АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Змена ўраду Атака на СМІ Мінздраў: карупцыя Курапаты Пенсійная рэформа Эканамічны крызіс Забойства Паўла Шарамета

Мітрапаліт Кандрусевіч заклікаў да рэформы дзяржаўна-рэлігійных адносін у Беларусі

Мітрапаліт Кандрусевіч заклікаў да рэформы дзяржаўна-рэлігійных адносін у Беларусі
02.05.2017
Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч сёння выступіў у Акадэміі кіравання пры прэзідэнце

 

 У дакладзе ён падкрэсліў, што ў краіне саспела рэформа дзяржаўна-рэлігійных адносін.


У мерапрыемстве ў межах праграмы павышэння кваліфікацыі прынялі ўдзел кіраўнікі галоўных упраўленняў, аддзелаў ідэалагічнай працы, культуры і па справах моладзі аблвыканкамаў, гарвыканкамаў, райвыканкамаў і мясцовых адміністрацый раёнаў, якія курыруюць пытанні рэлігій і нацыянальнасцей, паведамляе catholic.by.


“Касцёл не абыякавы да спраў гэтага свету і імкнецца ўзбагачаць іх хрысціянскімі каштоўнасцямі, аднак не заўсёды можа эфектыўна гэта рабіць. Для гэтага неабходна эвалюцыя і рэформа заканадаўства, каб яно яшчэ больш спрыяла функцыянаванню рэлігійных арганізацый”, — адзначыў мітрапаліт.


“Спадзяюся, наша сённяшняя сустрэча стане новым крокам у працэсе ўдасканальвання беларускага заканадаўства ў галіне свабоды веравызнання і рэлігійных арганізацый і будзе спрыяць вырашэнню праблем, якія існуюць паміж рэлігійнымі арганізацыямі і дзяржавай”, — падкрэсліў ён.

«Касцёл павінен мець права свабодна несці ў грамадства дух Евангелля, абвяшчаць і абараняць маральныя каштоўнасці і развіваць сацыяльнае вучэнне, каб свецкая дзяржава ўзбагачалася хрысціянскімі каштоўнасцямі».

Паводле яго, якраз гэта права Касцёлу і дзяржаве гарантуе юрыдычна аформленае пагадненне, для чаго ў Беларусі вядуцца размовы пра падпісанне такога канкардату паміж Ватыканам і Мінскам. “Аднак, яшчэ далёка не ўсе праблемы, звязаныя з падрыхтоўкай такога пагаднення, вырашаны, хоць мы спадзяёмся на прагрэс у гэтай важнай справе”, — адзначыў ён.

На дуумку арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча: «Многія палажэнні Закона Беларусі «Аб свабодзе сумлення і рэлігійных арганізацыях» састарэлі і не адпавядаюць часу і рэальнай сітуацыі. Пасля яго прыняцця вырасла новае пакаленне людзей, якія ўспрымаюць свет і працэсы ў ім па-іншаму”. 


“Таму неабходна па-новаму паглядзець і на адносіны паміж дзяржавай і рэлігійнымі арганізацыямі”, – падкрэсліў іерарх.

Акрамя таго,  ў дакладзе закрануў тэму неабходнасці ў Беларусі закона аб рэстытуцыі, спрашчэння парадку атрымання дапамогі некамерцыйнымі арганізацыямі, спрашчэння дазволу на служэнне ў краіне замежных святароў, унармаванне рэлігійнага выхавання ў школах і шэраг іншых момантаў.

 



Дата стварэння навіны 02.05.2017

Возврат к списку