АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Ваеннае становішча ва Украіне Выбары-2019 Праграма ураду Атака на СМІ Мінздраў: карупцыя Забойства Паўла Шарамета

Святлана Калінкіна: А чаму б не спытаць фрау А.?

Святлана Калінкіна:  А чаму б не спытаць фрау А.?
27.04.2017
27 красавіка прайшло пад знакам КДБ. З аднаго боку, гэта быў дзень шчырых прызнанняў «маладафронтаўцаў», з іншага – дзень дакладу старшыні КДБ кіраўніку краіны.

Вынік – бурлівыя абмеркаванні ў Інтэрнэце з лейтматывам: колькі ж іх размножылася на нашу галаву і чаму яны займаюцца не дзяржбяспекай, а ўсякай х…й.

 

Дарэчы, вельмі цікавае пытанне. Бо Аляксандр Лукашэнка па нейкай невядомай прычыне ўжо нават не ўспамінае, які даваў наказ Вакульчыку падчас яго прызначэння на пасаду ў лістападзе 2012-га.

 

Узгадаем.

 

Па-першае, ён выдаў дзяржаўную таямніцу, што старанна захоўвалі, паведаміўшы, што колькасць супрацоўнікаў КДБ – 12 тысячаў чалавек. Па-другое, строга загадаў: «Няхай іх будзе не 12 тысячаў, не 10 тысячаў і нават не 6 тысячаў чалавек. Няхай іх застанецца 3 тысячы, але гэта застануцца самыя адданыя дзяржаве людзі. Усе астатнія няхай сыходзяць, куды хочуць».

 

Усе мы памятаем, што перад прызначэннем Васіля Вакульчыка адбылася адстаўка Вадзіма Зайцава, які пасля прэзідэнцкіх выбараў 2010-га году запакаваў амаль усіх кандыдатаў у прэзідэнты ў СІЗА, а ў 2011-м зладзіў новы масавы палітычны працэс у Еўропе. Першы пасля Сталіна падобны працэс! І наступстваў не давялося доўга чакаць.

 

Да 2012-га Лукашэнка зразумеў, што нарабілі. Прынамсі, тады так здавалася. І Вакульчык – памежнік, а не гэбіст, – быў прызначаны на пасаду старшыні КДБ з загадам скараціць усіх на фіг у чатыры разы! Але спецслужба ізноў даказала, што кіраўнік дзяржавы прымае толькі тыя рашэнні, якія яму падрыхтавалі.

 

Прайшло два гады. І зусім нечакана сам КДБ адкрывае інфармацыю аб тым, што загад прэзідэнта выкананы роўна наадварот. У канцы 2014-га на партале дзяржзакупак зʼяўляецца заяўка ад КДБ на друк новых пасведчанняў для супрацоўнікаў «органаў». 1,5 тысячы – для контрразведкі, тысяча – для Інстытуту дзяржбяспекі (!!!), па 1,5 тысячы – на кожнае абласное ўпраўленне і УКДБ Менску, 5 тысячаў – на цэнтральны апарат. Усяго: 16,5 тысячаў пасведчанняў. Нават калі замаўлялі з запасам, то і дурню зразумела, што ніхто нікога скарачаць нават і не думаў.

 

Зараз ізноў зайшла размова пра скарачэнне сілавых структураў, і КДБ ізноў бʼе капытам. Тэрмінова змайстравалі справу «Белага легіёну» – узброенага нацыяналістычнага падполля. І нават па тэлебачанні кіно гэтую тэму паказалі. Але калі зразумець змест, то гэтае кіно – пра тое, як спецслужба сама сябе высекла. Толькі падумайце! 16 тысячаў чалавек (ці нават былыя 12 тысячаў – няхай) спалі ў шапку, скублі бізнесоўцаў, сачылі за тымі, хто і так не хавае сваіх поглядаў і дзеянняў. І толькі дзякуючы пільнай фрау А. з Нямеччыны краіна даведалася, што рыхтуецца рэвалюцыя, пераварот, выбухі ў Маскве, і што там яшчэ ў наступнай серыі выдумаюць…

 

Якую выснову можна зрабіць з убачаных серый? Ды ў шыю трэба гнаць такую службу! Ці, як у свой час выказаўся Лукашэнка, «няхай куды хочуць, туды і ідуць». На добрую карысць, калі ўлада настойвае на версіі «незаконнага беларускамоўнага ўзброенага фармавання», то менавіта пра гэта Лукашэнка з Вакульчыкам і павінен быў размаўляць. Але не, ён паважна і сурʼёзна распытваў старшыню КДБ пра ўмацаванне ўнутранай бяспекі, пра бяспеку знешнюю, пра тэндэнцыі, адзнакі…

 А чаму б не спытаць фрау А.?


belsat.eu


Дата стварэння навіны 27.04.2017
Падзяліцеся навіной з сябрамі

Возврат к списку