АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Мінздраў: карупцыя Курапаты Пенсійная рэформа ЧС-2018 Матулі 328:галадоўка Эканамічны крызіс Забойства Паўла Шарамета

Анатоль АЛАЙ: “Ніякай палітычнай кан’юнктуры тут няма”

Анатоль АЛАЙ: “Ніякай палітычнай кан’юнктуры тут няма”
01.04.2017
Вядомы рэжысёр Анатоль Алай атрымаў заказ на серыю дакументальных фільмаў пра тых, хто намінаваны на Дзяржпрэмію ў галіне літаратуры, мастацтва і архітэктуры.

Зрабіць кіно пра выдатных асоб Алаю даручыў А.Лукашэнка падчас нядаўняй сустрэчы з дзеячамі культуры і мастацтва ў Вялікім тэатры.

«НароднаяВоля» пацікавілася, ці прыняў Анатоль Алай прапанову прэзідэнта.

Здарылася так, што менавіта Анатолю Алаю давялося выслухаць моцную крытыку наконт таго, што за апошні час беларускія кінематаграфісты не здолелі стварыць такі фільм, на які народ валам валіў бы.

– Я сказаў, што магу адказваць толькі за дакументальнае кіно, – распавёў Анатоль Іванавіч “Народнай Волі”. – А ігравыя фільмы – гэта не да мяне.

Што тычыцца дакументальных стужак, дык не было ніводнага міжнароднага фестывалю, з якога мы не прывозілі б прызы!

Але я данёс да кіраўніка дзяржавы сваю думку наконт таго, што кіно павінны здымаць прафесіяналы. А сёння робіцца так: рэжысёр адзін фільм заваліў – яму даюць другі. Другі заваліў – здымай наступны. Ну і адкуль пры такім падыходзе шэдэўрам узяцца? Давайце заказы прафесіяналам і атрымаеце добрае кіно! І студэнты павінны круціцца каля прафесіяналаў – навучыліся б працаваць, была б пераемнасць. Тым больш старая кінематаграфічная школа ў нас вельмі моцная.

Прэзідэнт прапанаваў мне зрабіць фільм пра кожнага намінанта, і я пагадзіўся.

Днямі якраз быў у Міністэрстве культуры на сходзе, прысвечаным гэтаму пытанню. Намеснік міністра культуры Ірына Дрыга цікавілася, якія ў мяне ёсць меркаванні з гэтай нагоды. Я сказаў, што буду пісаць сцэнарыі фільмаў разам з журналістам Ігарам Асінскім. Мы ўжо, дарэчы, падрыхтавалі пашыраную заяўку.

Плануецца, што ўсяго будзе знята восем дакументальных стужак – пра кожнага з намінантаў. У гэтым годзе да снежня трэба зняць тры, і ў наступным годзе – яшчэ пяць. Думаю, у першую чаргу буду здымаць фільмы пра кампазітара Уладзіміра Кандрусевіча, пісьменніка Міхася Пазнякова і, можа быць, пра скульптара Генадзя Буралкіна.

Зараз ідзе ўзмоцненая распрацоўка сцэнарыяў, знаёмства з кожным намінантам. Рабіць фільмы трэба будзе хутка і якасна.

Шчыра кажучы, для мяне гэта ганарова. Ніякай палітычнай кан’юнктуры тут няма. Я быў сведкам, як Аляксандр Лукашэнка гаварыў Міхаілу Мясніковічу і дырэктару Вялікага тэатра Уладзіміру Грыдзюшку аб тым, што далёка не ўсе знаёмыя з творчасцю тых, хто намінаваны на Дзяржпрэмію ў галіне літаратуры, мастацтва і архітэктуры. Трэба расказваць пра гэтых людзей. І я згодны з такім падыходам. Я ўвогуле прыхільнік таго, каб як мага больш фільмаў здымалася пра выдатных беларусаў. І рады, што буду рабіць кіно пра тых, каго сапраўды паважаю.



ПАЙМЕННА

Хто сярод намінантаў?

Народныя артысты Анастасія Масквіна, Ніна Ламановіч, Сяргей Франкоўскі, заслужаныя артысты Аксана Волкава і Станіслаў Трыфанаў, мастак Аляксандр Касцючэнка выдвінуты на Дзяржпрэмію за значныя творчыя дасягненні ў развіцці музычнага мастацтва, прапаганду духоўных каштоўнасцяў і значны асабісты ўклад у пастаноўку опернага спектакля на музыку Дзмітрыя Смольскага “Сівая легенда” паводле аповесці Уладзіміра Караткевіча.

Кампазітар Уладзімір Кандрусевіч намінаваны на Дзяржпрэмію за значныя дасягненні ў галіне тэатральнага і музычнага мастацтва, стварэнне музыкі да балета «Мефіста» і мюзіклаў «Шклянка вады», «Джулія», «Соф’я Гальшанская», «Байкер».

За стварэнне серыі кніг і альбомаў пра жыццё і творчасць дзеячаў культуры і мастацтва Беларусі на Дзяржпрэмію прэтэндуе заслужаны дзеяч мастацтваў Барыс Крэпак.

Сябра Саюза пісьменнікаў Беларусі Міхаіл Пазнякоў намінаваны за стварэнне кніг для дзяцей «У родным краi», «Гульняслоў», «Серабрыстыя чайкi».

За стварэнне цыкла дакументальных фільмаў пра Вялікую Айчынную вайну намінаваны на Дзяржпрэмію заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі Анатоль Алай.

Заслужаны артыст Аляксандр Крамко, народны артыст Міхаіл Казінец і кампазітар Ларыса Сімаковіч вылучаны на Дзяржпрэмію за стварэнне канцэртаў-спектакляў тэтралогіі «Святое, незабыўнае...».

За стварэнне мемарыялаў і скульптурных груп памежнай тэматыкі ў перыяд з 2004-га па 2011 год на суісканне дзяржпрэміі вылучаны творчы калектыў у складзе скульптара Генадзя Буралкіна, скульптара-архітэктара Валянціна Занковіча і архітэктара Сталіна Федчанкі.

Пасмяротна намінаваны на Дзяржпрэмію народны артыст Беларусі Расціслаў Янкоўскі.



Дата стварэння навіны 01.04.2017

Возврат к списку

cashback