АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Змена ўраду Атака на СМІ Мінздраў: карупцыя Курапаты Пенсійная рэформа Справа Федынiча Забойства Паўла Шарамета

Расійскія СМІ аб сустрэчы Лукашэнкі і Парашэнкі: «Спроба абдурыць дурных маскалёў»

Расійскія СМІ аб сустрэчы Лукашэнкі і Парашэнкі: «Спроба абдурыць дурных маскалёў»
27.04.2017
26 красавіка кіраўнікі Беларусі і Украіны Аляксандр Лукашэнка і Пятро Парашэнка правялі сустрэчу ў Чарнобылі, а потым ужо перамовы на тэрыторыі Беларусі. Расійскія СМІ не надалі гэтай тэме шмат увагі, але штосьці цікавае ўсё ж з’явілася.

На сайце «Колокол России» з’явіўся артыкул з красамоўнай назвай «Лукашэнка і Парашэнка крэсляць вакол Расіі «вось дабра». Экспертам у матэрыяле выступіў былы грамадзянін Беларусі, расійскі чарнасоценец Кірыл Авер’янаў-Мінскі. Звяртае ўвагу, што ён прадстаўлены як эксперт Фонда развіцця грамадзянскай супольнасці «Народная дыпламатыя». Помніцца, што Юрый Баранчык па пераездзе ў Маскву нейкі час прадстаўляўся кіраўніком Інстытута інфармацыйных войнаў.

«Лукашэнка падчас сустрэчы з Парашэнкам пастараўся запэўніць яго ў тым, што падтрымлівае кіеўскія ўлады і нагадаў пра свае ўкраінскія карані, а нядаўняе абвінавачванне ў датычнасці да тэрактаў у краіне — гэта нейкая шырма для таго, каб «абдурыць дурных маскалёў», — лічыць Авер’янаў-Мінскі.

«Мінск не прызнае тэрытарыяльную цэласнасць РФ, лічачы Крым часткай Украіны. Прэзідэнт Беларусі здольны ў істэрычнай форме вінаваціць РФ у захопніцкай і агрэсіўнай палітыцы», — дадае эксперт.

Урэшце Авер’янаў-Мінскі мяркуе, што Украіна будзе рабіць усё, каб перацягнуць на свой бок, «каб максімальна выкарыстоўваць яе ў барацьбе супраць Расеі. У сваю чаргу, Беларусь будзе з радасцю гэта рабіць, калі ў гэтым працэсе адчуе сваю выгаду».

Сайт «Свободная Пресса», які рэдагуе вядомы расійскі пісьменнік Захар Прылепін, піша: «Лідары Украіны і Беларусі зноў браты-славяне. Ці надоўга?»

Старэйшы выкладчык кафедры замежнага рэгіёназнаўства і знешняй палітыкі РГГУ Вадзім Трухачоў лічыць, што «Лукашэнка спрабуе атрымаць выгаду з свайго становішча, гандлюючы з усімі, падтрымліваючы сувязі з усімі. Інакш беларускае кіраўніцтва проста не можа сябе паводзіць». Пры гэтым Трухачоў цвяроза ўсведамляе, што беларуская грамадства не аднароднае. Хапае тых, хто падтрымлівае ў канфлікце і Расію, і Украіну.

На сайце Russia Today экспертам выступіла Вольга Карач, менавіта ў яе найчасцей бяруць каментары адыёзныя расійскія выданні па тэме Беларусі, Карач не адмаўляецца ніколі.

«Цяпер пачынаецца вялікая гульня, якая ў тым ліку прадвызначыць палітычны выбар Беларусі ў бліжэйшыя некалькі гадоў. І ў гэтай гульні афіцыйны Мінск спрабуе выкарыстоўваць Украіну ў некалькіх мэтах.

Па-першае, сябраваць супраць кагосьці заўсёды лягчэй. Па-другое, для Лукашэнкі важны выхад на еўрапейцаў і амерыканцаў, і яму патрэбныя лабісты для гэтых кантактаў. Украіна ідэальна падыходзіць для гэтай ролі», — упэўненая Карач. Фактычна прадстаўніца грамадскай кампаніі «Наш дом» працягвае думку некаторых расійскіх прапагандыстаў, што Беларусь «сыходзіць на Захад», хаця ніякіх рэальных падставаў так меркаваць няма.

Абурэнне расійскіх СМІ выклікала дамова аб накіраванні беларускай гуманітарнай дапамогі на Данбас. Антыбеларускі сайт EurAsia Daily ўспамінае: «Беларусь з'яўляецца лідарам па пастаўках Кіеву дызельнага паліва. Акрамя гэтага, у зону «АТА» пастаўляюцца беларускія МАЗы для перавозкі асабовага складу ўкраінскіх карных падраздзяленняў. Акрамя таго, беларускія спецыялісты ўдзельнічаюць у сумесных ваенных распрацоўках з украінскімі калегамі. Таксама нагадаем, у студзені 2017 года Лукашэнка заявіў: «Нам незалежнасць вельмі танна дасталася: усе народы ваявалі, сёння ваюе наша братэрская Украіна».

Сайт «Руская вясна» вынес у загаловак словы Лукашэнкі: «Пятро Аляксеевіч, у трэці раз кажу, мы — родныя людзі». Сайт тэлеканала Міністэрства абароны «Звезда» назваў Парашэнку «радыяктыўным».

«У Чарнобылі прэзідэнт Украіны быў самой «міралюбнасцю». «Я ўпэўнены, што украінска-беларуская мяжа была, ёсць і заўсёды будзе мяжой дружбы, добрасуседства, нашага надзейнага партнёрства. Падкрэсліваю, мяжой міра, — адзначыў Парашэнка. — Ніхто і ніколі не зможа ўцягнуць Беларусь у вайну супраць Украіны. Гэтага не дапусціць міралюбівы люд Беларусі і яе вопытны і годны прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка». А ў сваіх куратараў з Вашынгтона ён пацікавіўся наконт іх планаў на «мірную» еўрапейскую будучыню?» — задаецца пытаннем афіцыйная «Российская газета».


Дата стварэння навіны 27.04.2017

Возврат к списку