АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Выбары-2019 Змена ўраду Атака на СМІ Мінздраў: карупцыя Курапаты Пенсійная рэформа Забойства Паўла Шарамета

У віцебскіх «Курапатах» новыя страшныя знаходкі

У віцебскіх «Курапатах» новыя страшныя знаходкі
07.04.2017
"У мінулую пятніцу, калі мы пайшлі, гляджу: жоўты жвір, нешта раскапана… Падыходжу і бачу — жах! Ямы, а каля іх раскіданыя чалавечыя косці, чарапы, у іх дзіркі на патыліцы", — распавёў мясцовы жыхар Юрый Садкоў. Старажылы расказалі, што ў лесе пад Віцебскам у 1938–1939 гадах расстрэльвалі людзей.

Віцебскімі «Курапатамі» — недаследаваным месцам масавых пахаванняў — тры гады таму пачалі называць вёску Хайсы, што ў Віцебскім раёне. Увосень 2014 года вяскоўцы знайшлі ў суседнім лесе паўдзясятка раскапаных ямаў з чалавечымі парэшткамі, а дзе-нідзе косткі і чарапы проста былі раскіданыя пад нагамі.

«Ямы, косці, чарапы»

Сёлета ўвесну жахлівая гісторыя паўтарылася, але ў іншым месцы. І раскапаных у лесе ямаў мясцовы жыхар Юрый Садкоў знайшоў ужо больш за паўтара дзясятка:

«Як толькі растаў снег, мы з жонкай пайшлі ў лес, прагуляцца і назбіраць марожаных ягад. Лес тут блізка, ад ускрайку Хайсоў кіламетры 3-4 праз поле. У лесе балота, там і журавіны растуць, і буякі — а яны смачныя з-пад снегу. Я часта хаджу ў гэты лес, апошні раз быў тут у пачатку снежня. І ўсё было звычайна. А ў мінулую пятніцу, калі мы пайшлі, гляджу: жоўты жвір, нешта раскапана… Падыходжу і бачу — жах! Ямы, а каля іх раскіданыя чалавечыя косці, чарапы, у іх дзіркі на патыліцы. У некаторых захаваліся зубы, нават скура! І нейкія рэчы — грабеньчыкі, акуляры, вельмі шмат гумавага абутку. Я нават разглядаць дужа не стаў, бо гэта страшна: такое ўражанне, што ідзеш па разрабаваных могілках!»

Спадар Юрый паклікаў жонку, паказаў ёй страшныя знаходкі. Кажа, што думка была адна: тут пабывалі «чорныя капальнікі». Бо пра іх «дзейнасць» у наваколлі чулі даўно: нехта прыязджае шукаць каштоўныя рэчы, нехта — зброю. Чалавечыя парэшткі для капальнікаў каштоўнасці не ўяўляюць, і іх пакідаюць на ўскрайках раскопаў — ямы закапаць ніхто не рупіцца…

Не звяроў трэба баяцца

Параіўшыся са сваякамі, Юрый Садкоў вырашыў: трэба звяртацца ў міліцыю. Па-першае, каб неадкладна навялі парадак і чалавечыя парэшткі не валяліся раскіданымі па лесе. Па-другое, каб не падумалі на мясцовых жыхароў, а шукалі тых, хто насамрэч вінаваты, кажа спадар Садкоў:

«Патэлефанавалі. Увечары прыехала міліцыя. Цёмна, а яны нават без ліхтарыкаў. Падсвечвалі сабе тэлефонамі. Жанчына, мабыць, следчая, усё мяне распытвала, якія звяры тут водзяцца. Ёй, напэўна, было страшнавата ісці ў лес. Але не звяроў трэба баяцца ў нашым лесе, а вось такіх „чорных капальнікаў!“ Міліцыянты зайшлі, паглядзелі, забралі некалькі костак і чарапоў ды паехалі. З тае пары прайшоў тыдзень, косці як ляжалі, так і ляжаць. Ямы не закапаныя. Прычым я бачу, у лесе ёсць не толькі раскапаныя месцы, а нібыта проста пазначаныя. Быццам нехта капнуў ды пакінуў — ці то металашукальнік нічога не паказаў, ці наадварот, паказаў, і гэтае месца пазначылі, каб пасля прыехаць».

