзі. Тым больш што палітыкаў яны выпусцілі – Дашкевіча і ягонага сябра. Астатнім затрыманым успомнілі мінулае – як калісьці Сталін белагвардзейцаў арыштоўваў. Яны ўжо гадоў 15 не былі ані ў партыях, ані ў ТБМ. Сказаць, што яны былі палітычна актыўныя, нельга.

 

– Калі вы кажаце пра розныя групоўкі ва ўладзе, то многія ставяць гэтую схему пад сумнеў. У беларускай сістэме ўлады ўсе асноўныя кірункі задае Аляксандр Лукашэнка, а астатнія, незалежна ад сваіх поглядаў, вымушаны пад гэта падстройвацца.

 

– Тыя, хто так гаворыць, не разумеюць, што такое палітыка ў аўтарытарнай краіне. Адзін чалавек ня можа ўсё вырашаць. Хто цяпер падтрымлівае Лукашэнку? Чынавенства, іхныя семʼі – іх прыкладна 300–500 тысяч чалавек. Пакуль яны ва ўладзе – гэтая ўлада і стаіць. І яны маюць карт-бланш на любыя пытанні ў межах сваёй кампетэнцыі.

 

Я добра ведаю раённыя ўлады. У адным раёне ідзе беларусізацыя, а ў іншым усё беларускае знішчаюць. Бо ў адным раёне кіраўнік – прыхільнік незалежнасці, а ў другім – прыхільнік інтэграцыі з Расеяй. Лукашэнка прызначыў чалавека і забыўся на яго. Пра яго ўзгадаюць, толькі калі ён нешта ўкрадзе альбо адкат ня дасць.


Лукашэнка вырашае толькі самыя галоўныя замежнапалітычныя моманты, эканамічныя. Астатняе вырашае наменклатура

– Чаму ўлада ня вытрымала гэтага курсу на «лібералізацыю» і пайшла на разгром дэмакратычных сілаў?

 

– Я не лічу гэта разгромам. У параўнанні з 2010 годам ніякага разгрому не было. Гэта проста запалохванне. Чаму? Бо ўлада прайграла «дармаедаў», дэкрэт давялося фактычна скасаваць. Упершыню электарат Лукашэнкі выйшаў на вуліцу з патрабаваннем ягонай адстаўкі. І ўлада вырашыла запалохаць. Таму і хапалі ўсіх, хто трапляўся. Ім трэба была карцінка.

 

Ніякіх палітычных зняволеных няма, даюць Статкевічу 5 сутак. Яны змагаюцца не з апазіцыяй, а з сваім электаратам. Яны запалохвалі, стваралі карцінку – і дабіліся сваёй мэты. Дзякуючы ў тым ліку і вам, бо вы паказвалі ўсе гэтыя жахі, бясплатна папрацавалі на рэжым.

 

– Вы прапануеце ўсё гэта не паказваць?

 

– Ну, не выпячваць. Яны нейкага інваліда хапаюць, і адразу дваццаць журналістаў, ад «Белсат» да «Рацыі», гэта паказваюць. Людзі глядзяць, палохаюцца і ня ходзяць на акцыі. Можна ж паказаць па-рознаму. Я калі гляджу «Белсат» – то думаю, што людзі на гэта паглядзяць і ніколі больш ня пойдуць. Каму хочацца сядзець на сутках альбо – самае страшнае – плаціць штрафы?

 

– Сёлета будзе зʼезд ТБМ, і вы ўжо заяўлялі, што ня будзеце вылучацца на пасаду старшыні...

 

– Так, ня буду. Трэба своечасова прыйсці, а самае галоўнае – своечасова сысці. Не чакаць, пакуль струхнееш ці памрэш у крэсле. Таму – будзе змена.

 

– У вас ужо ёсць кандыдатура пераемніцы альбо пераемніка?

 

– На сёння вылучана чатыры кандыдатуры. Гэта Лявон Баршчэўскі, Людміла Дзіцэвіч, Алена Анісім і Уладзімір Колас, але ён днямі адмовіўся. Праходзяць сходы. Кандыдатаў абмяркоўваюць, мы ня робім з гэтага ніякай таямніцы. Вылучалі ўвогуле 7 чалавек, але астатнія з розных прычын сышлі з дыстанцыі.

 

– Раней вы заяўлялі, што ТБМ – гэта непалітычная арганізацыя. І гэта дазваляе вам паспяхова працаваць. Але вы самі вылучаліся летась на парламенцкіх выбарах, а Алена Анісім нават стала дэпутаткай Палаты прадстаўнікоў. То бок цяпер такая сувязь з палітыкай ужо патрэбная? Гэта нейкі новы этап у дзейнасці ТБМ?

 

– І так, і не. Анісім ішла шляхам збору подпісаў, яна ніколі ні ў якіх партыях не была. Іншая справа, што ТБМ усё зрабіў, каб яна стала дэпутатам. Людзі ў Нясвіжы і на Стаўпеччыне яе ведаюць, яны за яе галасавалі. У Менску выбары фактычна не адбыліся, а там людзі ходзяць на выбары, з розных прычын.

 

Што тычацца палітыкі. Сам факт, што чалавек размаўляе па-беларуску – гэта ўжо палітыка. І гэтай палітыцы ўжо гадоў 350. Але мы не прымыкаем да палітычных кааліцыяў, не ўваходзім у прамыя альянсы з палітычнымі партыямі – і тут наша пазіцыя застаецца нязменнай.


Дата стварэння навіны 05.05.2017

Возврат к списку