АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Атака на СМІ Мінздраў: карупцыя Курапаты Пенсійная рэформа Матулі 328:галадоўка Эканамічны крызіс Забойства Паўла Шарамета

Падсумаваныя вынікі першага этапу конкурсу «Курапаты – народны мемарыял»

Падсумаваныя вынікі першага этапу конкурсу «Курапаты – народны мемарыял»
19.04.2017
У Міжнародны дзень аховы помнікаў і памятных мясцінаў – на пасяджэнні аргкамітэту і журы адкрытага грамадскага творчага конкурсу «Курапаты – народны мемарыял» пад дэвізам «Праз Курапаты – да пакаяння» падсумавалі вынікі першага этапу творчага спаборніцтва

 

У першым этапе конкурсу, што пачаўся 10 сакавіка 2016 і завяршыўся 22 лютага 2017 году, узялі ўдзел 35 аўтараў з Беларусі і Польшчы, якія прапанавалі 42 працы ў скульптуры, інсталяцыі, графіцы, жывапісе, архітэктурна-ландшафтным праектаванні і літаратуры. Большасьць гэтых працаў экспанаваліся на II дакументальна-мастацкай выставе «Праўда пра Курапаты. Факты, дакументы. сведчанні» ў сталічным Палацы мастацтва з 22 па 28 лютага сёлета, інфармуе Новы час .

 

Журы пад старшынствам выбітнага беларускага мастака і грамадскага дзеяча Алеся Мары (Аляксея Марачкіна) зазначыла, што большасць удзельнікаў конкурсу прадэманстравала высокія мастацкія якасці і сур’ёзнае пранікненне ў тэму. Разам з тым журы мяркуе, што немэтазгодна завяршаць конкурс зараз, калі расце цікавасць беларускага і міжнароднага грамадства да месца масавай згубы ахвяраў палітычных рэпрэсій 1930-1940-х гадоў і звязаных з ім праблемаў, а дзяржаўныя органы спрабуюць вырашаць пытанні мемарыялізацыі Курапатаў камандавымі мэтадамі і маніпуляваць грамадскай думкай.

 

 

Журы лічыць, што працяг конкурсу дазволіць яго ўдзельнікам удасканаліць зробленае, далучыць да ўдзелу ў творчым спаборніцтве новых творцаў. Таму журы абвясціла другі этап конкурсу з 19 красавіка па 1 лістапада 2017 году. Усе працы, пададзеныя на творчае спаборніцтва да 22 лютага – дня адкрыцця II выставы «Праўда пра Курапаты», залічваюцца для далейшага ўдзелу ў конкурсе. Да завяршэння другога этапу журы не вызначае пераможцаў у намінацыях, але адзначае раней пададзеныя працы ў дзвюх катэгорыях: удзельнік і лаўрэат конкурсу.

 Узнагароджанне адбудзецца ў Мінску напрыканцы красавіка з уручэннем адмысловых дыпломаў і медалёў. Пасля абнародавання рашэння журы ўсе працы будуць апублікаваныя для грамадскага абмеркавання. 

Працы-лаўрэаты журы рэкамендуе лічыць прапановамі па мемарыялізацыі Курапатаў, усе працы – перадаць у фонды будучага Музею гісторыі Курапатаў.

 

Удзельнікі пасяджэння звярнуліся з адкрытым зваротам да кіраўніцтва дзяржавы і беларускай грамадскасці.

 

 

Аўтары звароту нагадалі мінімум умоваў, які зрабіў бы магчымай супрацу грамадства з дзяржавай ва ўшанаванні памяці ахвяраў савецкіх бальшавіцкіх рэпрэсій на тэрыторыі Беларусі.

 

 Гаворка ідзе пра спыненне палітычнага пераследу, г.зн. вызваленне ўсіх грамадзянаў, затрыманых паводле палітычных абвінавачванняў; адкрыццё імёнаў курапацкіх ахвяраў; вяртанне ахоўнай зоны Курапатаў, дзе гэта фізычна магчыма, да праекту 2003 году; шырокі ўдзел грамадскасці і нашчадкаў ахвяраў рэпрэсій у конкурсе на найлепшы праект мемарыялізацыі Курапатаў. Павінна быць ушанаваная памяць не палеглых у ХХ стагоддзі наагул, а менавіта бязвінных ахвяраў сталінскага рэжыму, расстраляных у Курапатах. 


Прынцыпы ж мемарыялізацыі, адзін з якіх – зберажэнне ўжо сфармаванага народнага мемарыялу, сфармуляваныя беларускай грамадскасцю яшчэ 25 сакавіка 2002 г. і пацверджаныя 14 траўня 2016 г.


Дата стварэння навіны 19.04.2017

Возврат к списку