АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Раскол праваслаўя Праграма ураду Атака на СМІ Мінздраў: карупцыя Курапаты Справа Федынiча Забойства Паўла Шарамета

Антон Астаповіч: Пытанне мемарыяла ў Курапатах аўралам вырашыць не ўдасца

Антон Астаповіч: Пытанне мемарыяла ў Курапатах аўралам вырашыць не ўдасца
17.04.2017
Улады гатовыя да дыялогу адносна мемарыялізацыі ўрочышча, а пераглядаць ахоўныя зоны не мае сэнсу.


Нагадаем, Міністэрства культуры Беларусі абвясціла конкурс эскізаў памятнага знака “Курапаты”. Паводле палажэння конкурса, яго мэтай з’яўляецца “пошук найбольш выразнага мастацкага адлюстравання вобраза ўрочышча “Курапаты”, як агульнанацыянальнага месца памяці і прымірэння”. Заяўкі на конкурс прымаюцца да 26 красавіка 2017 года, усе пададзеныя матэрыялы будуць разгледжаныя на закрытым пасяджэнні журы не пазней за 1 траўня 2017 года.


Старшыня Беларускага добраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры Антон Астаповіч звярнуўся да прэзідэнта з просьбай перагледзець умовы конкурса на стварэнне мемарыяла і асабіста сустрэўся з міністрам культуры Барысам Святловым.


– Тое, што я быў запрошаны на сустрэчу з міністрам культуры – гэта ўжо гатоўнасць улады да дыялогу. Проста яго трэба будаваць на канструктыўным грунце, а мы заўсёды ставім пытанні канструктыўна, у тым ліку, калі азнаёміліся з палажэннем конкурса. На наш погляд, яго перспектыўныя ўдзельнікі былі пастаўленыя ў няроўныя ўмовы. Адна з іх – выкананне праекта на геападаснове 1:500. Але гэта матэрыял для службовага карыстання і далёка не кожны можа атрымаць яго сабе. Таксама ў палажэнні трошкі непразрыста была апісаная праца конкурснага журы. Гэтыя дзве праблемы мы, у асноўным, і разглядалі, – распавёў Службе інфармацыі “ЕўраБеларусі” Антон Астаповіч.

Па яго словах, улада гатовая да дыялогу па мемарыялізацыі Курапатаў, і падчас сустрэчы ўдалося знайсці кампраміснае вырашэнне спрэчных пытанняў.


– Цяпер на конкурс могуць прымацца ўсе работы, не залежна ад таго, на чым яны выкананы – жорсткага крытэру адбора, што абавязкова на “пяцісотцы”, не будзе. Што да складу журы, то ён яшчэ нават Міністэрствам не прызначаны. Але ў яго ўвойдуць прадстаўнікі профільных грамадскіх аб’яднанняў, якія займаюцца аховай гісторыка-культурнай спадчыны і яе папулярызацыяй. Гэтыя грамадскія аб’яднанні ўваходзяць у склад Грамадскай назіральнай камісіі пры Міністэрстве культуры. Я не выключаю, што камісія будзе далучана да працы журы.

Як вынікае з сустрэчы, сам конкурс не прадугледжвае прыняцця канчатковага рашэння адносна таго, якім будзе мемарыял у Курапатах.


– Гэта першы этап, падчас якога будуць разглядацца работы, выбірацца пэўныя канцэптуальныя кірункі, на падставе якіх будзе фармавацца заданне на новы конкурс. Ёсць разуменне, што праблему аўралам вырашыць не ўдасца. Таму гэта не апошні конкурс, і самае галоўнае – ёсць разуменне, што да народнага мемарыяла, які ствараецца на працягу дзесяцігоддзяў, трэба ставіцца максімальна ашчадна.

Да пытання ахоўных зон мемарыяла, за вяртанне якіх цягам 15 дзён змагаліся абаронцы ў намётавым лагеры напрыканцы лютага – пачатку сакавіка, у Антона Астаповіча стаўленне катэгарычнае. На яго думку, людзі, якія кажуць пра перагляд ахоўных зон – “правакатары, якія не ведаюць, што твораць”.


– Курапаты маюць шыкоўнейшыя ахоўныя зоны, зацверджаныя пастановай 2014 года. Такіх зон не мае аніводная гісторыка-культурная каштоўнасць, таму пераглядаць іх няма сэнсу. А калі пастаянна ўздымаць гэтае пытанне, яны рана ці позна будуць перагледжаныя ў бок скарачэння.

***

Прадстаўнікі многіх рухаў, якія ў той ці іншай ступені апякуюцца Курапатамі, таксама выказалі сваё стаўленне да прапанаванага ўладамі конкурса. Так, адзін з адкрывальнікаў расстрэльнага ўрочышча лідар КХП БНФ Зянон Пазняк заклікаў да масавай абароны Курапатаў і папрасіў творцаў не ўдзельнічаць у конкурсе. Кіраўнік грамадскай дырэкцыі Народнага мемарыялу Курапаты, сакратар управы сойму КХП БНФ Алесь Чахольскі заявіў, што за 20 год без дапамогі ўлады ва ўрочышчы паўстаў народны крыжовы мемарыял, і больш ніякіх пабудоў на тэрыторыі помніка быць не можа.

Былая навуковая кіраўніца Курапацкага мемарыялу Мая Кляшторная перакананая, што “ўся шуміха вакол Курапатаў не на карысць Курапатаў”. На яе думку, Курапатам патрэбны спакой.

Каардынатарка ініцыятывы “Абаронім Курапаты” Ганна Шапуцька зазначыла, што ўлады не могуць аднаасобна вырашаць пытанне мемарыялізацыі ўрочышча, неабходна шырокае грамадскае абмеркаванне.

Прадстаўнікі ініцыятывы "Эксперты ў абарону Курапатаў", куды ўваходзяць Марат Гаравы, Вінцук Вячорка, Вацлаў Арэшка і іншыя, запатрабавалі найперш вызваліць усіх абаронцаў Курапатаў, што апынуліся ў СІЗА КДБ  і на Валадарскага, а таксама тых, супраць каго былі распачатыя палітычна матываваныя справы.


eurobelarus.info


Дата стварэння навіны 17.04.2017

Возврат к списку