АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Змена ўраду Атака на СМІ Мінздраў: карупцыя Курапаты Пенсійная рэформа Справа Федынiча Забойства Паўла Шарамета

Трохразовы алімпійскі чэмпіён Уладзімір Парфяновіч трэніруе ў Мастах дзяцей за 350—400 рублёў у месяц

Трохразовы алімпійскі чэмпіён Уладзімір Парфяновіч трэніруе ў Мастах дзяцей за 350—400 рублёў у месяц
29.04.2017
Пра гэта вядомы ў мінулым спартсмен, экс-дэпупат Палаты прадстаўнікоў Уладзімір Парфяновіч распавёў у інтэрв'ю «Народнай волі».


Вядомы ў мінулым спартсмен Уладзімір Парфяновіч некалькі гадоў працаваў у трэнерскім складзе зборнай Расіі, затым трэніраваў польскую нацыянальную каманду. Але вось нечаканасць! Уладзімір Уладзіміравіч вырашыў адысці ад спорту высокіх дасягненняў і пераехаў у невялічкі гарадок Масты, што ў Гродзенскай вобласці, працаваць з дзецьмі. Такія вось зігзагі лёсу…

 

— Нармальна працуецца з дзецьмі, без нерваў і стрэсаў, — распавядае Уладзімір Парфяновіч.  Афіцыйна назва маёй пасады гучыць так: трэнер-выкладчык дзіцяча-юнацкай школы алімпійскага рэзерву.

 

Пасля таго як у Польшчы скончыўся кантракт, вырашыў вярнуцца на радзіму. Прыехаў у Мінск, думаю: «Што ж рабіць з тымі ведамі, якія назбіраў за ўсё жыццё? Іх жа трэба камусьці перадаць». А ў мяне старыя сябры ў Мастах, таму і вырашыў з’ехаць са сталіцы — далей ад сталічнай мітусні. Можна было, безумоўна, і ў Мінску знайсці працу, але не захацеў. Жыць у сталіцы стала дорага і неэфектыўна. А я вырашыў крыху змяніць абстаноўку. Гады працы ў Расіі і Польшчы былі вельмі складаныя. У першую чаргу псіхалагічна стаміўся. І зараз я дакладна ведаю: праца з нацыянальнымі камандамі здароўя не дадае.

 

— Але ж, калі браць фінансавы складнік, то ўмовы ў той жа Польшчы і Мастах, відаць, як неба і зямля…

 

— Пра што вы кажаце? (Смяецца.) Так, зараз у мяне не вельмі вялікі заробак — маю каля 350—400 рублёў у месяц. Але ж у дадатак атрымліваю знакамітую беларускую алімпійскую пенсію — аж 264 рублі. Усё не так дрэнна!

 

— Адным словам, працуеце без фантастычных ганарараў.

 

— А чаму б і не? Тым больш што сёння многія беларусы зарабляюць столькі ж. І нічога — выжываюць. Ды і не вельмі хачу прыбядняцца, усё-такі паспеў назбіраць за сваё жыццё нейкую капейку. А больш за адзін батон у дзень я ўсё роўна не з’ядаю.

 

— Жыллё ў Мастах здымаеце?

 

— Жыву ў кватэры, якую прадаставілі. Увогуле, правінцыя — гэта не Мінск. Кошты на пэўныя прадукты і паслугі тут ніжэйшыя, чым у сталіцы, таму пражыць прасцей. А яшчэ адна адметнасць — усе ва ўсіх на віду, усе адзін аднаго ведаюць. Таму п’яным па вуліцы не паходзіш, адразу ўвесь горад будзе ведаць.

 

— Як адчуваеце сябе ў новай ролі дзіцячага трэнера?

 

— Неверагодна цікава! Па-першае, заўсёды прыемна бачыць, як твае веды дапамагаюць юным спартсменам расці, і ўсё гэта адбываецца на тваіх вачах. Па-другое, сярод дзяцей няма такога здрадніцтва, як у вялікім спорце. І я бачу, як свецяцца вочы ў дзетак ад гонару, што ў іх вядзе пачатковую падрыхтоўку трохразовы алімпійскі чэмпіён. Хаця, хачу адзначыць, пасля гадзіны працы з дзецьмі ў школе ў мяне складваецца ўражанне, што тыдзень працаваў. І я ўсёй Адміністрацыі прэзідэнта паставіў бы тлустую двойку за тое, якім чынам там ацэньваюць працу дзіцячых выкладчыкаў і колькі людзям плацяць за гэтую працу. Каб прыцягнуць дзяцей да заняткаў спортам, трэба ствараць зусім іншыя ўмовы працы для самой школы.

