АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Раскол праваслаўя Праграма ураду Атака на СМІ Мінздраў: карупцыя Курапаты Справа Федынiча Забойства Паўла Шарамета

У Пінску на ваду спусцілі першы айчынны круізны цеплаход

У Пінску на ваду спусцілі першы айчынны круізны цеплаход
18.04.2017
У Пінску сёння адбылася ўрачыстая цырымонія спуску на ваду першага ў Беларусі круізнага цеплахода «Белая Русь», перадае БЕЛТА.


«Гэта першае судна такога прызначэння. Падобнага няма ў іншых рэгіёнах Беларусі. Ёсць новыя пасажырскія цеплаходы ў Віцебску, Магілёве, на Аўгустоўскім канале, але яны не маюць такога набору паслуг, як «Белая Русь», і не разлічаны на арганізацыю працяглых тураў», — адзначыў начальнік упраўлення марскога і рачнога транспарту Міністэрства транспарту і камунікацый Андрэй Чарнобылец. Ён дадаў, што ідэя стварэння круізнага цеплахода накіраваная ў першую чаргу на развіццё ўязнога турызму, а таксама на прыцягненне ў гэты сектар эканомікі бізнэсу, піша nn.by

Стварэнне «Белай Русі» пачалося ў 2011 годзе. У пасажырскі цеплаход было пераабсталяванае тэхнічнае судна. Яго рэканструкцыя вялася па праграме развіцця Прыпяцкага Палесся. Фінансаванне ажыццяўлялася за кошт інавацыйнага фонду Міністэрства транспарту і камунікацый, уласныя сродкі ў праект ўкладала і РУЭБП «Днепра-Бугскі водны шлях».

 

 Чатырохмесная каюта класа эканом



 

На борце цеплахода ў круізным варыянце могуць знаходзіцца 27 пасажыраў, ёсць магчымасць арганізацыі васьмі дадатковых месцаў. «Падчас круізу з Брэста ў Мазыр прадугледжана дзесяць прыпынкаў. Турысты змогуць пазнаёміцца з этнаграфічным і культурным складнікам рэгіёну, наведаць вытворчыя прадпрыемствы. Мы хочам паказаць гасцям натуральную Беларусь, каб яны пабачылі наша сапраўднае жыццё. І паверце, у нас ёсць што паказаць», — падкрэсліў намеснік генеральнага дырэктара па эканоміцы «Днепра-Бугскага воднага шляху» Сяргей Зубко.

 

 Каюта люкс «Янка Купала»



 

Першы рэйс з пасажырамі на борце намечаны на 29 красавіка. Да гэтага часу цеплаход выканае пробны рэйс. Будуць праведзеныя яго тэхнічныя выпрабаванні, а таксама адпрацаванае ўзаемадзеянне каманды.

 

  Як паведамляе Tut.bу, першаадкрывальнікамі беларускага рачнога круізу стануць расіяне. На борце яны правядуць 8 дзён і 7 начэй па сістэме «ўсё ўключана» (у тым ліку алкаголь беларускай вытворчасці). Самы бюджэтны варыянт пуцёўкі на аднаго чалавека ў ліпені-жніўні — 350 даляраў, самы дарагі люкс каштуе 2316 даляраў. Пры гэтым палову квіткоў на ўвесь сезон ужо раскупілі.


У люксавых нумарах ёсць прыбіральня з душам



 Працягласць круізу 523 кіламетры. Ісці цеплаход будзе ноччу, а днём для турыстаў прадугледжаная культурная праграма. У спісе забаў: наведванне музеяў, экскурсіі, зялёныя стаянкі з лазняй і барбекю, купанне, прагулкі, рыбалка.

 


Дата стварэння навіны 18.04.2017

Возврат к списку