АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Раскол праваслаўя Праграма ураду Атака на СМІ Мінздраў: карупцыя Курапаты Справа Федынiча Забойства Паўла Шарамета

Паўмільярда даляраў у год на абарону Беларусі. Мала ці многа?

Паўмільярда даляраў у год на абарону Беларусі. Мала ці многа?
24.04.2017
Экспэрты ў справах бяспекі ў адзін голас кажуць, што грошай ледзь-ледзь хапае для ўтрыманьня амаль 60-тысячнага войска і вайсковай інфраструктуры.


Паводле бюджэту Беларусі на 2017 год на абарону будзе патрачана 924 мільёна рублёў, альбо амаль 500 мільёнаў даляраў. Годам раней на абарону бюджэт прадугледжваў 906 мільёнаў, у 2015-м — 810 мільёнаў, што і тады ў пераліку адпавядала суме ў паўмільярда даляраў, піша svaboda.org.

 

Чаму праграма пераўзбраення ўвесь час адкладаецца?

 

Экспэрты ў справах бясьпекі ў адзін голас кажуць, што грошай ледзь-ледзь хапае для ўтрыманьня амаль 60-тысячнага войска і вайсковай інфраструктуры, але недастаткова для пераўзбраеньня, якое даўно ня тое што насьпела, а катастрафічна позніцца.

 

Праблема пераўзбраеньня, замены старой, яшчэ савецкай тэхнікі на новую, сучасную асабліва яскрава выступае ў гісторыі з вайсковымі самалётамі. Калі на пачатку 1990-х гадоў, пасьля распаду СССР, вайсковы авіяпарк незалежнай Беларусі налічваў больш за сотню добрых на той час самалётаў, то цяпер краіна можа пахваліцца хіба што некалькімі вучэбнымі Як-130, якія нядаўна набылі ў Расіі. Усё астатняе — учорашні дзень авіяцыі.

Два гады таму асноўныя баявыя машыны вайскова-паветраных сіл Беларусі — МіГ-29 і СУ-27 — было вырашана замяніць. Абралі расійскі СУ-30, але кошт аднаго такога самалёта можа перавышаць 30 мільёнаў даляраў, і грошай хаця б на эскадрыльлю такіх машын не знайшлося. Таму і пляны пераходу на СУ-30 увесь час даводзіцца адкладаць.

 

У лютым 2017 году камандуючы ВПС і войскамі СПА Ўзброеных сіл Беларусі генэрал-маёр Алег Дзвігалёў казаў, што закуп СУ-30 плянуецца завяршыць да канца 2020 году.

 

«Пакуль той баявы склад, які ў нас ёсць, дае магчымасць выконваць задачы па нясеньні баявога дзяжурства і падрыхтоўцы лётчыкаў», — запэўніваў генэрал, гаворачы пра састарэлыя МіГ-29 і СУ-27.

 

Экспэрты згадваюць гісторыю з 18 індыйскімі «сушкамі», якая здарылася 5 гадоў таму. Тады Беларусь мела віды на 18 СУ-30, якія Індыя вярнула Расіі паводле адмысловай дамовы, і гэтыя самалёты апынуліся дзеля рамонту ў Баранавічах, на 558-м авіярамонтным заводзе. Пакуль СУ-30 рамантавалі ў Беларусі, за іх лёс ішла барацьба. Аляксандар Лукашэнка пасля сустрэчы з Уладзімерам Пуціным у верасні 2012 году нават паспеў заявіць, што хутка Беларусь набудзе ў Расіі сучасныя самалёты. Маўляў, з Пуціным дамовіўся пра падтрымку. Паводле, расійскіх «Ведамасцяў», гаворка якраз ішла пра тыя 18 СУ-30, якія рамантаваліся ў Баранавічах. Але ў выніку ўгода не адбылася, і расійцы прадалі свае СУ-30К у Анголу.

 

Як абяцаныя «сушкі» не дасталіся Беларусі


 Самалёт CE-30, ілюстрацыйнае фота

 

Але Беларусь не кінула спроб вытаргаваць у Расіі таннейшыя СУ-30 ці нават атрымаць іх зусім бясплатна. Апошняя такая спроба была зробленая ў красавіку 2017 году, падчас сустрэчы Лукашэнкі з Пуціным у Санкт-Пецярбургу. Вось што пра перамовы з прэзыдэнтам Расіі наконт расійскіх «сушак» казаў кіраўнік Беларусі.

 

«Мы дамовіліся, у Савеце бяспекі Беларусі, што нам трэба, якія віды ўзбраенняў, і я яму пра гэта сказаў. Праўда, ён адразу падскочыў: „А ты ведаеш, колькі гэта каштуе?“ Я кажу: „Ведаю, пра самалёты СУ-30 — ну, мільёнаў 20–25“. Так, кажу, добра, палову я заплачу. Таму што яны нам патрэбныя цяпер, нават цяпер. Таму што старыя мадэлі, СУ і МіГі, выходзяць з эксплуатацыі, і нам трэба больш сучасныя».

 

Колькі Беларусь зарабляе на гандлі зброяй?

 

Паводле беларускіх экспэртаў, да 70% прадукцыі беларускага ВПК ідзе на экспарт, і на гэтым штогод зарабляецца некалькі соцен мільёнаў даляраў — дакладныя лічбы закрытыя. Але асноўны прыбытак ад гандлю зброяй на ўсясветным рынку ўзбраенняў Беларусь мае ад продажу старых запасаў.

Гэтак адбываецца ўжо амаль 20 год. Паводле інфармацыі, якую раней апублікавала дасьледчая служба Кангрэсу ЗША, за 1998–2001 гады Беларусь прадала зброі на 1 мільярд даляраў і займала паводле гэтага паказчыку 11 месца ў свеце.

 

У 2005 годзе Беларусь уваходзіла ў дваццатку найбольш актыўных прадаўцоў зброі ў свеце. Афіцыйна быў пацверджаны продаж беларускай зброі ў Іран, Судан, Кот-д’Івуар, Пэру, Уганду. Тады вёўся гандаль самалётамі, гелікоптэрамі, бронетранспартэрамі, танкамі ды іншай тэхнікай.

 

За мінулыя 10 год структура беларускага экспарту зброі змянілася. На сусветным рынку ўзбраенняў Беларусь пачала спэцыялізавацца ў пастаўках аўтаматызаваных сыстэм кіравання супрацьпаветранай абаронай, авіяцыяй, сыстэм навядзеньня для танкаў і артылерыі. Апрача гэтага, цяпер Беларусь актыўна займаецца мадэрнізацыяй вайсковай тэхнікі, прадае тэхналёгіі падвойнага прызначэньня. 

Экспэрты ацэнваюць аб’ём штогадовага экспарту беларускай зброі ў 300 мільёнаў даляраў.


Дата стварэння навіны 24.04.2017

Возврат к списку