 

— Кажуць, што і матэрыяльна-тэхнічная база ў многіх дзіцячых спартыўных школах таксама не на ўзроўні. Гэта так?

 

— У нас сітуацыя не з лёгкіх, хаця, мяркую, у любой школе — мора праблем. Мы, напрыклад, працуем на інвентары 10—15-гадовай даўніны. Вёслы старыя, даводзіцца па некалькі разоў іх пераклейваць. Адным словам, цяжкасці ёсць, але мы іх гераічна пераадольваем.

 

Магчыма, вы ўжо сустракаліся з прадстаўнікамі Беларускай федэрацыі веславання альбо Міністэрства спорту і турызму, каб абмеркаваць, якім чынам вашы веды можна скарыстаць для развіцця беларускага спорту?

 

— А навошта простаму дзіцячаму трэнеру сустракацца з гэтымі чыноўнікамі? У мяне ёсць сваё непасрэднае кіраўніцтва, з ім і абмяркоўваю ўсе пытанні. А з птушкамі такога высокага палёту мне не па рангу сустракацца.

 

Ды і няма асабліва часу на сустрэчы, зараз мы знаходзімся на зборах у Азёрах і рыхтуемся да Кубка Беларусі. Дадам, што ўмовы тут, безумоўна, спартанскія. У доме сплю ў шапцы і накрываюся дзвюма коўдрамі. Жонка да мяне сюды прыехала і хуценька з’ехала. Кажа: «Не прызвычаілася я з табой у паліто спаць».

 

— А як наогул жонка ўспрыняла ваш незвычайны выбар?

 

— Цудоўна! Таццяна і сама былая спартсменка, а таму зараз прыязджае, дапамагае мне, выкладаючы дзецям гімнастыку. Трэніроўкі сталі больш якасныя, дынамічныя… Гэтую практыку, каб дадаць у трэніровачны працэс гімнастыку, дарэчы, яшчэ ў Польшчы пачалі прымяняць, і яна дала добры вынік.

 

— Дарэчы, як ацэньваеце сваю працу ў зборных Расіі і Польшчы?

 

— Добра папрацаваў, і вынікі былі. Але ж з Расіі з’ехаў па асабістых абставінах, а ў Польшчы таксама з’явіліся свае нюансы падчас работы з нацыянальнай камандай. Там была высокая канкурэнцыя, практыкавалася нават здрадніцтва… У некаторых момантах не склаліся адносіны са спартсменамі, і яны мне здрадзілі. Не паверылі ў тое, што я ім казаў і чаму вучыў. Ганарлівасць іх і падвяла…

 

Калі вы ўжо вырашылі працаваць на радзіме, то, можа быць, у бліжэйшай перспектыве мы зможам вас убачыць і ў трэнерскім складзе зборнай Беларусі?

 

— Усяму свой час, і ўсяму свая песня. Тым больш што асабіста я не знайшоў яшчэ ўсе адказы на пытанні ў гісторыі са скандальным адлучэннем беларускай каманды ад удзелу ў апошняй Алімпіядзе.

 

— Няма крыўды на беларускіх спартыўных чыноўнікаў за тое, што вас апошнім часам не запрашалі на працу, абыходзілі бокам?

 

— Чыноўнік быў і заўсёды застанецца труслівай істотай. Чаго на такіх крыўдаваць?

 

— Раней жа вы і бізнесам займаліся. Не было жадання зноў пачаць сваю справу?

 

— А які сэнс?! Пачынаць бізнес з нуля ў Беларусі вельмі складана. Таму маё здароўе мне даражэй. І да таго ж у мяне ўсё ёсць. Як ужо казаў, больш за адзін батон не з’ясі і больш за адзін кавалак масла ў рот не запіхаеш. У мяне няма мэты штодзень мазаць гэты батон чырвонай ці чорнай ікрой. Я і без ікры добра пачуваюся…



Дата стварэння навіны 29.04.2017

Возврат к списку