АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Раскол праваслаўя Змена ўраду Атака на СМІ Мінздраў: карупцыя Курапаты Справа Федынiча Забойства Паўла Шарамета

Германія дае 600 тысяч еўра на мемарыял у Трасцянцы

Германія дае  600 тысяч еўра на мемарыял у Трасцянцы
29.04.2017
20 красавіка ў другім корпусе Маладзечанскага дзяржаўнага політэхнічнага каледжа адкрылася перасоўная выстава “Лагер смерці Трасцянец. Гісторыя і памяць”.

Першапачаткова выставу планавалі паказаць у Мінску ў музеі Вялікай Айчыннай вайны і ва ўсіх абласных гарадах. Маладзечна праявіла ініцыятыву, каб выстава прайшла ў горадзе. Дзякуючы арганізатарам – Дортмундскаму міжнароднаму адукацыйнаму цэнтру пры фінансавай пад­трымцы Міністэрства замежных спраў ФРГ – гэта стала магчыма.

Я вельмі ўдзячная, што Маладзечна і маладзечанскі каледж праявілі ініцыятыву і захацелі паказаць выставу, – адзначае часовы павераны ў справах Федэратыўнай Рэспублікі Германія ў Рэспубліцы Беларусь Аня Лютэр. – Гэта сведчыць аб сап­раў­днай і сур’ёзнай грамадскай дзейнасці, таму што тэма выставы вельмі цяжкая. Усё ж вы вырашылі паказаць яе, бо лічыце тэму важнай, і я падзяляю гэта меркаванне.

Выставу рыхтавалі спецыялісты з Германіі і Беларусі

Перасоўная выстава “Лагер смерці Трасцянец. Гісторыя і памяць” – унікальны беларуска-германскі праект, які рыхтаваў калектыў гісторыкаў, работнікаў музеяў з Германіі і Беларусі. Спецыялісты паказваюць розныя культуры памяці – пераможцаў і пераможаных.

У беларускіх і нямецкіх гісторыкаў розныя падыходы нават наконт назвы лагера. Беларусы прынялі для сябе тэрміналогію лагер смерці Трасцянец. Нямецкія гісторыкі называюць Трасцянец месцам знішчэння, бо гэта быў нетрадыцыйны лагер смерці, такі як Аўшвіц альбо Трыблінка. Аднак спецыялістам удалося паказаць узгодненае бачанне складанага перыяду агульнай гісторыі.

На адкрыцці выставы зазначылі, што быў шэраг аналагічных спробаў стварыць у Еўропе ўзгодненыя раздзелы падручнікаў па ваеннай гісторыі. Іх распрацоўвалі краіны, якія супрацьстаялі падчас вайны, аднак большасць скончылася няўдачай.

Выстава прысвечаная лагеру смерці Трасцянец, які доўгія гады, нягледзячы на маштабнасць, быў зусім невядомы ў Еўропе як грамадскасці, так і гісторыкам, – гаворыць дырэктар мінскага міжнароднага адукацыйнага цэнтра імя Ёханаса Раў Віктар Балакіраў. – Хаця гэта месца самага масавага знішчэння заходне-еўрапейскіх яўрэяў за межамі трэцяга рэйха. У агульнай складанасці ў Трасцянцы знішчылі каля 35 тысяч заходне-еўрапейскіх яўрэяў з Германіі, Аўстрыі і Чэхіі. Пры гэтым толькі з Аўстрыі іх было каля 13 тысяч. Такім чынам, выстава прабівае нейкім чынам свое­асаблівую інфармацыйную брахню ў інфармацыйнай блакадзе, якая была ў Еўропе, у адносінах да канцлагера, чацвертага па маштабах падчас Другой сусветнай вайны.

Загінула больш за 200 тысяч, вядомыя імёны толькі 40 тысяч

Важна, што выстава перасоўная. Летась у лістападзе яна адкрылася ў Гамбургу. Гэта сімвалічна, бо ў лістападзе 1941 года першы эшалон павёз заходне-еўрапейскіх яўрэяў з Гамбурга ў Мінск.

Выстава ўжо паказаная ў Берліне, у Карлс­хорсце. Паступіла заяўка з Вены аб правядзенні выставы і ў Аўстрыі. Яна плануецца ў Чэхіі і Празе.

Выстава, якая пройдзе ў Германіі, Аўстрыі, Чэхіі, будзе садзейнічаць устанаўленню кантактаў паміж трасцянецкім мемарыялам і заходне-еўрапейскімі мемарыяламі, якія ёсць і ў Чэхіі, і ў Германіі. Гэта дапаможа стаць Трасцянцу састаўным элементам культуры памяці, – разважае Віктар Балакіраў. – Цеснае супрацоўніцтва дапаможа выпрацаваць агульную канцэпцыю, знайсці дарогу адзін да аднаго.

Будзе працягвацца праца па ўстанаўленні імёнаў загінулых у Трасцянцы.

Ад 1942 да 1944 года у Трасцянцы знішчалі яўрэяў з Беларусі, Аўстрыі, Германіі і Чэхіі, тут былі жорстка забітыя савецкія ваеннапалонныя, мірнае насельніцтва і партызаны, – аднаўляе ваенныя старонкі Аня Лютэр. – Тут не хавалі, а проста закопвалі ў зямлю, каб схаваць сляды жорсткіх злачынстваў. Для нашчадкаў імёны многіх забітых засталіся невядомымі, але кожны з іх меў імя, меў сваю асабістую і ўнікальную гісторыю. Некаторыя лёсы загінулых у Малым Трасцянцы ўдалося аднавіць, яны паказаныя на выставе. Яна вяртае іх з небыцця, вяртае страчанае імя. Трэба весці далейшую работу па аднаўленні імёнаў. Асабістыя лёсы, магчыма, лепш за лічбы дазваляюць зразумець, якая чалавечная трагедыя тут адбылася.

Летась у чэрвені здадзены першы этап будаўніцтва трасцянецкага мемарыяла. Аднак прадугледжаны і другі этап будаўніцтва ва ўрочышчы Благаўшчына, дзе былі знішчаныя пераважна заходне-еўрапейскія яўрэі.

Міністэрства замежных спраў ФРГ і народны саюз па доглядзе за ваеннымі пахаваннямі Германіі прынялі рашэнне выдаткаваць 600 тысяч еўра на рэалізацыю другога этапу будаўніцтва гэтага мемарыяла, – расказвае дырэктар мінскага міжнароднага адукацыйнага цэнтра імя Ёханаса Раў. – І цэнтральным элементам другога этапу з’яўляецца рэалізацыя праекта, распрацаванага Леанідам Левіным.




Дата стварэння навіны 29.04.2017

Возврат к списку