АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Змена ўраду Атака на СМІ Мінздраў: карупцыя Курапаты Пенсійная рэформа Эканамічны крызіс Забойства Паўла Шарамета

Пазьняк: Нашыя рэформы гарантуюць чалавеку свабоду, правы й павагу

Пазьняк: Нашыя рэформы гарантуюць чалавеку свабоду, правы й павагу
26.04.2017
У Варшаве была прадстаўленая праграма эканамічных і палітычных рэформаў Беларусі распрацаваная камандай Зянона Пазьняка.


Ператварыць Беларусь у парламэнцка-прэзыдэнцкую рэспубліку, разьняволіць прыватны бізнэс, правесьці прыватызацыю зямлі, вярнуць насельніцтву скасаваныя ільготы, развіваць сувязі з Украінай і краінамі Балтыі і...не спяшацца ўступаць у Эўразьвяз. 


Такую праграму рэформаў у прапануе каманда навукоўцаў і палітыкаў на чале з Зянонам Пазьняком. У панядзелак праграма «Вольная Беларусь» была прадстаўленая ў Варшаве. На прэзэнтацыі пабываў Аляксандар Папко, radyjo.net.


Праграма «Вольная Беларусь» была створаная групай з 9 навукоўцаў і былых дэпутатаў Вярхоўнага Савету. На 76 старонках пералічаныя рэформы, якія, на думку аўтараў, пасьля перамены ўлады неабходна правесьці ў палітычнай сыстэме, эканоміцы, адукацыйнай і культурнай сфэрах.


Праграма створана дзеля таго, каб у момант змены ўлады кожная сіла, якая жадае дэмакратычнага разьвіцця Беларусі, мела гатовы план дзеянняў – растлумачыў падчас прэзэнтацыі ў Варшаве старшыня Ккансэрватыўна-хрысьіянскай партыі БНФ Зянон Пазьняк.



Тэкст праграмы быў апублікаваны ў сеціве 21 красавіка. Камэнтатары ў інтэрнэце звярнулі ўвагу перш за ўсё на тое, што каманда Пазьняка прапануе падзяліць краіну на 16 ваяводзтваў і ўзбуйніць раёны, увесьці новую грашовую адзінку – «талер» ды вярнуць беларускую мову ва ўжываньне на працягу «аднаго-двух пакаленьняў».

Аднак гэтым пытаньням адведзена літаральна некалькі старонак. Тры чацьвертыя тэксту – гэта праграма палітычных і эканамічных пераўтварэньняў. Праект рэформ грунтуецца на 4 прынцыпах – тлумачыць Зянон Пазьняк.


Зянон Пазьняк: Першы – гэта прынцып гарантаваньня незалежнасьці краіны. Другі – гэта недапушчэньне дыктатуры. Неабходна стварыць такую палітычную сыстэму, якая не дазволіць аднаму чалавеку ці групе людзей захапіць уладу і ўсталяваць дыктатуру. Трэці прынцып – гэта прыярытэт чалавека. Дзяржава павінна быць для чалавека, каб ён працаваў на сябе ў сваёй краіне й быў бы шчасьлівы гэтым. Багацеў бы ён, багацела б дзяржава. Дзеля гэтага трэба даць чалавеку свабоду, забясьпечыць яго правы, павагу да яго, забясьпечыць узровень даходаў яго сям’і, даць яму адукацыю. Чацьверты, вельмі важны, прынцып – гэта прынцып адраджэньня беларускай нацыі. Трэба, каб усе дзяржаўныя інстытуты (і эканамічныя, і палітычныя, і культурныя) функцыянавалі з пэрспэктывай адраджэньня нацыянальнай культуры.

Больш за ўсё ўвагі ў праграме надаецца палітычным пераўтварэньням у краіне. Беларусь прапануецца зрабіць парлямэнцка-прэзыдэнцкай рэспублікай, дзе прэзыдэнт абіраецца народам, але мае выключна рэпрэзэнтатыўныя функцыі. Падобная сыстэма добра працуе ў суседняй Летуве.


