АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Раскол праваслаўя Праграма ураду Атака на СМІ Мінздраў: карупцыя Курапаты Справа Федынiча Забойства Паўла Шарамета

Фотафакт: Маштабны апоўзень на Замкавай гары ў Навагрудку пагражае вежы

Фотафакт: Маштабны апоўзень на Замкавай гары ў Навагрудку пагражае вежы
01.05.2017
Зямля папаўзла па ўсім усходнім схіле Замкавай гары ў Навагрудку — гэта той, які над Фарным касцёлам


 У выніку пасунулася зямля і пад нядаўна рэканструяванай Касцельнай вежай.

Гэтае фота зрабіла Таццяна Царук:

 

 

Апоўзні на горах бываюць выкліканыя дзейнасцю чалавека або зменай кірунку грунтовых вод. Змагацца з імі няпроста. Нагадаем, што гэтай зімой зямля папаўзла і на Замкавай гары ў Вільні. Там апоўзень быў выкліканы бяздумнай высечкай дрэваў і кустоў на схілах.

 

Праект умацавання Замкавай гары і вежы ў Наваградку, які быў ажыццёўлены ў 2013—2014 гадах, распрацоўваў «Гроднаграмадзянпраект». Апошні апоўзень азначае, што праект аказаўся няўдалы.

«Мы праводзілі сваё геалагіч­нае даследаванне, — расказваў «Нашай Ніве» тады яго галоўны інжынер Рышард Кацынель. — Па яго выніках мы распрацавалі праект умацавання схіла бура-ін’екцыйнымі сваямі — па-іншаму гэта зрабіць было немагчыма. А ўжо металічная канструкцыя для ўтрымання вежы будзе трымацца на буранабіўных сваях. Бетанавалі зімой, але раствор закачвалі пад зямлю, таму гэта не патрабавала адмысловых прысадак. Сваі добра трымаюць грунт», — сцвярджаў тады Кацынель.

 

Зараз, пасля апоўзню, патрэбны пастаянны маніторынг стану вежы, маніторынг прасадак па гарызан­талі, адхілення вежы ад вертыкалі. Сітуацыя патрабуе неадкладных крокаў.

 

Хочацца, каб беларусы захавалі для ўнукаў вежу Наваградскага замка такой, якой мы бачым яе цяпер, а не крушню пад гарой.

Навагрудскі замак стаіць на адным з самых высокіх узгоркаў краіны — 323 м над узроўнем мора. Калі стаіш на гэтай гары, перад вачыма рассцілаюцца прасторы, піша Наша ніва.

 

Навагрудак (Наваградак) быў першай сталіцай Вялікага Княства Літоўскага, рэзідэнцыяй Міндоўга. Замкавая гара з вежамі — гэта адзін з самых знакамітых беларускіх краявідаў. Мураваны замак тут паўстаў у XIV—XV стст.

З Навагрудкам і замкам звязаныя пачаткі гісторыі Вялікага Княства Літоўскага — магутнай беларуска­-літоўскай дзяржавы, у якой наш народ перажыў свой Залаты Век.

 

Рэканструкцыя вежы ў свой час выклікала вялікія спрэчкі.



Дата стварэння навіны 01.05.2017

Возврат к списку