АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Змена ўраду Атака на СМІ Мінздраў: карупцыя Курапаты Пенсійная рэформа Справа Федынiча Забойства Паўла Шарамета

«Мы рускія па крыві, але адчуваем сябе беларусамі». Маці расказала пра затрыманага Аляксея Абрамава

«Мы рускія па крыві, але адчуваем сябе беларусамі». Маці расказала пра затрыманага Аляксея Абрамава
15.04.2017
Кожны ліст да маці Аляксей Абрамаў заканчвае словамі: «Трэба проста прайсьці свой шлях»


 І, дзякуе ёй, што не навучыла хлусіць. 

Свабода пагаварыла са Святланай Абрамавай. Яе 37-гадовага сына Аляксея затрымалі па справе «Белага легіёну» 21 сакавіка.

 

Мой сын скончыў школу з срэбным мэдалём. Чацьвёрка ў яго была толькі па біялёгіі. Ва ўнівэрсытэце ён таксама вучыўся добра. З трэцяга курсу ўжо сумяшчаў вучобу з працай.

 

Я чалавек рускі. Прыехала ў Беларусь, калі мне было 12 год. Я гадавала сваіх дзяцей у любові да той зямлі, дзе яны жывуць. Мае дзеці заўжды любілі ўсё беларускае. Я самастойна вывучыла беларускую мову. Слухала радыё. Тую ж Свабоду, калі яна зьявілася. Чытала Быкава, чытала Караткевіча. Першую кнігу я прачытала — «На ростанях» Якуба Коласа.

 

І мне незразумела, як этнічным беларусам ня крыўдна, што губляецца іхні этнас? У кожнага другога беларуса, колькі жыву, пытаюся: «Чаму вы саромеецеся, што вы беларусы?» Ніводная нацыя так сябе не саромеецца.

 

А мы адчуваем сябе беларусамі. Я нарадзілася ў Курскай вобласьці. І мне сын заўжды так казаў: «Я ведаю, чаму ты такая беларуска атрымалася. Таму што ты нарадзілася ў былым Вялікім Княстве Літоўскім. Мяжа княства праходзіла праз Стары Аскол». Так мае дзеці жартавалі.

 

Ён добра ведаў гісторыю, бо на юрфаку было столькі прадметаў па гісторыі. І ў школе ў нас быў выдатны настаўнік гісторыі. Мой сын вельмі адукаваны чалавек.

 

Ён юрыст-палітоляг па спэцыяльнасьці. На юрфаку БДУ яму давалі накіраваньне ў асьпірантуру. Але ён не пайшоў. Палітолягам у нас працаваць можна толькі ў адным кірунку. І давялося б хлусіць. А я не навучыла дзяцей хлусіць. І вось цяпер думаю, ці правільна зрабіла.

 

Я так выхоўвала дзяцей, каб не хлусілі. І мы ніколі не хавалі таго, што думаем. Ня ўмеем прыстасоўвацца. І за гэта, аказваецца, мы пацярпелі

А сын піша, што правільна. Ён дасылае лісты зь СІЗА. Ён кожны ліст, я вось сёньня атрымала, заканчвае такімі словамі: «Трэба проста прайсьці свой шлях».

 

Ягоная любоў да свабоды — у каранях. Ягоныя прадзеды па бацькавай лініі — казакі зь Белгародзкай вобласьці. У ім заўжды было пачуцьцё свабоды і праўды. І я так выхоўвала дзяцей, каб не хлусілі. І мы ніколі не хавалі таго, што думаем. Ня ўмеем прыстасоўвацца. І за гэта, аказваецца, мы пацярпелі.

 

Жонка з сынам вярнуліся дахаты, калі ў доме быў ператрус. І яна спытала, што здарылася. А сын адказвае: «Я не ведаю».

 

Мае дзеці, для іх Беларусь — вельмі важна. А як і хто іх цяпер выкарыстоўвае, мне незразумела. І гэты ўчорашні фільм — сорамна яго глядзець. Сярод усіх затрыманых я толькі прозьвішча Лазоўскага чула, бо чытаю навіны ў інтэрнэце. А астатніх дык я і ня ведаю. Хаця па фота гляджу — усе прыстойныя асобы.


svaboda.org


Дата стварэння навіны 15.04.2017

Возврат к списку