Стваральнікі праграмы ўлічылі нэгатыўны досьвед краінаў, якія не змаглі пасьпяхова перайсьці ад камуністычнай дыктатуры да дэмакратыі – Украіны, Малдовы, Кыргызстану й самой Беларусі канца 1990-х гадоў. Адна з галоўных мэтаў прапанаванай палітычнай сыстэмы – не дапусьціць аднаўленьня аўтарытарнага рэжыму, кажа адзін са стваральнікаў праграмы доктар палітычных навук Павал Усаў.


У Беларусі прадугледжваецца стварыць вельмі моцную судовую ўладу. Плянуецца дакладна прапісаць паўнамоцтвы прэзыдэнта, а таксама стварыць новы ворган – Крызысную раду, якая зьбіраецца па ініцыятыве старшыні й Канстытуцыйнага суду ў выпадку палітычнага крызысу. Рада мае права прыняць рашэньне распусьціць парлямэнт ці аб’явіць імпічмэнт прэзыдэнту – кажа Павал Усаў.

Павал Усаў: Гэтая рада фармуецца парлямэнтам і Канстытуцыйным судом з палітычных і маральных аўтарытэтаў Беларусі. Гэтая рада склікаецца толькі тады, калі не застаецца канстытуцыйных мэханізмаў вырашэньня палітычнага крызысу. Менавіта Крызысная рада павінная выпрацаваць мэханізм для вырашэньня канфлікту. Гэта нашае новаўвядзеньне. Такіх інстытутаў няма ў ніводнай краіне. Такі інстытут вельмі патрэбны, бо Беларусь даволі працяглы тэрмін будзе заставацца пераходнай, недастаткова стабільнай у палітычным сэнсе дзяржавай.


Праграма рэформаў «Вольная Беларусь» прадугледжвае вяртаньне ільготаў чарнобыльцам, школьнікам і пэнсіянэрам, правядзеньне пэнсійнай рэформы, узмацненьне падтрымкі сям’і а ў пэрспэктыве – павышэньне выдаткаў на абарону. Пры гэтым падаткі на сацыяльныя патрэбы плянуецца зьнізіць зь цяперашніх 36% да 20%. Адкуль возьмуцца грошы на сацыяльную палітыку? Сродкі ўдасца атрымаць ад актывізацыі бізнэсу, пераводу прадпрыемствы на рынкавыя рэйкі і прыватызацыі – тлумачыць адзін з аўтараў праграмы дэпутат Вярхоўнага Савету Беларусі 12-га скліканьня Юрась Беленькі.


Юрась Беленькі: Грошы бяруцца з эфэктыўнай эканомікі. На сёньняшні дзень гіганты беларускай прамысловасьці па-большасьці стратныя ці нізкарэнтоўныя. Калі будуць праведзеныя рэформы. Рэструктурызацыя прадпрыемстваў, створаны эфэктыўныя суб’екты гаспадараньня, то яны напоўняць бюджэт. Каб прафінасаваць сацыяльныя праграмы, патрэбныя не такія ўжо вялікія аб’ёмы сродкаў, як гэта можа падавацца. Мы глядзім на ўсё праз прызму стэрэатыпаў, якія вынікаюць з сёньняшняй эканамічнай сыстэмы й сёньняшняй сытуацыі. Калі суб’екты гаспадараньня, якія павінныя напаўняць бюджэт, забіраюць адтуль грошы – гэта нонсэнс!


Прадугледжана й зямельная рэформа. Прапануецца, каб кожная сям’я мела права атрымаць бясплатна да 4 гектараў зямлі. Іншая зямля будзе паступова ўведзена ў камэрцыйны зварот, будзе сфармаваны рынак зямлі – кажа Юрась Беленькі.

Юрась Беленькі: 4 гектары – гэта тая зямля, якая будзе замацаваная за сям’ёй. Потым будзе запушчаны рынак зямлі. Гаспадаркі могуць быць памерам да 150 гектараў. Сёння мы павінныя любымі спосабамі пачаць працэс фармаваньня гаспадара на зямлі. Без гэтага ў нашай сельскай гаспадаркі будуць вельмі сумныя пэрспэктывы.


