АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Мінздраў: карупцыя Курапаты Пенсійная рэформа ЧС-2018 Матулі 328:галадоўка Эканамічны крызіс Забойства Паўла Шарамета

«Мы ганарымся» – бацькі і жонка распавялі пра затрыманага па справе «Белага легіёну» Віктара Мароза

«Мы ганарымся» – бацькі і жонка распавялі пра затрыманага па справе «Белага легіёну» Віктара Мароза
29.04.2017
Жонка і бацькі затрыманага па справе «Белага легіёну» распавялі Свабодзе, чаму яны чакалі затрыманьня.


Чацьвёрты тыдзень трохагдовы Ярамір ня можа дачакацца, каб пасля працы да хаты вярнуўся ягоны тата. З СІЗА КДБ ад Віктара Мароза толькі прыходзяць лісты з казкамі пра эльфаў і малюнкамі Сонечнай сыстэмы. 


Гэта патрыятызм, у тым рэчышчы, у якім мы выхоўвалі сына

«Калі я толькі пачуў пра гэтую справу, я чакаў, што па сына прыйдуць, – распавядае пра Віктара бацька Генадзь Мароз. – Пад яе могуць узяць усіх, хто засвяціўся».

 

 «Белы легіён» у сям’і ведаюць. Калі Віктар вучыўся ў старэйшых клясах, ён уваходзіў у арганізацыю. Але ні тады, ні цяпер бацькі не лічылі «Белы легіён» шкодным.

 

«Я ня бачыў нічога такога, чаму мой сын ня можа быць там, – кажа Генадзь Барысавіч. – Гэта патрыятызм у тым рэчышчы, у якім мы яго выхоўвалі. Я бачыў, што ён знайшоў сябе. Знайшоў сапраўдных таварышаў».

 


Аднак пра існаванне «Белага легіёну» Марозы не чулі ўжо больш за 10 год. Арганізацыя развалілася яшчэ ў пачатку 2000-х, і Віктар знаходзіў новыя хобі. У сямейным альбоме шмат здымкаў з падарожжаў, баскетбольных трэніровак і горных схілаў – усім гэтым займаўся Віктар. Апошняе, чым захапіўся Віктар – спортынг. Гэта спартовая стральба па мішэнях, якія імітуюць палёт птушкі ці бег звяроў. Адмыслова для спортынгу ў 2016 годзе ён набыў паляўнічае ружжо.

 

«Ён яшчэ ў пошуку. Ён яшчэ даволі малады чалавек, – кажа бацька. – А гэты сумны досвед дазволяць стаць яму яшчэ больш мэтанакіраваным».

 


Баскетбол доўгі час быў хобі Віктара


Віктара Мароза затрымалі 3 красавіка – праз два тыдні пасля Міраслава Лазоўскага і першай партыі «легіянераў». 4 красавіка ў ягонай здымнай кватэры і ў бацькоў правялі вобшук. Забралі «тканіну бел-чырвона-белага колеру», як напісалі ў пратаколе, паляўнічае ружжо ў сейфе пад замком, патроны да яго і камуфляжную куртку. «Куртку яму брат прывёз, калі вучыўся ў аспірантуры ў Нямеччыне, – кажа маці Тацьцяна. – У такіх куртках ходзяць у лес, на паляваньне. Гэта проста смешна».

 

Таццяна Мароз


Сын перастаў есьці і штовечар пытаецца, чаму тата не вяртаецца з працы

Зусім па-іншаму затрыманьне мужа ўспрыняла жонка Вікторыя. Яна родам з украінскага Дняпра (да 2016 года – Днепрапятроўску – Р.С.). Пазнаёмілася зь Віктарам онлайн і пераехала да яго ў Менск. За сем год замужняга жыцьця яна ні разу ня чула пра «Белы легіён», а таму вельмі зьдзівілася затрыманьню.

 

«Калі мне пра гэта распавялі, я ўспрыняла гэта як злы жарт. Гэта ж поўны абсурд, кажа Вікторыя. – Ужо шмат гадоў гэтая арганізацыя не існуе».

 


Вікторыя атрымлівае лісты ад мужа, а ён скрадзіцца, што ніхто ня піша

 

Жонка дагэтуль не адышла ад шоку. А сын Ярмамір амаль перастаў есці. Калі ў кватэры праводзілі вобшук, ён забіўся ў кут, накрыўся коўдрай і не выходзіў адтуль.

 

«Ён сказаў, што дрэнныя дзядзькі не адпускаюць тату дамоў, – кажа Вікторыя. – Увесь час кажа, што тата зараз вернецца з працы і яны пойдуць на шпацыр».