Спадар Садкоў ведае, што ў гэтым самым лесе тры гады таму ўжо знаходзілі чалавечыя косткі. Тая гісторыя прыцягнула ўвагу віцебскіх актывістаў, якія пачалі збіраць сведчанні мясцовых жыхароў. Старажылы расказалі, што ў гэтым лесе ў 1938–1939 гадах расстрэльвалі людзей.

Аднак сведчанні мясцовых жыхароў ігнаруюцца, гаворыць віцебскі актывіст, стваральнік грамадскай ініцыятывы «Хайсы» Ян Дзяржаўцаў:

«Мы хацелі ўзяць удзел ва ўшанаванні памяці загінулых, а іх цішком пахавалі пад выглядам ахвяраў Вялікай Айчыннай вайны!

Мы стваралі ініцыятыву „Хайсы“, каб займацца ўшанаваннем памяці мірных людзей, загубленых у гэтым лесе. Спадзяваліся і на ўдзел дзяржаўных органаў, бо гэта ж нашы грамадзяне тут ляжаць… Аднак нашы звароты ў розныя структуры прывялі толькі да таго, што ад удзельнікаў ініцыятывы пачалі скрываць вынікі даследаванняў. Мы пісалі звароты ў міліцыю, у Следчы камітэт, але дагэтуль ня ведаем, куды падзелі некалькі костак і чарапоў, якія забралі з гэтага лесу. Мы настойвалі на выкліканні спецыяльнага батальёну для эксгумацыі і даследаванняў — і ня ведаем усіх высноў, зробленых вайсковым археолагам, бо нам паказалі толькі некалькі старонак. Мы хацелі ўзяць удзел у працы аргкамітэту ўшанавання памяці загінулых, а іх цішком ад нас пахавалі пад выглядам ахвяраў Вялікай Айчыннай вайны!»

Спадар Дзяржаўцаў даведаўся пра апошнія страшныя знаходкі ад мясцовых жыхароў. Абыякавасць уладаў, на думку актывіста, і прывяла да наяўных наступстваў. Знойдзеныя раней за пару кіламетраў адсюль парэшткі летась перапахавалі на брацкіх могілках каля чыгуначнай станцыі Лужасна. І больш у гэтым лесе ніякіх даследаванняў не праводзілася. Падобна, што міліцыю не турбуе і дзейнасць «чорных капальнікаў» у гэтых мясцінах.

Спадар Дзяржаўцаў часта прыгадвае словы археолага-даследчыка Мікалая Крывальцэвіча, якога пару гадоў таму запрашаў паглядзець на раскапаныя ямы з чалавечымі парэшткамі. Навуковец, які быў экспертам і спецыялістам-археолагам эксгумацыі курапацкіх пахаванняў, тады зазначыў: «Гэта вельмі падобна на тое, што мы бачылі ў Курапатах».

Аднак для мясцовых уладаў усе паралелі з Курапатамі гучаць як пагроза: яшчэ ў 2015 годзе старшыня Мазалаўскага сельсавету Леанід Дубіна сказаў, што ў яго няма грошай на помнікі загінулым у часы cталінскіх рэпрэсіяў. Які лёс чакае знойдзеныя цяпер парэшткі, пакуль няясна. Чалавечыя косткі ляжаць на жвіры каля раскапаных вандаламі ямін, і колькі яшчэ такіх раскопаў у лесе пад Хайсамі, дакладна ніхто не ведае.


svaboda.org


Дата стварэння навіны 07.04.2017

Возврат к списку