У знешняй палітыцы каманда Пазьняка прапануе адысьці ад палітычнай і эканамічнай залежнасці ад Расіі, развіваць адносіны з Украінай і краінамі Балтыі, стварыць Балта-чарнаморскую супольнасць.


Зянон Пазьняк: Трэба адкрываць мяжу з Украінай, але рабіцца гэта будзе не адразу, а паэтапна. Акрамя таго, патрэбна ня толькі нашае рашэньне, але й украінскага боку. Мы намераныя праводзіць палітыку стварэньня Балта-чарнаморскай супольнасьці. Абапірацца трэба на Ўсходнюю Эўропу, на супрацоўніцтва Ўкраіны, Беларусі, краінаў Балтыі. Трэба мець добрыя стасункі з Польшчай – але яна ўжо арыентавала сябе ў Эўразьвязе. Такое супрацоўніцтва мае і гістарычныя падставы, і эканамічныя, і культурныя. Гэта абсалютна натуральнае супрацоўніцтва, асабліва важнае ў пытаньні дывэрсыфікацыі паставак энэрганосьбітаў. Трэба спыніць крымінальную залежнасьць ад паставак расейскіх энэргарэсурсаў.

Пры гэтым Зянон Пазьняк заклікае «не сьпяшацца ўступаць Эўрапейскі зьвяз».


Зянон Пазьняк: Нельга туды ісьці беднымі і на каленях. Туды трэба ісьці, калі мы адновім сваю эканоміку, моцны сярэдні кляс, адновім свайго грамадзяніна й сваю культуру. Тады мы зможам гаварыць пра ўдзел у нейкіх міжнародных структурах, эканамічных арганізацыях. Таму, што тады й з намі будзе пра што гаварыць. Другая вельмі істотная прычына заключаецца ў тым, што Эўрапейскі зьвяз цяпер знаходзіцца ў стане глыбокага палітычнага й духоўнага крызысу. Гэта вельмі рыхлая аморфная структура, якая кіруецца бюракратыяй. Бюракраты ня ведаюць, што рабіць. Яны ня могуць справіцца ні зь якой праблемай: ні з тэрарызмам, ні з міграцыяй, ні з «Брэксітам». У такую структуру, якой пагражаюць канфлікты й развал, улазіць ня варта.


Адным з прыярытэтаў будучай каманды рэфарматараў павінная стаць падрыхтоўка чынавенскіх кадраў, а таксама барацьба з карупцыяй – падкрэсьлівае палітоляг Павал Усаў. Пераўтварэньні ў краіне будуць рабіць як новыя людзі, так і вялікая колькасьць чыноўнікаў, якія працавалі ў аўтарытарнай сыстэме, але не парушалі нормаў права й маралі – кажа палітоляг.


Павал Усаў: Кіроўныя кадры трэба шукаць як у грамадзянскай супольнасьці, так і ва ўжо існуючым чынавенскім апараце. Ня трэба выключаць таго факту, што ў цяперашняй адміністратыўнай сыстэме ёсьць сумленныя й адказныя людзі, якія не парушаюць прынцыпаў права й маралі. Але ключавым к кадравым пытаньні будзе маральны воблік палітыкаў і чыноўнікаў. Інакш мы паўторым лёс Украіны. Малдовы, Грузіі.

На думку Паўла Усава, неабходна адсейваць тых чыноўнікаў, якія заплямілі сябе ўдзелам у палітычных рэпрэсіях. Калі суд дакажа, што пэўная асоба ўдзельнічала ў палітычным перасьледзе ці фальсыфікацыях выбараў, то ёй бузе забаронена выбірацца ў парлямэнт і займаць дзяржаўныя пасады.


«Калі палітычныя перамены будуць праводзіць несумленныя, карумпаваныя людзі, рэформам наканаваны правал», – рэзюмаваў Павал Усаў.



Дата стварэння навіны 26.04.2017

Возврат к списку