 

Тата нагадвае пра сябе толькі лістамі. Штотыдзень ад яго прыходзяць казкі пра сям’ю эльфаў – любімых казачных герояў Яраміра. А таксама пра космас і астранаўтаў, пра што раней любіў распытваць сын.

 


Славянскае імя сына Ярамір азначае «сонечны свет»

 

Але сам Віктар лістоў ад сваякоў не атрымлівае. Ён просіць, каб яму пісалі, мяркуе, што жонка крыўдуе на яго. Вікторыя лічыць, што такім чынам на Віктара могуць ціснуць.

 

«Прыйдзецца хлопцам нялёгка, – лічыць Генадзь Барысавіч. – Будзе ціск. І трэба вытрымаць. Маральна ён вытрымае. Галоўнае, каб не было фізычных зьдзекаў. Гэта вельмі турбуе».

 

Дзеці знайшлі беларускія карані ў маці-расійкі


Віктар Мароз вырас у тыповай савецкай сям’і. Тата – вайсковец родам з Наваградчыны. Маці – настаўніца з расейскай Поўначы. У дзяцінстве ён марыў стаць вайскоўцам. Сам вырашыў паступаць у сувораўскую вучэльню. Аднак праз два гады бацькі забралі яго адтуль па стане здароўя. Пасля школы ён паступіў у БНТУ, скончыў унівэрсытэт па спэцыяльнасьці «Лагістычныя перавозкі».

 


Сямейнае фота канца 1980-х

 

Лагіст па адукацыі, Віктар зь дзяцінства цікавіўся гісторыяй. Разам з братам яны склалі сямейны радавод. Нават знайшлі беларускія карані ў маці-расейкі.

 

«Я ніколі нават не падазравала, – кажа Тацьцяна. – Аказваецца, мая бабуля родам з Беларусі».

 

Віктараў бацька да 17 год быў беларускамоўным. Ён падкрэсьлівае сваё паходжаньне з сям’і настаўнікаў з Наваградчыны. Ягоны брат стаў краязнаўцам, сабраў музэй пры школе.

 

«Для мяне аўтарытэтам заўжды быў дзед, які не ўступіў у калгас, – кажа Генадзь Барысавіч. – Калі я ўступаў у камсамол у 1972 годзе ён мне сказаў, што Савецкі Саюз разваліцца на маіх вачах. Бо ён пабудаваны на страху, ілжы і крыві».

 


Генадзь Барысавіч Мароз

 

А сёння ўжо Генадзь Барысавіч кажа, што нельга замоўчваць хлусню супраць ягонага сына. Справу ён лічыць сфабрыкаванай, якая пад сабой ня мае падмурку.

 

«Гэтая справа несапраўдная, яна хлуслівая, – кажа Генадзь Барысавіч. – Думаю, гэта зразумела кожнаму. Гэта правакацыя, ня болей за тое».

 

Мы ганарымся гэтым чалавекам

«Няхай людзі паглядзяць на чалавека, з якога хочуць зрабіць тэрарыста, – кажа Вікторыя. – Мы ганарымся гэтым чалавекам».

 


Віктар вырас у праваслаўнай сям’і, але перад вянчаннем перайшоў у каталіцтва

 

Працоўнае месца Віктара ўжо занятае. Калі справа зацягнецца, жонцы з сынам давядзецца пераехаць са здымнай кватэры да свёкраў. Таксама Вікторыя задумваецца пра працу. Доўгі час яна гадавала дзіця і на сям’ю зарабляў толькі Віктар.

 

«Яшчэ нам не хапае ягоных пірагоў, – кажа жонка. – Печыва ў яго заўжды лепш атрымлівалася. Пару разоў на тыдзень муж нешта выпякаў».

 

Ужо пайшоў чацвёрты тыдзень, як затрымалі Віктара. Але бацькі і жонка дагэтуль не адышлі ад стрэсу. Ад хвалявання ў першыя дні бацька ня мог заснуць.

 

Ад адваката вядома, што Віктар сёння абвінавачаны па двух артыкулах Крымінальнага кодэксу: 293 (частка 3) – гэта падрыхтоўка да масавых беспарадкаў, і 287 – стварэнне незаконнага ўзброенага фармавання. Але сваякі настроеныя толькі на вызваленне.

 

«Мы чакаем, калі гэта скончыцца, – кажа бацька. – Гэта зойме нейкі час, і трэба трываць, трэба чакаць, трэба верыць».





Дата стварэння навіны 29.04.2017

Возврат к списку

cashback